DzeЦікава & Ко

Анімаваныя гіфкі пра Берасце

У нашу лічбавую эпоху складана ўявіць «здаровае» анлайн камунікаванне без эмодзі, гіфак, статычных альбо анімаваных стыкераў, якія часта замяняюць знак прыпынку ў канцы сказу, ці якія дасылаюцца пасля выказу, які не павінен застацца незаўважаным. Мы выкарыстоўваем іх, каб эмацыйна афарбаваць тэкст, заявіць пра сябе ці паказаць адзін аднаму, што мы злучаны.

Вы толькі уявіце сябе, наколькі праніклівей становіцца размова сябровак, даданая тэматычнымі стыкерамі з «Сяброў», наколькі весялей глядзець сторыз ў якіх есць гіфкі вар’яцкіх катоў. Як бы вы даведаліся пра шмат якія святы, калі б не зіхатлівыя карцінкі ад вашых мам і бабуль!

І на згуртаванае кам’юніці аматараў Берасця знойдуцца свае гіфкі. Такія распрацавала для нас каманда дызайнераў – энтузіястаў. Гэта сапраўдныя маленькія творы мастацтва. Хлопцы расказалі, што натхненнем паслужыла нешта адметнае толькі для Берасця. Давайце паглядзім, што:

Вяз (лац. Ulmus), альбо на мясцовай гаворцы – бэрэст. Ад гэтага дрэва, якое распаўсюджана па берагах Буга і Мухаўца і паходзіць назва нашага гораду, а ў 2019 у Берасці нават праходзіў фестываль “Ulmus”, прысвечаны 1000-годдзю горада.

Кажаны. Рукакрылыя настолькі распаўсюджаны ў фартыфікацыйных збудаваннях Берасця, што для іх давялося ствараць нават асобны заказнік “Барбастэла” на Рэчыцы памерам больш за 6 гектараў. А яшчэ цеплымі летнімі вечарамі іх лёгка пабачыць у палеце у дварах на фоне зорнага неба.

Каб падзівіцца гэтымі адметнасцямі прапануем выкарыстаць іншую – ровар. Бо лёгка і прыемна круціць педалі, калі раўнінная мясцовасць і мяккі тутэйшы клімат гэтаму спрыяе. Тым больш, кожным годам колькасць карыстальнікаў гэтага сродку перасоўвання расце.

З роварнай дарожкі скіруемся за тым, што палепшыць настрой і навык сацыялізацыі: кавай і вузельчыкам с карыцай ад Brasilena, са з’яўленнем якой стала пашырацца традыцыя прызначаць сустрэчы і праводзіць час ў шматлікіх гарадскіх кавярнях. Упэўненныя, што ў хуткім часе мастхэв для кожнага турыстычнага гайда па Берасці будзе “адстаяць чаргу за кавай і выпечкай у Brasilena”.

Пакуль накіроўваецеся да месца, перад вашымі вачыма не раз мільгне лук – сімвал горада, размешчаны на гербе, які можна сустрэць на турыстычнах прадуктах, білбордах і ў рэкламе дзясяткаў лакальных брэндаў. Яго таксама можна сустрэць і на маршутках – бадай самым папулярным сярод берасцейцаў віду транспарту.

На сваім маршруце вы, верагодна, сустрэнеце адну з архітэктурных адметнасцяў горада – будынкі ў стылі Берасцейскага канструктывізму, пабудаваныя ў 1920-30-х гадах. У апошнія гады ў горадзе надаецца шмат увагі захаванню і аднаўленню будынкаў, пабудаваных у гэтым стылі.

А калі вы гуляеце пешшу, то пакіньце след на трылінцы – унікальным дарожным пакрыцці, па якому калісьці можна было праехаць па вуліцы Леніна. Захавалася, на жаль, не шмат дзе, але яго можна пабачыць, напрыклад, у дворыку адміністрацыі Ленінскага раёна.

Адна з самых прыкметных асаблівасцяў горада– цеплаход “Гродна”. Пабудаваны да алімпіяды-80, ён ужо больш за 40 гадоў ладзіць для берасцейцаў водныя прагулкі.

Зараз у калекцыі Giphy у інсце ёсць 9 такіх адметнасцяў. Імі можна скарыстацца ў сторыз. Калі вы ўвядзеце ў пошук слова «Брэст» альбо «Дзецікава», зможаце дадаць анімаваныя гіфкі да сваей публікацыі з Берасця. 

З прадчуваннем чакаем вашыя пасты, у якіх вы распавядзеце пра тое, як вы правялі дзень на гарадскім мерапрыемстве, альбо дабіраліся з працы дадому, ці што вы ўбачылі падчас прагулкі. А можа нейкія з гэтых адметнасцяў вы яшчэ не сустракалі або ў мітусні дзён проста не заўважалі? Тады гэта выпадак наведаць іх і падзяліцца сваім вопытам з падпісчыкамі. Можна таксама проста засняць пустую дарогу і “пусціць”па ёй “маршрутку №9 ” , або ціхія воды Мухаўца, па якіх з вашай лёгкай рукі праплыве цеплаход.


Падрабязную інструкцыю пра тое, як знайсці нашыя гіфкі, глядзіце ў відэароліку:

@dzecikava

Паказваем, як знайсці нашыя гіфкі ў Інстаграм.

♬ Pop beat BGM / long version(1283324) – nightbird_bgm