Кожны дзень мы ходзім з вамі па вуліцах Берасця, і, часцей за ўсё, не заўважаем тое, што знаходзіцца проста навокал нас. А паглядзець у Берасці і рэгіёне ёсць на што! Наша каманда сабрала для вас невялікі гайд па архітэктурным стылі горада і рэгіёна а заадно пакажам вам лепшыя прыклады архетыктурных стыляў, якія захаваліся па сённяшні дзень.
І пачнём мы з яскравага прыкладу беларускай готыкі, якая знаходзіцца зусім побач з Берасцем.
Готыка
Беларуская готыка з’яўляецца значна пазней заходне- і Цэнтральна-Еўрапейскай. Калі ў астатняй Еўропе раманскі стыль вымушаны быў пацясніцца яшчэ ў XI-XII стагоддзях, то да беларускіх тэрыторый гатычная эстэтыка дабралася толькі ў стагоддзях XV–XVI. І нават нягледзячы на тое, што беларуская готыка спазнялася, а значыць, магла грунтоўна пераняць усе інжынерныя прыёмы і архітэктурныя тэхнікі з Захаду, яна заставалася вельмі самабытнай.
Траецкі касцёл у Чарнаўчыцах
Гэты храм-крэпасць, што знаходзіцца непадалёк ад Берасця, запамінаецца строгай геаметрыяй дзвюх формаў, якую падкрэслівае асляпляльная беласць фасадаў. “Трохкутны” храм з двухсхільным дахам суседнічае тут з асобна стаячый “квадратнай” званіцай. З гатычнага адразу адзначым масіўныя сцены з кантрфорсамі, высокі дах з стромкімі пахіламі і вузкія вокны. Для гатычнай архітэктуры Беларусі характэрныя альбо стральчатыя ваконныя праёмы (якія заканчваюцца вострым вуглом), альбо, як у касцёла ў Чарнаўчыцах, паўцыркульныя – прамавугольныя, выцягнутыя ўверх, з паўкруглым завяршэннем. Пры гэтым спецыфічныя для готыкі менавіта стральчатыя вокны-паўкружжа вы ўбачыце і на архітэктурных помніках эпохі Рэнесансу.
Унутры храма звярніце ўвагу на рознакаляровыя скульптуры ў алтары і нішах – гэта яскравы штрых да яшчэ аднаго стылю – барока.
Барока
Гэты стыль можна горача любіць і ім захапляцца, гэты стыль можна крытыкаваць і востра недалюбліваць, але заставацца да яго абыякавым – вось што па-сапраўднаму складана. Так было чатырыста гадоў таму і так ёсць сёння. Барока кранае кожнага і кожную, бо яго творцы рабілі ўсё магчымае, каб нас ўразіць.
Капліца на тэрыторыі сядзібы Кужанецкіх, в. Дубае
Яскравы прыклад стылю Барока ў архітэктуры. Першапачаткова ў Дубойскім маёнтку езуіты вырашылі зрабіць летнюю рэзідэнцыю. У Старым замку Полазаў быў уладкаваны дзіцячы прытулак для сірот, непадалёк пабудаваны першы касцёл-капліца. Неўзабаве з’явілася і дваровая капліца ў стылі барока, якая пазней стала касцёлам Св. Крыжа. На тэрыторыі пачалі разбіваць парк з цяпліцай і аранжарэяй.
Капліца захавалася да нашых часоў. Архітэктурны васьмігранны аб’ём, складанасць абломаў, вуглавое мацаванне пілястрамі,
шлемападобнае фігурнае завяршэнне з гранёным ліхтаром – усё гэта надае капліцы барочную пластычнасць. Фрэскавыя роспісы ўпрыгожваюць інтэр’ер.
Канструктывізм
У пачатку ХХ стагоддзя светапарадак істотна змяніўся з прычыны Першай сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі, актыўнага працоўнага руху і шматлікіх лакальных канфліктаў. Мадэрн з яго любоўю да упрыгожвання відавочна не мог дапамагчы ў справе адбудоўвання пабітых вайной гарадоў. Роўна як і неакласіцызм не мог закрыць патрэбы супольнасцяў, у якіх буйна прарасталі ідэі камунізму – з уласцівым яму пераглядам сацыяльных роляў, нацэленасцю на прагматыку. Так на змену даваеннай эклектыцы прыйшоў прагматычны канструктывізм.
Кірха на сучаснай вуліцы Карла Маркса
Мабыць, самы незвычайны прыклад берасцейскага канструктывізму – Кірха на сучаснай вуліцы Карла Маркса. Яе пабудавалі ў 1938 годзе для евангелісцка-аўгсбургскай абшчыны горада з 198 вернікаў. У савецкі час тут працаваў кінатэатр “Змена”, а цяпер будынак займае рэкламная агенцыя.
“Берасцейскі канструктывізм” – так у нашым горадзе называюць архітэктуру, пабудаваную тут у 1920-30-х гадах. Спецыялісты адносяць яе да агульнаеўрапейскага стылю мадэрнізму, які, у свой час, адмовіўся ад старых традыцый.Гэты стыль ўключае ў сябе функцыяналізм, канструктывізм, манументалізм і іншыя стылістычныя напрамкі.
У Берасці яго можна пазнаць па некалькіх характэрных рысах. Гэта выкарыстанне простых кубічных формаў, пераменная вышыня будынкаў, істужачныя вокны і плоскія дахі.
У канструктывісцкім духу берасцейцы будавалі не толькі жылыя дамы. Храмы, адміністрацыйныя будынкі, установы аховы здароўя і адукацыі – новы стыль удала ўпісаўся ў гарадскую тканіну. Да прыкладу, амаль увесь паўднёва-заходні бок галоўнай гарадской плошчы-запар помнікі эпохі 1920-30-х.
Мадэрн
У завяршэнне артыкула мы разгледзім забудову канца XIX-пачатку ХХ стагоддзя ў стылі мадэрн.
Перайманне старых формаў готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму на працягу ўсяго XIX стагоддзя прывяло архітэктараў у тупік. Наспела неабходнасць выпрацаваць новую мастацкую мову, і ў 80-х гадах гэтым актыўна заняліся па ўсёй Еўропе. Рух, які ставіў сваёй мэтай выпрацоўку новага стылю на мяжы XIX–XX стагоддзяў атрымаў назву «Мадэрн».
Дом-аптэка Грынберга
Цяпер тут знаходзіцца аптэка № 3, пры якой працуе невялікі пакой-музей аптэчнай справы. Цікава, што з самага пачатку гісторыя гэтага дома звязаная з фармацэўтычнай справай – першы паверх праектаваўся пад аптэку, і колькі ні змянялася ўлада, у будынку заўсёды гандлявалі лекамі.
Жонка архітэктара Саламона Грынберга Фаіна была адной з першых жанчын-правізараў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю: яна вучылася ў Кіеўскім медуніверсітэце. Уласна, для сваёй сям’і і справы Грынберг і спраектаваў гэты трохпавярховік ў 1923 годзе.
Самы цікавы канструктыўны элемент тут – эркер. Акрамя таго, што эркеры «нарошчвалі» жылыя метры ў будынку, для архітэктараў эпохі мадэрна гэта быў яшчэ і спосаб пазбегнуць манатоннасці і прадказальнасці – уласцівасцяў, ад якіх так далёкая заканадаўца стылю – прырода.