
У Берасці вясной працягнуць маляваць вершы класікаў на сценах, а аўтары ініцыятывы – актывісты АРР “Дзедзіч” – збіраюць сродкі і запрашаюць далучацца.
У канцы мінулага года ў Берасці з’явіліся тры муралы з вершамі беларускіх класікаў. На вуліцах Маякоўскага, Гогаля і Камсамольская прапісаліся творы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна і Ніны Мацяш. Акцыя рэалізоўвалася дзякуючы валанцёрскай ініцыятыве #vershybrest пры падтрымцы Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”.
Пасля стварэння трэцяга мурала стала зразумела, што ў берасцейцаў ёсць вялікая цікаўнасць да працягу ініцыятывы. Гарвыканкам даў згоду на працяг праекта і было вырашана, што ў горадзе можна стварыць яшчэ 17 такіх муралаў. Зараз аўтары праекта просяць дапамогі ў гараджан.
Чым можна дапамагчы
- Прапанаваць свае ідэі і пасля прагаласаваць за вершы, якія будуць напісаныя на сценах гарадскіх будынкаў. Дастаткова проста запоўніць форму.
- Калі ты мастак ці дызайнер, можаш прапанаваць сваю крэатыўнасць і досвед і папрацаваць над стварэннем вершаваных арт-аб’ектаў. Проста напішы нам на пошту [email protected] і мы звяжамся з табой.
- І самае галоўнае – актывістам патрэбна дапамога рублём. Сродкі патрэбны на фарбу, трафарэты (плотэрную рэзку) і працу мастакоў. Падтрымаць акцыю можна на MolaMola.by. Агульная сума, якая неабходна на стварэнне 17 муралаў, складае 3400 рублёў.
Як распавёў каардынатар акцыі, валанцёр АРР “Дзедзіч” Дзяніс Рабчук, ужо зараз ёсць 3 вершы(на фота ніжэй), для якіх быў створаны візуал і атрыманы дазвол гарадскіх уладаў.
– Як толькі мы збярэм патрэбную суму, а тэмпература паветра перавысіць 10 градусаў – пачнем нанясенне іх на сцены. Часткова абраныя і месцы для стварэння наступных муралаў. Запрашаем берасцейцаў актыўна выказвацца наконт таго, якія вершы варта размясціць, а мастакоў і графікаў – прапаноўваць візуал у любых формах: проста тэкст прыгожым шрыфтам, леттэрынг, графічны партрэт паэта ці нешта яшчэ. Таксама просім берасцейцаў падтрымаць нашу ініцыятыву фінансамі, – падзяліўся Дзяніс Рабчук.
Акцыя АРР “Дзедзіч” знайшла падтрымку старшыні берасцейскага гарвыканкаму Аляксандра Рагачука. Вялікую дапамогу ў выбары месцаў для малюнкаў і ў аператыўным выкананні неабходных адміністрацыйных працэдур і дазволаў аказалі галоўны архітэктар Берасця Мікалай Уласюк і кіраўнік аддзела ідэалогіі Генадзь Іванчын.
Па дадатковую інфармацыю можна звярнуцца да каардынатара акцыі Дзяніса Рабчука: +375 33 6557440.