Усход
Большасць мікрараёнаў Берасця былі ў мінулым вёскамі і найбліжэйшымі пасёлкамі, але Усход першапачаткова будаваўся як паўнавартасная частка горада, як раён. У 1966 годзе інстытутам “Белдзяржпраект” быў распрацаваны праект планіроўкі. Забудова пачалася праз год і ўяўляла сабой 7 мікрараёнаў з адным гандлёвым цэнтрам. З 1981 года тут ходзяць тралейбусы, якія звязваюць гэты раён з цэнтрам горада.
Транспартная сетка гэтага раёна вельмі разнастайная, але ўсё ж камфортнае перамяшчэнне з цэнтра на ўсход і наадварот забяспечваюць галоўным чынам тралейбусы. Вядома, ёсць у Берасці тралейбусы, якія далёка не новыя, але ўсё роўна гэта не перашкаджае ім хутка дастаўляць пасажыраў у розныя пункты горада. Асабліва глыбокім вечарам, калі аўтобусы ды маршруткі ходзяць вельмі рэдка, а то і наогул спыняюць свой рух, тралейбусы вельмі дапамагаюць моладзі, якой хочацца пагуляць у цэнтры як мага даўжэй.
Раён вялікі, таму месцаў для самага рознага дасугу таксама шмат. Пачнем з самага банальнага, а менавіта з устаноў грамадскага харчавання. Як страўніку, так і кашальку тут ёсць дзе разгуляцца. З кафэ варта адзначыць “Параграф”, “Карыцу” і “ПроВосток”, які адкрыўся ў гэтым годзе. Для аматараў прыгожага, нават з шыкам, адпачынку ёсць рэстаран-караоке “Жэмчуг” у вельмі маляўнічым месцы на беразе Мухаўца.
Калі казаць пра актыўны адпачынак, то тут таксама выбар ёсць: спартзаля «Графіт» на вуліцы Арлоўскай. Фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам і тэніснымі кортамі. А для аматараў спорту на свежым паветры – недалёка ад ФАКа – адкрытая спартыўная пляцоўка з турнікамі і брусамі.
Што ж тычыцца дзяцей і іх бацькоў, то тут справы ідуць не так весела. У старой частцы Усходу дзіцячыя пляцоўкі выклікаюць толькі самыя змрочныя думкі. Але ўсюды ёсць і свае выключэнні: нават на Савецкай Канстытуцыі ёсць адносна новыя і добрыя месцы для дзіцячага вольнага часу. Школ і дзіцячых садкоў тут не шмат і не мала. Дзіцячыя сады ў адносна новай частцы раёна выглядаюць даволі прэзентабельна.
Кіеўка
Мікрараён Кіеўка атрымаў такую назву з-за прыгарада, які ўтварыўся падчас будаўніцтва чыгункі на ўсходзе Брэст-Літоўска, якое завяршылася ў 1873 годзе. Такім чынам з’явіліся цягнікі, якія ездзілі ў напрамку Брэст–Ковель–Кіеў. Гэта і паспрыяла назве новага прадмесця – Кіеўскай Слабады, ці проста Кіеўкі.
Самі жыхары Кіеўкі любяць жартаваць, што іх раён – «вёска ў цэнтры горада». І не дзіўна, бо тут вельмі шмат старых дамоў, і амаль усе жыхары трымаюць невялікую гаспадарку. Калі пасёлак Кіеўка толькі пачынаў існаваць, тут будавалі баракі і часовыя памяшканні для жылля, у якіх жылі рабочыя і служачыя чыгункі, а таксама рамеснікі і дробныя гандляры. А вось дамы сядзібнага тыпу з’явіліся пазней. Самы характэрны будынак Кіеўкі дарэвалюцыйнай эпохі – старцыя вакзала Брэст-Палескі. Пры станцыі раней працавала чыгуначнае вучылішча. Таксама функцыянавала два невялікіх рамесных прадпрыемствы: грабеньчыкавае ім.Глейзера і каўбаснае ім. Радзевіча.
Калісьці на Кіеўцы на вуліцы Пушкінскай знаходзіўся квартал двухпавярховых драўляных дамоў, які пабудавала ў 1920-х для збяднелых іудзейскіх сем’яў Брэст-Літоўска дабрачынная арганізацыя «Джойнт». Яго назвалі калоніяй Варбурга, у гонар банкіра Фелікса Морыца Варбурга, які вылучыў грошы на будаўніцтва дамоў. Аднак гэтыя гістарычныя помнікі не захаваліся: цяпер на іх месцы размешчаны супермаркет “Mart Inn” і інтэрнат БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Старая частка Кіеўкі размяшчаецца паміж чыгункай і сучаснай вуліцай Сікорскага – гэта прыблізна чвэрць усёй тэрыторыі раёна. У 1987 годзе Кіеўку аднеслі да Маскоўскага раёна горада. Сёння межы Кіеўкі даволі размытыя: часам вуліца пачынаецца ў адным раёне, а заканчваецца ў іншым. Як вуліца Пушкінская, якая ад чыгуначнага пераезду да перасячэння з вуліцай Скрыпнікава адносіцца да Кіеўкі.
У раёне ёсць толькі адзін вялікі супермаркет “Mart Inn” на вуліцы Пушкінскай. Крама з сімвалічнай назвай – “На балоце” ратуе жыхароў ад “дэфіцыту” і прываблівае ўсіх паўночных жыхароў цэнтра, у якім, як ні дзіўна, няма ніводнай кругласутачнай крамы.
Кавалёўка
Назва вёскі Кавалёва паходзіць ад рамяства, няцяжка здагадацца, якім займаліся мясцовыя жыхары – Кавалі. Калісьці Кавалёва было невялікім фальваркам Камянец-Жыровіцкай воласці Брэсцкага павета. У пачатку XX стагоддзя гэты маёнтак быў набыты ваенным ведамствам пад будаўніцтва казармаў гарнізона Брэсцкай крэпасці, а затым форта другой лініі абароны. З 1940 г. пасёлак, дзе жылі вайскоўцы, уваходзіў у склад Пугачэўскага, з 1954 г. — Гершонскага сельсаветаў Брэсцкага раёна. 31 сакавіка 1958 г. вёска Кавалёва стала часткай горада, у 1978 г. яе аднеслі да Маскоўскага раёну.
Транспарт з гэтага мікрараёна ў іншыя ходзіць значна лепш, чым у большасці мікрараёнах Берасця. Пашанцавала мясцовым жыхарам таму, што тут, акрамя аўтобусаў і маршрутных таксі, ходзяць яшчэ і тралейбусы.
У гэтым раёне вы ніколі не застанецеся без прадуктаў. Тут знаходзяцца цэлых два вялікіх “Еўраопта”, “Прадтавары”, супермаркет гэтай жа кампаніі “Мікс”. Ды і без грамадскага харчавання таксама – менавіта тут пабудавалі пару гадоў таму “Макдональдс”. А калі вы не прыхільнік бургераў – можна ўзяць піцу брэнда “Dominos”.
Кавалеўку можна назваць прыкладам, на які варта раўняцца, калі казаць аб актыўным адпачынку і здаровым ладзе жыцця. Тут знаходзіцца Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву, дзе можа пакатацца на кані і навучыцца коннай справе, напэўна, любы жадаючы. А яшчэ ў гэтым раёне знаходзіцца вяслярны канал, якім ганарыцца не толькі ўвесь горад, але і ўся краіна. Тут можна і займацца плаваннем, і веславаннем. Шмат людзей любяць прыйсці сюды раніцай на прабежку. Калі на сваіх дваіх перасоўвацца не хочацца – можна ўзяць напракат ровар або ролікавыя канькі і аб’ехаць увесь вяслярны канал.
Вялікай і актуальнай праблемай Кавалеўкі была і застаецца адсутнасць уласнай паліклінікі. Але тут ёсць невялікая дзіцячая паліклініка, якая на першы погляд вельмі падобная на звычайны жылы дом. Што датычыцца ўстаноў адукацыі і дашкольных устаноў, то іх тут значна больш, чым у большасці раёнаў Берасця. Аднак многія скардзяцца на іх недахоп.
Затое Кавалёва можа пахваліцца сваімі дарогамі і нават пляжам. У раёне знаходзіцца два рэчавых рынка і адзін будаўнічы, што таксама актуальна ў сувязі з вялікай колькасцю новабудоўляў. Для грыбнікоў і аматараў свежага паветра і актыўнага адпачынку за будаўнічым рынкам знаходзіцца лес, дзе можна выдатна адпачыць ад гарадской мітусні.
Рэчыца
Рэчыца адзін з самых старых, калі не самы стары, раён Берасця. Першая згадка яго ў пісьмовых крыніцах была ў 1568 г. у дакуменце ад 27 снежня 1571 г., падканцлер Вялікага Княства Літоўскага разглядаў скаргу Рэчыцкага войта. У 1749 г. Антоній Пацей стражнік ВКЛ, прадаў пану Флемінгу вёску Рэчыцкую. У XIX стагоддзі вёска і маёнтак Рэчыца адносілася да Касіцкай воласці Брэсцкага павета. Затым у 1930-я гг.на месцы маёнтка вырас пасёлак. З 1940 г.ён знаходзіцца ў складзе Брэсцкага раёна. Да 1959 г.Рэчыца была цэнтрам сельскага савета калгаса “Пагранічнік”. У 1959-1968 гг. пасёлак зліўся з вёскай, уваходзіў у Клейніцкі сельсавет. Потым у 1968 г. Рэчыца ўвайшла ў гарадскую рысу, з 1978 г.адносіцца да Ленінскага раёна Берасця.
У Рэчыцы вы амаль не знойдзеце супер-і гіпермаркетаў, дзе можна купіць усё, што трэба, ад знакамітых да малавядомых брэндаў. Гэтая тэрыторыя невялікіх магазінаў і шапікаў. Нават такія гандлёвыя сеткі, як Санта, Еўраопт і Прадтавары, прадстаўлены ў гэтым раёне аднымі з самых маленькіх філіялаў.
У раёне ёсць шмат дзіцячых пляцовак, але вось стан іх пакідае жадаць лепшага. І нядзіўна, бо тут вельмі мала новабудоўляў, і, можна сказаць, насельніцтва раёна ў большасці людзі, дзеці якіх даўно выраслі. У раёне ёсць 2 вялікіх школьных стадыёна, што спрыяе актыўнаму ладу жыцця мясцовых. А таксама многія шукаюць прыгод на закінутых будоўлях і чыгунках, якіх тут вельмі шмат.
На Рэчыцы вельмі рэдка будуюць новае жыллё. Новых дамоў практычна няма, а дыяпазон коштаў досыць вялікі, і можна знайсці тое, што табе па кішэні ці па душы.
Граеўка
У 70-х гадах XIX стагоддзя ўжо поўным ходам ішло будаўніцтва чыгуначных шляхоў. Першы цягнік па шляху Брэст-Масква паехаў ужо 28 лістапада 1871 года, а ў 1873 годзе пачала дзейнічаць чыгунка Ковель — Брэст— Беласток—Граева, якая праходзіла праз Высока-Літоўск. Менавіта адсюль з’явілася і назва паселішча Граеўская Слабада, або, як называюць да гэтага часу, Граеўка.
У 1883 годзе, на тэрыторыі побач з вёскай Бярозаўка, пачалі будаўніцтва. Гэта былі дамы расійскіх афіцэраў, якія прыбылі для службы ў крэпасці. 1 ліпеня 1929 года Граеўская Слабада стала часткай горада пад назвай Граеўскае прадмесце. З 1978 года Граеўка з’яўляецца часткай Берасця ў складзе Ленінскага раёна.
Граеўка знаходзіцца вельмі блізка да цэнтра, аддзеленая ад якога толькі чыгункай. З некаторых дамоў нават можна назіраць як прыбываюць на вакзал чыгуначныя саставы. Але гэта толькі з часткі вуліц, астатняя частка раёна знаходзіцца далёка ад цэнтра і вакзала.
Транспартная сетка ў раёне не можа быць прыкладам для астатніх раёнаў. У цэнтр вы трапіце лёгка, асабліва на прыпынак Газаапарат, так як туды заязджаюць амаль усе аўтобусы, якія курсуюць у раёне. Транспартныя зносіны з іншымі раёнамі пакідаюць жадаць лепшага.
На Граеўцы, як і ў любым раёне горада, можна заняцца бегам, але тратуарныя дарожкі зусім для гэтага не прызначаныя. Для любой іншай актыўнасці прыйдзецца адправіцца ў цэнтр горада.
Месцаў для адпачынку дзяцей таксама няма, не лічачы школьных пляцовак. У старых дварах стаяць такія ж старыя гульнявыя зоны: старыя арэлі, горкі і незразумелыя бетонныя канструкцыі. Толькі каля новабудоўляў, у дварах знаходзяцца добрыя дзіцячыя пляцоўкі.
Нажаль, Граеўка не можа пахваліцца вялікай колькасцю зеляніны. Лес ёсць толькі на ўскраіне, каля пункта падрыхтоўкі вагонаў, а ўнутры самога раёна трапляюцца толькі рэдкія, сіратлівыя прадстаўнікі флоры.
Граеўка – гэта раён дробных прадпрыемстваў, ЖЭСаў, арганізацый і кааператываў. Граеўка можа пахваліцца пяццю дзіцячымі садамі і двума школамі, што вельмі нядрэнна для мікрараёна.
Таксама на Граеўцы можна ўбачыць прыгожыя старыя казармы, якія адносяцца да другой палове XIX стагоддзя. Яны знаходзяцца проста насупраць новабудоўляў па вуліцы Рэспубліканскай.