Вольга Коваль – не проста мастачка, яна – настаўніца, якая дапамагае іншым здабыць упэўненасць у сваім творчым патэнцыяле. Яе пазітыўны настрой, мэтанакіраванасць і лёгкі характар робяць яе вобраз прывабным і натхняльным для многіх. Яна не будзе вучыць вас накладваць мазок фарбы і весці лінію, а дасць вам больш глыбокія веды.
Ёй хочацца, каб людзі не баяліся маляваць і прыходзілі да яе менавіта тварыць!
Вольга малявала заўсёды. Ёй з дзяцінства было лёгка і цікава фантазіраваць. Бацькі ў яе не творчыя, але яна пайшла ў бабулю.
“Мая бабуля не мастачка, а ткачыха, і таму яна часта вышывала гладдзю. Але яна не купляла схемы, а малявала ўсё сама. І, напэўна, гэта перадалося і мне. Тая эстэтыка, якая была закладзена ў тым, што яна рабіла”.
Калі маленькая Воля намалявала на шпалерах двухногага слана, бацькі не лаяліся на яе, а сказалі: “А давай дамалюем яму яшчэ дзве нагі! Неяк з дзвюма нагамі ён не такі”. І так тата, убачыўшы ў ёй неўгамоннае жаданне маляваць, аддаў яе ў гурток малявання.
“Я вельмі ўдзячная свайму педагогу. Яна давала мне цудоўны часопіс “Юны мастак”, а ў ім было надрукавана вельмі шмат класікаў рускага і замежнага жывапісу. Мяне вельмі моцна ў класе 2-3 ўразіў Айвазоўскі. Я магла амаль увесь занятак разглядаць яго спалучэнні колераў. І мяне гэта натхняла”.
Педагогі не абмяжоўвалі Волю, і, ўдосталь нафантазіраваўшыся, яна вырашыла звязаць сябе з творчай прафесіяй.
Так яна пайшла ў мастацкую школу, каб падцягнуць тэхніку малявання і паступіць у Берасце на архітэктара. Праз нейкі час пасля заканчэння ўніверсітэта Воля працавала разам са сваёй сяброўкай і вучыла людзей маляваць. Але неўзабаве зразумела, што, нягледзячы на аднолькавыя пункты гледжання, яны аказаліся зусім рознымі мастачкамі. Вольга ўбачыла, што можа даць людзям нешта іншае.
“Для мяне не першасна навучыць маляваць. Мне вельмі хочацца паказаць чалавеку за гэтыя 2.5 гадзіны, якім ён можа быць розным дзякуючы таму, што ён сеў за палатно і ўзяў пэндзлікі”.
Так яна пачала ўласны шлях і збірала людзей у Лідзе. Праз нейкі час яна вярнулася дадому і працягнула сваю справу тут. На дадзены момант у Вольгі ёсць студыя для дзяцей у Жабінцы, а таксама майстар-класы для ўсіх жадаючых у розных месцах Берасця, у розных кропках вобласці і нават за яе межамі.
Мастачка лічыць, што датычна тэхнічных навыкаў, мастаком можа стаць амаль кожны. А каб стаць творцам, даць сабе свабоду, трэба больш намаганняў. Таму Воля запрашае ўсіх на свае майстар-класы і пленэры, каб даць самому сабе гэтую свабоду творчасці.
Нягледзячы на вынік сваёй працы, вы дакладна уведаеце нешта новае: нешта новае пра сябе, пра людзей побач, пра мастацтва. Нягледзячы на ўзросты, прафесіі, навыкі малявання Воля знойдзе да вас падыход.
“Я навучылася адчуваць і слухаць людзей. Мне здаецца, людзям важна ў нейкі момант быць пачутым, і каб іх праз творчасць разумелі. Я навучылася бачыць унікальнасць у кожным малюнку. Мне вельмі цікава назіраць як бачыць чалавек адну і тую ж сітуацыю.
Дарослых дам 50 + не трэба раскрываць, яны раскрытыя. Іх трэба проста падтрымаць у іх настроі. З падлеткамі вядома ж па-іншаму. Ты ўжо іх запальваеш, яны могуць саромецца, але ты іх толькі запалі – яны пакажуць якія яны на самай справе класныя, яркія і неардынарныя. А вось з маленькімі дзецьмі важней за ўсё быць сумленным. З імі важна гаварыць так, быццам яны такія ж, як і ты”.
Майстар-класы праводзяцца ў розных прасторах, каб пагрузіць удзельнікаў у свецкае асяроддзе. Ўстанова не браніруецца. Ніколі не бывае такога, каб хтосьці прайшоў міма, заўсёды ёсць хоць адзін чалавек, які будзе гледачом.
Так цікава, калі табе, зусім не мастаку, дзядзечка які забег за кавай, спыняецца і кажа: “Якая прыгожая карціна ў цябе! А можна паглядзець?”. Па словах Волі, людзі, якія праходзяць міма, нават прапануюць купіць карціны.
І гэта ўжо не проста майстар-клас, а нейкі творчы перфоманс.
У Вольгі вялікія планы. Ёй вельмі хочацца данесці ў масы тую культуру творчых мерапрыемстваў, якую яна нясе. Ёй бы хацелася паказаць многім тое, што яна ўмее ў плане арганізацыі майстар-класаў, і паказаць людзям тое, што ўмеюць яны ў плане творчасці.
Таксама Воле вельмі падабаецца развіваць студыю ў Жабінцы, таму што гэта нешта новае для дзяцей і іх бацькоў.
“У мяне дзеці выхоўваюцца больш на вольным маляванні. І мне вельмі хочацца паказаць, што на самай справе іх трэба проста падтрымліваць і запальваць, а тэхніцы яны ўжо самі навучацца. Каб не заганяць іх у гэтыя стандартныя рамкі”.
Вольга імкнецца дапамагчы людзям пераадолець свае страхі і сумненні, звязаныя з маляваннем. Для Волі важна не столькі тое, які мазок будзе на палатне, колькі эмоцыі і пачуцці, якія ён выклікае. Яна заклікае людзей не баяцца эксперыментаваць, шукаць свой стыль і ўнікальнасць. Яе мэта – не проста навучаць, а натхняць на творчасць. Так, дзякуючы сваім бацькам і педагогам, берасцейская мастачка атрымала досвед і свабоду творчасці, якія хоча данесці і да нас.
І маленькі бліц пытанняў і адказаў:
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…