Будзь актыўным

Ігар Міхута: спартыўная навука і каардынацыя

У свеце спартыўнай навукі ёсць людзі, якія ствараюць нешта зусім новае і цікавае. Адной з такіх унікальных асоб з’яўляецца Ігар Міхута – кандыдат педагагічных навук, дацэнт і кіраўнік двух інавацыйных праектаў. Яго падыход да развіцця каардынацыі чалавека стаў сапраўднай знаходкай для спартсменаў і аматараў актыўнага ладу жыцця.

Ігар Міхута вырас у Кобрыне, дзе з ранніх гадоў займаўся спортам. Яго шлях пачаўся з лёгкай атлетыкі, а затым ён цалкам пагрузіўся ў футбол і аддаў гэтаму віду спорту цэлых сем гадоў. Скончыўшы факультэт фізічнага выхавання ў БрДУ імя А. С. Пушкіна, ён стаў трэнерам па футболе. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі Ігар паглыбіўся ў навуку, паступіўшы ў магістратуру і пасля ў аспірантуру БДПУ імя Максіма Танка. Там ён займаўся ваеннай тэматыкай, таму дысертацыя была прысвечана падрыхтоўцы сувораўцаў да прафесійнай дзейнасці.

Аднак сапраўдны запал Ігара заключаўся ў спорце. Плённай і цікавай для яго стала праца з нацыянальнымі камандамі і алімпійскімі чэмпіёнамі, ён рыхтаваў спартоўцаў да Алімпіяды. Ігар не толькі перадаваў свае веды, але і сам вучыўся падчас падарожжаў па свеце і асвойваў новыя методыкі.

“У гэты перыяд я аб’ездзіў шмат краін, праводзіў стажыроўкі, дзе развіваўся і спасцігаў асновы новых тэхналогій як на практыцы, так і ў спартыўнай навуцы”.

Ігар працягваў развівацца, чэрпаў веды з сучаснай і замежнай літаратуры, а таксама з уласнага, ужо немалога, досведу. З цягам часу ён вырашыў ісці па ўласным шляху і стварыў два праекты.

Праект “Coordination Sportlab” – гэта вынік 15-гадовай працы Ігара над аўтарскім падыходам да развіцця каардынацыі. Практыкаванні, распрацаваныя ім, накіраваны на развіццё сэнсорнай сістэмы, кагнітыўных працэсаў і маторных кампанентаў псіхафізічнага патэнцыялу чалавека. Гэта комплексны трэнінг, які дапамагае спартсменам дасягнуць новых вышынь.

“Мы сапраўды развіваем патэнцыял чалавека і раскрываем усе яго магчымасці. Усе методыкі я распрацаваў сам, бо маю сваю пэўную стратэгію, якая робіць гэтыя практыкаванні ўнікальнымі”.

Другі праект “Science Sportlab” заснаваны на сучасным навукова-метадычным падыходзе і ўяўляе сабой адзіную ў сваім родзе спартыўную навуковую лабараторыю для  дыягностыкі псіхафізічнага патэнцыялу чалавека. Тут тэстуюць розныя аспекты падрыхтоўкі: ад фізічных якасцей да псіхалагічнага стану. Гэта дае магчымасць выявіць моцныя і слабыя бакі спартсмена і распрацаваць індывідуальныя праграмы для яго комплекснага развіцця.

Праекты Ігара Міхуты ўнікальныя, аналагаў ім практычна няма. Ігар злучыў у сваім падыходзе тры кампаненты: сэнсорны, кагнітыўны і маторны, пакуль сістэмы фізічнага выхавання будуюцца па прынцыпе апасродкаванага развіцця гэтых механізмаў.

“Любыя рухі чалавека заснаваныя на ўзаемадзеянні ўсіх трох кампанентаў. І мая методыка накіравана на тое, каб звязваць комплексна гэтыя працэсы, а таксама на стварэнне як мага большай колькасці нейронавых механізмаў у галаве чалавека праз розныя варыятыўныя практыкаванні”.

Ігар стварыў анлайн-платформу, дзе можна набыць комплексы практыкаванняў і займацца самастойна, бо ён марыць аб свеце, дзе каардынацыя стане асноватворным элементам не толькі ў спорце, але і ў паўсядзённым жыцці.

“Я сапраўды хачу, каб усе практыкаванні засталіся для нашага беларускага пакалення і для аматараў са ўсяго свету. Каб людзі пастаянна ўкаранялі іх у практыку і не баяліся прымяняць комплексы рознай накіраванасці”.

Па словах трэнера, адной з асноўных прычын нізкай матывацыі да спорту з’яўляецца адсутнасць усвядомленасці.

“Шмат хто пачынае займацца спортам з чаканнем імгненных вынікаў: схуднець за тыдзень, стаць мацнейшым і скаардынаваным за месяц. Але так не бывае. Мозг чалавека ўладкаваны так, што ўсё праходзіць праз стадыю адаптацыі. Гэта азначае, што для дасягнення вынікаў патрабуецца час і цярпенне”.

Ігар падкрэслівае важнасць усведамлення мэт. Толькі пры гэтай умове спорт пачынае прыносіць пазітыўныя эмоцыі і дае магчымасць адысці ад праблем.

На трэніроўках Ігар праяўляе харызму і крэатыўнасць. Ён верыць, што трэнер павінен быць не толькі прафесіяналам сваёй справы, але і лідэрам, які натхняе і падтрымлівае сваіх падапечных. Кожны яго вучань сыходзіць са станоўчымі эмоцыямі і новымі ведамі. Дружалюбнасць, дысцыпліна і аўтарытэт – вось тыя якасці, якія дапамагаюць Ігару заваёўваць давер.

“Трэнер павінен быць аўтарытэтам. Вельмі важна, каб чалавек, верыў у тое, што робіць настаўнік”.

У свеце спорту аддача ад выхаванцаў грае ключавую ролю ў рабоце трэнера. Гэта не проста пацвярджэнне паспяховасці яго метадаў, але і крыніца натхнення, якая дазваляе яму працягваць развівацца і ўдасканальвацца. Адзін з самых запамінальных водгукаў Ігар атрымаў на нядаўнім семінары.

“Калі дзяцей спыталі, якія практыкаванні ім больш за ўсё спадабаліся, яны ў адзін голас сказалі, што ім спадабалася каардынацыя. Вось гэта сапраўды вельмі дарагога каштуе. І бацькам падабаецца: яны бачаць, як дзеці мяняюцца ў рухах, наколькі больш крэатыўнымі яны становяцца”.

Ігар не проста трэнер, ён імкнецца змяніць свет спорту да лепшага, адчыняючы новыя гарызонты для будучых пакаленняў. Яго праца – гэта ўклад у развіццё чалавечага патэнцыялу, які дапаможа многім дасягнуць поспеху ў спорце і жыцці.

І невялічкі бліц пытанняў і адказаў:

1. Кава ці гарбата?
Кава.
2. Кот ці сабака?
Сабака.
3. Экстраверт або інтраверт?
Інтраверт.
4. Дом ці кватэра?
Дом.
5. Адпачынак на моры ці ў гарах?
У гарах.
6. Сава ці жаўрук?
Жаўрук.
7. Кніга ці фільм?
Фільм.
8. Любімае месца ў Берасці?
Вуліца Гогаля.
9. Жыццёвае крэда?
Цуду не бывае – цуд трэба рабіць.