DzeЦікава & Ко

Надзвычайны дзень народзінаў

Вакол ёсць шмат файных мастакоў і мастачак, розных творчых і неабыякавых людзей. А ёсць зорачкі, якія міргаюць у жыцці, усміхаюцца і ад іх вее шчырай і пяшчотнай цеплынёй. Менавіта такая наша гераіня, спадарыня Вольга Данілюк – таленавітая мастачка, ілюстратарка, рамесніца.


Калі паглядзець на яе працы, то здаецца, што яна ўмее ўсё: і амаль жывыя малюнкі, і ўпрыгожванні з дрэва, і нават лялькі з падабенствам да сваіх герояў. І кожная з яе прац дыхае жывым агеньчыкам, а сама Вольга ўкладае ў кожны свой маленькі шэдэўр сваю пяшчоту і дабрыню.


Мара ў Вольгі незвычайная: стварыць нешта ўнікальнае для дзяцей нашага горада. А лепш нават усёй краіны!


Вольга – таленавітая ілюстратарка. А з не меньш таленавітай дзіцячай пісьменніцай Надзеяй Ясмінскай, яна была знаёма даўно. Калісьці Вольга ілюстравала яе кніжку “Мурмурзік“. Прынамсі Вольга прапанавала ёй ідэю напісання і выдання казкі для дзяцей на беларускай мове і супрацоўніцтва пачалося. У Надзеі на прыкмеце ўжо была «вольная» казка, якая ўпрыканцы з’явілася пад назвай “Надзвычайны дзень народзінаў“.



Пасля вёрсткі і друку кнігу можна будзе пабачыць у кавярнях Берасця. Любая маці зможа прачытаць гэту добрую казку свайму дзіцяці.

Больш таго, аматары з “Кніжнага Возу” – сэрвіса па агучцы беларускіх дзіцячых кніг – лёгка пагадзіліся запісаць і агучыць гэтую кнігу. А пазней – анансаваць яе на сайце і ў сацсетках. Цяпер кнігу можна не толькі прачытаць фізічна ў Берасці, але і паслухаць яе з любой кропкі свету!

Вольга не проста мастачка-акварэлістка. Яе працы ўжо можна пабачыць у музеях горада. Час ад часу яна дае майстар-класы для берасцейцаў. А яшчэ прымала ўдзел у праекце “ЖыШы” у якасці эксперта, дзе ўдзельнікі вучыліся пісьменніцкаму і ілюстратарскаму майстэрству. Пад кіраўніцтвам Волі людзі вучыліся ілюстраваць дзіцячыя казкі.

Планаў на будучыню шмат. Маляваць, ілюстраваць, ствараць! І рэалізоўваць самыя смелыя свае фантазіі, вядома!

Спампаваць і прачытаць казку ў фармаце PDF можна тут.

 

Пакінуць адказ