Грамадства

Выстава актуальнага мастацтва “Фаза: Самасць”

“Працы вельмі асабістага характару ўразаюцца ў сцены завадскога будынка і даюць гледачу магчымасць падумаць аб тым, што адчувае аўтар, калі глядзіць сам на сябе”.

На выставе “Фаза: Самасць”, якая прайшла ў Берасці з 26 па 27 ліпеня, сабраліся творчыя асобы, каб падзяліцца сваім бачаннем мастацтва. Арганізатары выставы Юля і Давід стварылі ўнікальную прастору, дзе многія маладыя мастакі маглі паказаць свае работы ўпершыню. Юля — былая студэнтка дакументалістыкі і стваральніца арт-прасторы “5 UGOL”, Давід — выкладчык і арганізатар майстар-класаў па лінагравюры. Iх сумесны праект прадэманстраваў, як розныя арганізацыйныя падыходы могуць цудоўна дапаўняць адзін аднаго.

Канцэпцыя выставы звязана з цялеснасцю, і гэта дазволіла ўдзельнікам і наведвальнікам паглядзець на мастацтва з незвычайнага боку, прасякнуцца ідэямі аўтараў, атрымаць новыя эмоцыі і ўражанні.

Арганізатары выставы аб’ядналі маладых мастакоў з Берасця, Мінска, Маладзечна, а таксама Санкт-Пецярбурга, Масквы і Нью-Йорка.

На выставе былі прадстаўлены розныя формы мастацтва: жывапіс, калаж, лінагравюра, кераміка, скульптура, фатаграфія, відэа-арт, цыянатыпія і нават імерсіўны танец. Кожны экспанат нёс у сабе часцінку душы і творчасці свайго стваральніка, над кожным гледачы мусiлi задумацца і адчуць глыбіню работы.

 

Мерапрыемства прыцягнула шмат аматараў і знатакоў мастацтва, а таксама проста дапытлівых наведвальнікаў, якія жадалі пашырыць свой кругагляд. Галоўная мэта праекта – далучыць як мага больш людзей да мастацтва і даць магчымасць малавядомым творцам праявіць сябе.

“Фаза: Самасць” не толькі прадаставіла пляцоўку для маладых талентаў, але і падарыла магчымасць размаўляць, абменьвацца ідэямі і знаходзіць новых аднадумцаў. У будучыні Юля і Давід плануюць працягваць супрацоўніцтва і арганізоўваць новыя ініцыятывы, уносячы свой уклад у развіццё культурнага жыцця Берасця.