Categories: Грамадства

Французскія спатканні ў Беларускім Берасці

Вясна – час рамантыкі, прагулак, кавы на летніх тэрасах, і, вядома, спатканняў.

Любую сустрэчу можна зрабіць крышачку лепш, запрасіўшы чалавека ў цікавае і небанальнае месца. Тым больш, Берасце – горад вялікі і разнапланавы, а таму і месцаў такіх тут дастаткова.

Наша каманда сабрала для вас гайд па самых цікавых і небанальных месцах Берасця, у якіх можна разам правесці час, змяніць звыклую абстаноўку ці здзівіць імі сваю другую палову. А так як у нашага Берасця ёсць цёзка ў Францыі – то і гайд па рамантычных месцах мы прапануем зрабіць у французскім стылі.

А каб было зусім цікава, дорым ідэю – дадайце ў гэтае спатканне французскіх нот: няхай гэта будзе проста круасан на сняданак з «Параграфа», паход на лекцыю пра мастакоў Парыжскай школы ад Арт-салону, або французскія лікёры «Куантро» і «Бенедыкцін» у «Алхіміі».

Наогул, Берасце беларускі нічым не саступае Брэсту французскаму: паркі, музеі, тэатры, кавярні для доўгіх сняданкаў і рамантычных вячэр – выбірай, куды запрасіць дарагога чалавека.

Сняданак і кава

Пачаць гэты дзень ўдваіх можна з прыгожага сняданку або кубка кавы ў прыемным месцы. Такая раніца дакладна задасць патрэбны настрой ўсяму астатняму дню.

Выдатныя сняданкі з добрай кавай падаюць у Times Cafe (Савецкая, 30): кашы, свежанькія круасаны, тосты і яйкі, прыгатаваныя усімі магчымымі спосабамі, – усё гэта пад стылёвую музыку і ў прыемным інтэр’еры. Чым не сняданак у стылі Францыі?  “Фішка” рэстарацыі – ідэальны сэрвіс ад лепшых афіцыянтаў у горадзе ды аўтарская кухня.

Яшчэ адно класнае месца для сняданку, якое так любяць гараджане – рэстарацыя Bloom – тут сама назва кажа за сябе, бо з французскага гэтае слова перакладаецца як «квітнець». А паспрабаваць тут можна вось што: легендарныя сырнікі з фермерскага тварагу, аўсянку з мусам з белых грыбоў, яйкам пашот і пармезанам, а таксама шырокі выбар сэтаў на сняданак: ангельскі, атлантычны і нават сняданак у Кападокіі – для тых, хто засумаваў па гарачай Турцыі, дэсерты і іншыя ідэальныя для раніцы (ды і не толькі для раніцы) стравы. Кафэ вельмі ўтульнае, а таму і вельмі папулярнае, так што раім забраніраваць стол загадзя.

Французскі сняданак для ласуноў чакае ў кавярні Cafes la Brasilena. Толькі прафітролі з карамеллю і ваніллю чаго вартыя! Для тых, хто да салодкага абыякавы, адразу за вуглом вас ветліва сустрэне веган-кафэ «Сарай», і абавязкова пачастуе тостамі з авакада і вяленымі таматамі.

Шпацыр па горадзе

Прайсціся па горадзе ўдваіх прыемна заўсёды, асабліва, калі адказна падысці да складання маршруту і загадзя выбраць ціхія і маляўнічыя месцы.

Мабыць, самая рамантычная лакацыя – экасцежка “Соі”, што побач з крэпасцю. Тут і сама рака максімальна прыгожая, і добраўпарадкавана для доўгіх праменадаў, і лакацыі што трэба.

А калі вам хочацца не толькі пабыць сам-насам, але і ўбачыць Берасце з нетыповага боку – прагуляйцеся па Старой прыстані да самага канца драўлянай набярэжнай. Наша каманда па сакрэце раіць рабіць гэта ў вячэрні час. Менавіта тады вы зможаце ўбачыць агні начнога горада з вады.

Прыгожая і вельмі падыходная для спатканняў лакацыя з пагружэннем у разнастайны свет флоры – гэта, вядома ж, Батанічны сад. Што зможаце тут паглядзець, залежыць ад сезону. Увесну і ўлетку ў садзе квітнеюць то рададэндран, то яшчэ якія-небудзь выдатныя расліны. А позняй восенню і зімой, па-першае, можна шпацыраваць па алеях вечназялёных дрэў, а па-другое, зайсці ў крытую аранжарэю: там дзіўныя расліны тропікаў, саван, пустыняў і іншых далёкіх мясцовасцяў. Ідэальнае месца, каб ціхенька наспяваць на вушка любімаму чалавеку  “хочаш салодкіх апельсінаў?”.

Культурная праграма

Дзе ж яшчэ, як не на спатканнях, бліскаць розумам і выдаваць цікавыя факты пра мастацтва, звяртаючыся то да любімых арт-хаусных рэжысёраў, то да мастакоў Парыжскай школы?

Вядома, Берасце поўны музеямі, дзе можна бясконца захапляцца мастацтвам. Аднак, мы раім вам адысці ад звыклага і наведаць лекцыі пра мастацтва, якія кожныя 2-3 месяцы праходзяць у студыі дызайну Boont, або арт-сняданкі і вячэры ад студыі Dolce Arte. Чым вам не французскі кантэкст?

А калі вы абодва творчыя, то вам на арт-спатканні ў студыю мастацтва «Клякса» – дзяўчаты-стваральніцы студыі падбяруць карціну для вас. І ў стылі Парыжа або Версалю – таксама.

Яшчэ адна забаўка для сумеснага далучэння да высокіх матэрый – паход на спектакль у Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы. І раз ужо тэма спатканняў – Францыя, мы горача раім вам вольную інтэрпрэтацыю на тэму «Ката ў ботах» Шарля Перо ад выдатнага рэжысёра-пастаноўшчыка Дзяніса Фёдарава. А для тых, хто пастановам аддае перавагу музыцы, ў тэатры штомесяц праходзяць канцэрты сімфанічнага аркестру.

Вечар

Самая прыемная частка дня, калі пасля доўгіх шпацыраў, паходаў па музеях і кіно можна нарэшце засесці ўдваіх у якім-небудзь прыемным месцы, павячэраць і пагутарыць. Галоўнае, не забыцца зарэзерваваць стол загадзя, каб абыйшлося без непрыемных сюрпрызаў.

Мы горача раім “Алхімію” з яе шырокім выбарам французскіх вінаў і выдатнай кухняй. Паштэт з качынай печані з багетам і абрыкосавым джэмам – і ты ўжо як быццам не ў Берасці, а ў сапраўдным парыжскім кафэ.

А ў бары “РобРой” можна прадэгуставаць кактэйль з ядлоўца з вельмі французскай назвай Juniper Paloma, а дапоўніць гэты кактэйль можна іх фірмовымі брускеттамі з цукіні. Чым не Францыя?

На прыканцы вечара рэкамендуем зазірнуць у “Дом 31“, каб выбраць кактэйль на літаратурную тэматыку. Як наконт таго, каб выпіць што-небудзь з Дзюма, Экзюперы або Стэндаля?

Ну што, ідзем з вамі на шпацыр па французскім Берасці ў Беларусі?

Darya

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago