
Не паверыце, у што ўчора гулялі берасцейцы. Дзяніс Трацюк правёў гульню жывога дзеяння «Ці прайграеш» для удзельнікаў праекта “Мейсца”. На працягу двух гадзін удзельнікі збіралі ваўчары, выбіралі прэзідэнтаў і пракурораў, стваралі законы і перажывалі інфляцыю.
Так-так. Што за гульня такая?
Дзеянне гульні адбываецца ў 90-я. Асабістая мэта гульца – набраць як мага большую колькасць ваўчараў (гэта валюта такая). Мэта каманды – не даць ваўчарам знікнуць з рынку (гульня тады скончыцца). Гульня пачынаецца з 1991 года. Кожны год суправаджаецца законамі або новымі правіламі. Спачатку гульцы абмяркоўваюць свае дзеянні, а пасля прыватызуюць ваўчары.
Усё ішло мерна, пакуль ў 1994 годзе не адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары. Пасля іх у гульні з’явіўся пракурор, памочнік прэзідэнта і сакратар. Пракурор мог пасадзіць любога з удзельнікаў (але не зрабіў гэтага), а прэзідэнт выдаваць законы.


Далей – больш. Падчас гульні з’явілася апазіцыя, якая ледзь не задумала рэвалюцыю. Усё гэта суправаджалася інфляцыяй і абвалам ваўчараў. За час гульні ўдзельнікі змянілі трох прэзідэнтаў, двух пракурораў і абралі лідэра апазіцыі. Але нікога не пасадзілі.
У чым сутнасць гульні?
Па-першае, добра правесці час. Гульня паказала, на што здольны чалавек нават пры ўяўных паўнамоцтвах. Па сутнасці, гэта выйшаў сацыяльны эксперымент, бо чалавеку трэба было клапаціцца не толькі аб сваім ўзбагачэнні, але і не абваліць рынак ваўчараў, каб дайсці да канца. Гульня скончылася пачаткам нулявых і абяцаннем паўтарыць яе на свежым паветры.

Арганізатар праекта “Мейсца” – Культурна-асветніцкая ўстанова “Брэсцкі Аазіс”. Інфармацыйная і метадычная падтрымка: “Агенцтва рэгіянальнага развіцця” Дзедзіч “.