DzeЦікава & Ко

У Брэсце запускаюць конкурс па паляпшэнні горада. Самыя крутыя ідэі рэалізуюць да канца года

Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” запускае конкурс гарадскіх ідэй і пачынае збіраць заяўкі. Асаблівых крытэрыяў няма: галоўнае – жаданне палепшыць горад з дапамогай крутых ідэй і праектаў.

Нагадайце, што за конкурс?

Regeneration — конкурс гарадскіх ідэй ад каманды АРР «Дзедзіч». Мэта – абнавіць Брэст пасля пандэміі з дапамогай класных  ідэй ад гараджан. Сутнасць праекта:  месяц арганізатары збіраюць ад берасцейцаў прапановы па паляпшэнню горада. Гэта можа быць добраўпарадкаванне двара, фестываль, новая культурная прастора ці валанцёрская ініцыятыва.

Пасля гэтага адбіраюць 25 лепшых ідэй, аўтары якіх рыхтуюць паўнавартасныя праектныя заяўкі. На публічнай прэзентацыі аўтары 7-10 лепшых праектаў атрымаюць грошы і рэалізуюць свае ідэі ў верасні-лістападзе 2020 года з дапамогай спонсараў, гарадской улады і ментараў. Дарэчы, падаваць заяўку можна камандай ад 1 да 3 чалавек.

Толькі 7-10 праектаў? А чаму не больш?

Усё залежыць ад колькасці бізнес-партнёраў. Зараз конкурс вырашылі падтрымаць 7 спонсараў (пазней распавядзем пра іх). Прававое суправаджэнне конкурса ажыццящляе “Юрыдычнае бюро Алега Паніна”. Арганізатары працягваюць шукаць спонсараў і запрашаюць паўдзельнічаць у праекце. Пісаць/тэлефанаваць сюды: +375298010147 (Telegram, Viber).

Зразумела. А што будзе, калі мой праект патрапіць у 25 лепшых?

Крутыя трэнеры з Беларусі пазнаёмяць вас з асновамі праектнага менеджменту. Яны распавядуць, як крэатыўна падрыхтаваць сваю ідэю да публічнай прэзентацыі з дапамогай сучасных мультымедыйных сродкаў. Ну а пасля навучання вы пакажаце сваю прэзентацыю журы, куды ўвойдуць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, мясцовай улады, бізнесу і СМІ.

Атрымліваецца, чалавек падае ідэю, а яму даюць грошы на яе рэалізацыю?

Усё так. Калі праект трапляе ў дзесятку лепшых, яго рэалізоўваюць з дапамогай грошай спонсараў. Пры гэтым, каманда “Дзедзіча” чакае ідэі, у тым ліку і ад людзей, якія раней не былі звязаны з актывізмам. Гораду патрэбны свежыя ідэі і новы позірк на яго развіццё. Бюджэт праекта не павінен перавышаць 1000 рублёў.

Баяцца адказнасці не трэба. Навічкам будуць дапамагаць ментары з грамадскіх арганізацый. Улады дапамогуць узгадніць праект, а арганізатары падтрымаюць кансультацыяй.

Добра, а якія ідэі чакаюць?

Як мы ўжо сказалі, жорсткіх крытэрыяў для заявак няма. Нам не важны ваш узрост, вопыт, галоўнае – крутыя прапановы. Вось на якія тэмы можна падаваць заяўкі:

  •         Культура і мастацтва;
  •         Экалогія і ахова жывёл;
  •         Нефармальная адукацыя;
  •         Інфраструктура города і ўрбаністыка;
  •         Валанцёрства;
  •         Магчымасці для супольнасцей;
  •         IT.

А ў якім выглядзе дасылаць ідэі?

Форма заяўкі вельмі простая. Гэта папярэдні адбор, ад вас не чакаюць распісаных праектаў і прэзентацый. Галоўнае – выразна распісаць сваю крутую прапанову. Дэдлайн для заявак – 28 ліпеня.

Добра. А куды звяртацца за ўдакладненнямі?

Па ўсім пытанням звяртацца сюды: +375298010147 (Telegram, Viber), ці на пошту: [email protected]З тэкстам Палажэння аб конкурсе гарадскіх ідэй «Regeneration» можна азнаёміцца тут.

*  Усе мерапрыемствы ў рамках конкурсу гарадскіх ідэй “Regeneration” будуць праводзіцца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Пакінуць адказ