Алена – прадстаўнік зусім не тусовачнага пакалення. Канцэрты ў парку ці ДК – не пра яе. Сёння яна займаецца выхаваннем свайго дзіця ў дэкрэце. Сярод яе захапленняў – ёга, падарожжы, жоўты ровар і… смачная ежа. Канцэрты таксама ёсць у спісе, але не ў тым фарамаце, як зараз. Раней працавала спецыялістам па піяру ў Берасці. Цяпер гэта дапамагае рэалізаваць сваю ідэю.
– Усё пачалося з таго, што мы з сябрам размаўлялі пра берасцейскіх музыкаў. Складаецца ўражанне, што музычны Берасце нейкі напаўжывы – хтосьці з’ехаў, хтосьці прыпыніў існаванне. Так узнікла ідэя зрабіць пераклічку – палічыць, хто яшчэ ёсць, пагутарыць, даведацца, хто на якім свеце знаходіцца. Адначасова хацелася і музыкаў трошкі разварушыць, і публіцы нагадаць пра іх.
Так у Інстаграме Дзецікава з’явілася асобная рубрыка, якая адрозніваецца ад іншага кантэнту спецыфічнай графікай з выявамі герояў паста і рэтра-тэлевізарам з відэа ў галерэі.
Фармат пастоў зроблены ў адзіным стылі – Алене хацелася, каб рубрыка адрознівалася ад іншага кантэнту і лёгка ўгадвалася ў стужцы. Дызайн распрацоўваўся ёй з сябрамі і атрымаўся даволі прывабным. Структура галерэі простая – інфармацыя пра гурт з відэа, гісторыі з музыкай і спасылкай на плэй-ліст лепшых трэкаў.
Разварушыць берасцейскіх музыкаў атрымалася – адзін калектыў заліў музыку на стрымінгі, хаця дагэтуль іх можна было пачуць толькі Укантакце. Шэраг маладых каманд самі пісалі з прапановай паўдзельнічаць у праекце.
Але і добра знаёмыя старэйшаму пакаленню калектывы просяць іх не пасыпаць попелам. Легендарны гурт “Садъ” яшчэ жывей за ўсіх жывых. Ён існуе ажно з 1990 года! І летась выдаў новы альбом. Час скінуць пыл са старых пласцінак!
– Падчас падрыхтоўкі матэрыялаў, сама ўпершыню даведалася пра музыкаў, якія сёння на маёй музычнай палічцы. Вельмі падабаецца Паша Ferenc, мілагучны соул-музыкант, аўтар і выканаўца ўласных песень. Ён таксама грае на кларнеце і ўкулеле. Зараз мы нярэдка слухаем яго дома разам з сынам. Таксама мяне вельмі ўразіла Каця Prana, дзяўчына, што стварае Індзі-рок на працягу больш чым дзесяці гадоў. Вельмі таленавітая, кранальная выканаўца. Хлопцы з гурта “Ненавіжу Макса” уразілі сваімі музычнымі прыхільнасцямі – ад Led Zeppelin да “Кіно”. Не зусім звыклая падборка для 18-гадовых! Увогуле кожны герой публікацыі нечым уразіў!
Першая серыя з пяці публікацый выйшла восенню, другая зусім нядаўна, у сакавіку. Алена расказала і пра зусім маладых выканаўцаў, што толькі робяць першыя крокі ў музычнай прасторы, і пра тых, каго мы слухалі 10-20 гадоў таму. Хуткім часам чакаем трэцюю серыю! Падпісвайцеся на Дзецікава!
Глядзіце серыю публікацый пра музыкаў: