Будзь актыўным

English Club я стварала дзеля сябе, а атрымалася дзеля горада

Гэты вельмі прыемны занятак – адкрываць цікавых і захопленых людзей. І калі мы іх знаходзім, мы з вялікім задавальненнем дзелімся брэсцкімі перлінамі з вамі.
Знаёмцеся, сёння ў нашым эфіры Кацярына: чалавек вельмі далікатны і адначасова вельмі актыўны, шматбакова развіты і вельмі ўтульны. У ёй аднолькава развіта і любоў да жывёл, і ўменне паляпшаць прастору навокал.


Яскравая і актыўная, яна марыць аб утульнай хатцы дзе-небудзь у лесе, каб жыць там з сям’ёй і сваім
дратхаарам, вельмі прыгожым і актыўным сабакам па мянушцы Фінік. І адзін з яе праектаў менавіта звязаны з жывёламі. Але аб гэтым праекце чытайце ў адным з наступных пастоў.

Кацярына – стваральніца English Club па нядзелях.
Пачалося ўсё з таго, што супала некалькі падзей. Па-першае, Каця хацела, каб яе ўзровень валодання ангельскай паляпшаўся. Па-другое, прастора “Union 8” шукала мерапрыемствы, якія былі б цікавыя берасцейцам. І наша гераіня вырашыла дапамагчы і сабе, і іншым. Тым, каму патрэбна ангельская мова ці дзеля працы, ці каб на яе не забыцца, ці нават, каб добра і ўпэўнена адчуваць сябе ў вандроўках ці адпачынку. Што супала – так гэта жаданне Каці размаўляць і паляпшаць сваю гутарку на англійскай мове, а берасцейцы гэтую ідэю падтрымалі.

Так у верасні 2019 года ў прасторы “Union 8” адчыніўся English Club.
Шлях да кафе “Tapoli” быў непростым. За 4 гады клуб працаваў у розных лакацыях – Gran Café, Paragraph, прастора Мір, SO cafe і толькі потым Tapoli. І ўвесь час гэта сустрэчы на нядзелях а 12:30.

У Eglish Club прымаюць удзел людзі любога ўзроўню валодання мовай, людзі рознага ўзросту і людзі разнастайных прафесій. Абмежаванне толькі адно – размова на ангельскай мове. З якім бы ўзроўнем мовы ты не прыйшоў на сустрэчу – ты выйдзеш адтуль з буйнейшым слоўнікам і безумоўна лепшай практыкай гаворкі і размовы. Такія сустрэчы – не толькі добрая практыка мовы, гэта і практыка слухання, і гаворкі, і будавання сказаў і новых моўных канструкцый. І новых сустрэч і сувязей.

Бонусы відавочныя. Зносіны на англійскай з першай хвіліны – развіццё навыкаў слухання і гаворкі, навыкі пабудовы сказаў і бесперапыннае жаданне данесці сваю думку да суразмоўцы. Некалькі “заняткаў” – і вы адчуеце, наколькі прасцей і спакайней вы будзеце размаўляць на англійскай мове.

“Больш за ўсё прыходзяць людзі, звязаныя з IT-сферай. Ім патрэбна менавіта практыка размоўнай англійскай мовы і тут яны маюць магчымасць размаўляць на ёй некалькі гадзін запар. Калі такія сустрэчы рабіць штотыднёвымі, удзельнік адчуе, што гаворка стала не напружанай і лёгкай”, – дзеліцца назіраннямі Кацярына.

Колькасць удзельнікаў абмежаваная толькі прасторай. Насамрэч любая колькасць у дзеліцца на невялічкія гурткі, ідзе гаворка і зносіны на ангельскай мове. Звычайная лічба – ад 3 да 12 чалавек. І за 4 гады існавання клубу яшчэ ніколі не было, каб аніхто не прыйшоў. І гэта азначае, што такі Club і такое мерапрыемства гораду патрэбна. Таму не хвалюйцеся. Будзе і клуб, і сустрэча, і гутарка, і зносіны.

“Let’s start speaking English” – словы, якія часцей за ўсё гучаць у самым пачатку сустрэчы. Некалькі хвілін і ўдзельнікі пачынаюць размаўляць, і нават незразумела, адкуль бяруцца тыя слова, думкі, як звязваюць словы ў сказы. Усё гэта – вынік суполкі і працы, якая аб’ядноўвае ўсіх размовай на ангельскай мове. Ёсць і іншыя, можа і не відавочныя плюшкі – зносіны з зараджанымі, захопленымі, цікавымі людзьмі Берасця. Ніколі не ведаеш, хто прыйдзе наступным разам, а гэта цікава ўдвая.

Сама Каця сваім праектам ганарыцца, але спыняцца на дасягнутым не будзе. Ды і не зможа – у галаве роіцца велізарная колькасць і ідэй, і думак. Ёсць і маленькія пытанні. Адно з тых, якое хочацца вырашыць – знайсці ідэальнае месца для размоў. Каб гэта была ці то невялічкая кавярня, у якой магчыма збірацца і размаўляць ці то нейкі куток, дзе ўдзельнікі не будуць замінаць астатнім наведвальнікам. Месца сустрэч пакуль не ідэальнае.


Кацярына – чалавек з морам ідэй і фантазіі. І калі вам патрэбны чалавек, які мае генерыць ідэі і рабіць свет лепшым, тады вам менавіта да яе. Пакуль мы размаўлялі, мы некалькі разоў падумалі пра тое, колькі розных інтарэсаў можа быць у адным чалавеку. Гэта і дапамога жывёлам (праект Pet-a-porter ) і праект English Club, які дзейнічае чатыры гады і спыняцца не збіраецца.

Прыходзьце і размащляўце! Гэта не толькі не страшна, але і вельмі прыемна і карысна! Усё, што вам трэба, гэта жаданне развівацца, паляпшаць мову, кубак гарбаты ці кавы.

І маленькі бліц пытанняў і адказаў:

1. Кава ці гарбата?
Гарбата.
2. Кот ці сабака?
Сабака.
3. Экстраверт ці інтраверт?
Iнтраверт.
4. Дом ці кватэра?
Дом.
5. Адпачынак на моры ці ў гарах?
Мора.
6. Сава ці жаўрук?
Жаўрук.
7. Кніга ці кіно?
Кніга.
8. Любімае месца ў Берасці?
Восеньскае лясное ўзбярэжжа кар’ера на Чырвоным Двары, кафэ Sarai і Brasilena.
9. Жыццёвае крэда?
Слухай сваё сэрца.

Праекты Кацярыны:

  • Асабісты блог Кацярына з навінамі пра English Club.
  • Pet-a-porter – праект фота-дапамогі для жывёл, якія шукаюўь сабе дом і добрых гаспадароў.
  • Прыватны тэлеграм канал пра тое, што цікавіць, захапляе і уражвае.