Грамадства

Грамадзянская супольнасць Берасцейшчыны за мірную перадачу ўлады

Зварот з такой назвай прапануюць адрасаваць берасцейскім уладам. Ён з’явіўся, як адказ на масавыя пратэсты супраць сфальшаваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і прапаноўвае шлях да вырашэння палітычнага крызісу ў краіне.
Зварот ужо падпісалі прадстаўнікі вядомых у Берасці палітычных і грамадскіх арганізацый. Аўтары звароту заклікаюць далучыцца да яго падпісання грамадскія арганізацыі, партыі, СМІ, камерцыйныя структуры Берасця. Падпісаць зварот можна праз гугл-форму.
Зварот адкрыты да падпісання да 16-00 панядзелку 17 жніўня. Пасля гэтага ён будзе перададзены ў Берасцейскія гар- і аблвыканкамы. Ініцыятарам звароту выступіла Брэсцкая абласная арганізацыя Партыі БНФ.

Мы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, партый, камерцыйных структур Берасця, канстатуем, што выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшлі са шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства. Сапраўдныя вынікі волевыяўлення грамадзян невядомыя. Мірныя пратэсты супраць сфальшаваных вынікаў выбараў выклікалі хвалю жорсткага, нематываванага гвалту з боку супрацоўнікаў МУС. У турмах і ізалятарах незаконна ўтрымліваюцца сотні нашых суайчыннікаў, сотні – звярнуліся па медычную дапамогу. Усё гэта непрымальна і не можна мець апраўдання!

Грунтуючыся на каштоўнасцях свабоды, дэмакратыі, роўнасці, вяршэнства права і правоў чалавека, павагі для чалавечай годнасці, з мэтай прадухілення далейшай дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, выключэння пагроз дзяржаўнаму суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, заклікаем гарадскія і абласныя ўлады да неадкладнага пачатку працэдуры мірнай перадачы паўнамоцтваў, стварэння ўмоў для правядзення новых дэмакратычных выбараў прэзідэнта і прадстаўнічых органаў ўлады ўсіх узроўняў пад кантролем грамадства.

Мы патрабуем:

1. Безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў, спынення ўсіх палітычна матываваных крымінальных спраў.
2. Арганізацыі мірных грамадскіх сходаў на цэнтральных плошчах Берасця і раённых гарадоў з мэтай пошуку і шырокага абмеркавання шляхоў выхаду з палітычнага крызісу, абрання прадстаўнікоў грамадскасці для перамоваў з мясцовай уладай і стварэння пераходных органаў кіравання.
3. Арганізацыі прамой трансляцыі з гэтых сходаў на рэгіянальных тэлеканалах.
4. Правядзення Круглага стала у Берасці, як і ў іншых рэгіёнах краіны і ў сталіцы, па вызначэнні працэдуры мірнай перадачы ўлады.
5. Стварэння на перыяд да фармавання новых законных органаў улады грамадска-палітычных радаў (пароўну з ліку членаў выканкамаў і абраных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці) з наступнымі паўнамоцтвамі:
– Ажыццяўленне функцый адпаведнага выканкама на ўвесь пераходны перыяд.
– Абвяшчэнне набору і фармаванне складу выбарчых камісій на новыя выбары прэзідэнта і прадстаўнічых органаў ўлады ўсіх узроўняў.
– У рамках распачатых крымінальных спраў кантроль за расследаваннем усіх выпадкаў гвалту ў дачыненні да мірных жыхароў.
– Арганізацыя працэдуры публічных выбачэнняў кіраўнікоў выбарчых камісій, супрацоўнікаў выканкамаў, МУС, адказных за парушэнне выбарчага заканадаўства, правоў і бяспекі грамадзян.
Да 16-00 панядзелку 17 жніўня можна далучыцца да заявы праз запаўненне дадзенай формы. Вечарам 17 жніўня падпісаная заява будзе перададзена ў Берасцейскія Гар- і Аблвыканкамы.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *