
15 красавіка на музычных пляцоўках адбылася прэм’ера новага сольнага альбома Лявона Вольскага «Амерыка». Гэтым разам ён спявае пра прэрыі, вецер і каўбойскі капялюш.
Як і ўсе альбомы Вольскага апошняга часу, дыск быў запісаны ў Вільні з нарвежскім саўндпрадусарам Снорэ Бергерудам. Але гэта цалкам іншая праца, натхнёная амерыканскай музыкай 60-х і вэстэрнамі. Музычныя рэферэнсы гэтага альбома: The Byrds, Боб Дылан, Джоні Кэш, Creedence Clearwater Revival, The Beach Boys.
– Я з дзяцінства люблю вэстэрны, – прызнаецца Лявон Вольскі. – Гэтыя чырвоныя выпаленыя землі, населеныя суворымі шукальнікамі прыгодаў, драўляныя мястэчкі з салунам, касцёлам, банкам і, час ад часу, чыгуначнай станцыяй. Мужныя героі, асляпляльныя спадарожніцы, падступныя зламыснікі… Верны конь, паходнае вогнішча, дарожныя торбы… І хэпі-энд, ворагі глытаюць пыл, сілуэт героя павольна знікае на тле крывавага заходу сонца.
Чытай больш на racyja.com.