Грамадства

Частуемся “на раёне” – пяць кафэ Берасця не ў цэнтры, за якія нам не сорамна.

У жыхароў Берасця дагэтуль ёсць звычка ездзіць адпачываць з раёнаў «у цэнтр». Але наша каманда перакананая: “спальнікі” толькі для таго, каб спаць – гэта міф, навеяны часамі Савецкага Саюза. Нашы “спальнікі” развіваюцца, растуць, там з’яўляюцца кропкі цікавасці і цэнтры прыцягнення.

У кожным раёне Берасця ёсць што паглядзець і куды схадзіць. Чаму б не сумясціць культурны адпачынак з ланчам ва ўтульным кафэ?

Мы выбралі пяць цікавых кафэ “на раёне”, на якія варта звярнуць увагу.

 

 

Кавярня “Pro_Vostok” на вуліцы Савецкай Канстытуцыі, 30, як увасабленне ўсяго Усходу: такая ж утульная, напоўненая старымі рэчамі, добрымі людзьмі і нечаканымі сустрэчамі.

 

Кожны дзень мясцовыя барыста там вараць свежую каву для жыхароў Усходу, пякуць неверагодныя хачапуры, і зусім хутка запусцяць сезоннае летняе меню! Гэта месца сапраўды вартае таго, каб прыехаць туды з цэтру, а не наадварот. Кавярня dog-friendly і яе заснавальнікі вельмі рады вашым чацвераногім сябрам.

Для аматараў кніг у іх ёсць Палічка буккросінгу. А яшчэ яны абяцаюць, што павесяць праектар. Спадзяемся, зусім хутка мы зможам атрымліваць асалоду ад кінапраглядаў у гэтай новай утульнай прасторы.

 

Кафэ-піцэрыя “PaPi” на вуліцы Рабінавая 1A – смачнае сямейнае кафэ на Вульцы.

Гэта кафэ можа парадаваць фірмовымі неапалітанскімі піцамі, італьянскімі пастамі, ланчамі ў буднія дні і майстар-класамі па прыгатаванню піцы для дзяцей.

Так што ўтульнае і смачнае сямейнае месца ні ў чым не саступае піцэрыям у цэнтры, а ў чымсьці іх нават пераўзыходзіць.

Фудтрак “Tochka” на той жа Вульцы пакуль яшчэ не абзавёўся сваімі сацсеткамі, але ўжо абзавёўся сваімі пастаяннымі наведвальнікамі.

 

Наша каманда не выключэнне: наша сэрца растала пры адным поглядзе на падвойны гамбургер. Берасце не распешчанае стрыт-фудам і гэтая культура развітая ў нас слаба, у адрозненні ад таго ж Мінска, з іх «Пясочніцай» і «Вуліцай Ежай». Фудтрак “Z’em” што стаяў ля будынка “Кансервы” не вярнуўся з зімовых “канікул”, і мы накіраваліся на пошукі прыдатнага стрыт-фуда. І вось, “на раёне”, па вуліцы Вулькаўская 120А знайшлі гэта шчасце для вачэй і страўніка. Ветлівыя барадатыя хлопцы-кухары, свежыя прадукты і вайб пляжных кафэ – вось, што чакае вас. І найсмачнейшыя бургеры, вядома.

 

І яшчэ адзін фургон са смачнай ежай – “дачка” бара “PitaBar”, што на Савецкай. “SunnyPita” знаходзіцца на Кіеўцы і радуе яе жыхароў вулічным меню.

Тут можна знайсці і ўжо звыклыя піты, шавермы і сэндвічы, і спецыяльныя прапановы ў стылі стрыт-фуда: хот-догі, шаверма без лаваша – такі своеасаблівы салат для прыхільнікаў здаровага харцавання. А зімой у фуд-траку дзейнічала крутая спецпрапанова: да замовы вы бескаштоўна атрымлівалі шклянку сагравальнага булёну. Ці гэта не шчасце? Шукайце яго па адрасе Войкава 79. Вы дакладна не прапусціце гэта ярка-жоўты цуд. Галоўны арыенцір – крама “На балоце”.

Кафэ, за якое нам дакладна не сорамна: «Клуб 11:11» на Дуброўцы.

Прызнавайцеся: хто хоць раз адзначаў тут вяселле, юбілей альбо карпаратыў? Уладальнікі кафэ не толькі спецыялісты па смачнай ежы высокай якасці, але яшчэ і прызёры не аднаго «Гастрафэсту». Сюды не проста не сорамна паклікаць на спатканне і на дзелавую сустрэчу. Тут усё для гэтага:  ёсць залі розных памераў, а ў калідорах вы зможаце ўбачыць экспазіцыі мясцовых мастакоў і не толькі.

Дзеля гэтага варта паехаць на самую ўскраіну Берасця, ці не так?

 

 

Пакінуць адказ