Музыка

Музыка ў сэрцы: гісторыя вулічнай спявачкі Наталлі

Для Наталлі кожны акорд, кожная нота – гэта магчымасць падарыць людзям радасць і натхненне, што робіць яе музычную творчасць па-сапраўднаму каштоўнай і значнай. Музыка заўсёды была неад’емнай часткай яе жыцця.

“Музыка мне падабалася з дзяцінства. Мне здаецца, я не магла яе не любіць. У дзяцінстве мяне заварожвалі ўсякія мелодыі, я прыдумляла музычныя інструменты, арганізоўвала канцэрты ў двары для аднагодкаў. Навучыўшыся гуляць, я стала складаць песні”.

Так зарадзілася цікавасць да музыкі. Але асэнсаваны шлях пачаўся тады, калі Наталля задумалася над тым, які асноўны занятак для сябе выбярэ.

“У нейкі момант я стала рухацца да таго, каб рабіць тое, што я люблю і любіць тое, што я раблю”.

І Наталля выбрала для сябе менавіта музыку. Таму што музыка – выдатны сродак, каб выказаць прыгажосць і трансфармаваць унутраны вопыт у нешта ўзвышанае і цудоўнае.

Наталлі заўсёды падабаліся выступы вулічных музыкаў і ў нейкі момант яна зразумела, што таксама хоча сыграць для іншых. Грае яна на гітары і фартэпіяна, а таксама выкарыстоўвае вакал. Усяму гэтаму яна вучылася практычна сама.

“Фартэпіяна – гэта атмасферны, ні з чым не параўнальны гук з асаблівым тэмбрам і са сваімі прыёмамі ігры. Гітара ж – вельмі шматгранная прылада, яна не толькі меладычная, але ў яе ёсць яшчэ і ўдарная функцыя. Дзякуючы яе зручнасці, традыцыйна склалася, што гітара – гэта душа ўсіх кампаній”.

Слухае Наталля самую розную музыку: рок, пост-рок, джаз, блюз, дыска, электронную і класічную музыку. Калі казаць пра канкрэтных выканаўцаў, то гэта Земфира, Цой, ДДТ, Сплин, Наутилус, Алиса, Воскресение, Агата Кристи, Пикник. Гэта значыць практычна ўвесь рускі рок. З замежных выканаўцаў гэта Nirvana, The Cranberries, Queen, The Cure, Depeche Mode і многія іншыя, у тым ліку сучасныя і пачаткоўцы.

“Амаль кожны аматар му́зыкі, а тым больш музы́ка, слухаў і ведае рускі і замежны рок, а таксама іншую добрую музыку. Я не магу сказаць, што кожны дзень слухаю гэтых выдатных выканаўцаў, і, магчыма, гэта і не трэба. З-за гэтага іх музыка не перастае быць вечнай, і яна назаўжды заняла сваё месца ў маім сэрцы. Для кожнай музыкі ёсць свая абстаноўка, у якой яна дарэчная”.

На вуліцы Наталля грае тое, што слухае сама. Калі нічога не просяць сыграць, то грае на сваё меркаванне, але з улікам таго, што ёй арганічна і што больш верагодна можа выклікаць водгук у слухачоў. Найбольш задавальнення Наталля атрымлівае ад той песні, якая падыходзіць пад яе настрой у момант гульні. А ў берастейцах Наталлі больш за ўсё падабаецца добразычлівасць, адкрытасць і любоў да музыкі.

“Я граю для прахожых, і сярод гэтых людзей знаходзяцца тыя, якім гэта даспадобы. Таксама я граю для маіх слухачоў, для тых, хто жадае прыходзіць і слухаць менавіта мяне. І, вядома ж, я граю для сябе”.

Падчас ігры з вулічнымі музыкамі заўсёды адбываецца шмат цікавых гісторый. Асабліва шмат такіх гісторый звязана з тым, што людзі дораць такім музыкам. Таксама і ў нашай спявачкі шмат такіх выпадкаў у памяці.

Самае арыгінальнае, што мне кідалі на вуліцы – фота мяне за выкананнем песні, зробленае і раздрукаванае спецыяльным фотаапаратам тут жа, пакуль людзі слухалі маю музыку. Складана не адзначыць і цацачнага дэльфінчыка, кінутага зусім маленькім дзіцем, і паштоўку, намаляваную сваімі рукамі.

Усе гэтыя падарункі каштоўныя для яе па-свойму. Найперш з-за імкнення людзей зрабіць нешта добрае. Таму і эмоцыі людзей часта становяцца самым важным падарункам для Наталлі.

Я зайшла ў вагон цягніка, і жанчына, што сядзела каля ўваходу, убачыўшы гітару, сказала, што граць не трэба, бо ў яе баліць галава. Тады я спытала ў яе, ці не будзе яна супраць, калі я сыграю ў іншым канцы вагона. Яна адказала, што не супраць. Я перайшла ў іншы канец і заспявала. А калі праходзіла пасля песні з сумачкай, куды можна кінуць манетку, то ўбачыла, што жанчына, у якой балела галава, проста заквітнела. Яна сказала, што ў мяне вельмі прыгожы голас і што я вельмі таленавітая.

На думку Наталлі, вельмі важна, каб кожны чалавек быў на сваім месцы, адчуваў сябе арганічна і рэалізоўваў свае здольнасці, прыносячы карысць сабе і іншым. Спадзяемся, што кожны, хто сустрэў яе на вуліцы, змог адчуць той настрой, які яна імкнецца падарыць сваім слухачам і проста прахожым.

– Кім, калі не спявачкай, ты б стала?

– Апроч музыкі я займаюся мастацтвам: складаю вершы, пішу прозу. Калі б я не стала спявачкай, то, напэўна, магла б стаць чалавекам, які займаецца нечым творчым. Гэта мог бы быць фатограф, дызайнер ці мастак.