
У сераду актывісты суполак “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і “Animal help” распавядуць, як можна абараняць правы птушак і іншых жывёл. Спасылка на эфір.
У жывым эфіры каардынатар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” па Брэсцкай і Гомельскай абласцям Аляксандр Сербун і дырэктарка зоаабарончага руху “Animal help” у Берасці Ірына Амельянчук пагавораць пра дапамогу беларускім птушкам і бяздомным жывёлам.
Цікава! А можна падрабязней?
З надыходам вясны многія птушкі вяртаюцца на гнездаванне ў Беларусь. Але адначасова пачынаецца і сезон палявання на некаторыя віды. Грамадская арганізацыя “АПБ” – гэта не толькі пра назіранне за птушкамі, але і пра дапамогу ім. Каардынатар “АПБ” па Брэсцкай і Гомельскай абласцям Аляксандр Сербун патлумачыць, чым насамрэч можна падкормліваць лебядзёў на Набярэжнай, як можна далучыцца да прыродаахоўных праектаў і дзе ў Берасці можна пабачыць саву.
Зоаабарончы рух “Animal help” – гэта пра ратаванне бяздомных сабак і коцікаў. Заснавальніца Ірына Амельянчук распавядзе, чым можна дапамагаць суполцы, калі вы не можаце забраць жывёлу да сябе ў дом. “Animal help” пазіцыянуе сябе як рух па абароне правоў жывёлаў, якія не могуць самастойна пастаяць за сябе.
Эфір пройдзе ў сераду, 7 красавіка, а 18:30.
Нагадайце, што за праект
Першы сезон праекта «Нету места» складаўся з серыі падкастаў з цікавымі спікерамі, а другі сезон выходзіць у відэафармаце на YouTube і аўдыёпадкастамі на ўсіх платформах. «Нету места» разлічаны на маладых берасцейцаў, у якіх гараць вочы на самаразвіццё і навучанне. Усяго запланавана 16 анлайн-сустрэч. У кожным выпуску ўдзельнічаюць тры чалавекі: вядучы і два госця: эксперт і прадстаўнік адной з НДА горада.
Рабяты ўжо правялі 11 эфіраў, якія можна паглядзець у запісу на YouTube-канале Dzedzich Brest. Сярод абмеркаваных тэмаў: псіхалогія, медыя, урбаністыка, экалогія, беларуская мова і літаратура, бодзіпазітыў і актыўнае бацькоўства, гісторыя БНР і стратэгія “разумнага горада”. У апошнім эфіры госці размаўлялі пра вандроўкі і раілі, якія мясціны ў Беларусі цікава наведаць і ў якія краіны можна паляцець зараз.