Ганна Пуціліна: Пяць крокаў да здаровага харчавання і лепшага самаадчування

У апошні час людзі усё больш і больш пачалі клапаціцца пра сябе, пачалі надаваць больш увагі свайму стану, задумвацца пра здаровы лад жыцця.

Аднак важна памятаць, што ЗЛЖ ўключае ў сябе не толькі спорт. Правільнае харчаванне таксама грае значную ролю ў працэсе паляпшэння вашага стану. Як зрабіць ежу смачнай і карыснай, знайсці баланс, якім прадуктам аддаць первагу, а якія лепш прыбраць са сваёй телеркі – пра ўсё гэта можа распавесці нутрыцыёлаг Ганна Пуціліна.

Да статусу “нутрыцыёлаг” жыццё прывяло Ганну само, як кажуць, цераз церні. Яна нарадзіла дзіця, і калі яно пайшло ў дзіцячы садок, то пачало пастаянна хварэць. Лячэнне не давала дастаткова станоўчых вынікаў, на антыбіётыкі ішлі алергічныя рэакцыі, а ўрачы рабілі несуцяшальныя прагнозы; менавіта тады Ганна пачала шукаць іншыя выхады з сітуацыі, чытаць інфармацыю, мацней паглыбляцца ў тэму.

Родзічы першапачаткова ставіліся скептычна, але, пабачыўшы вынікі, змянілі сваё меркаванне.

“Я стала шукаць, як можна з гэтым працаваць без удзелу антыбіётыкаў, стала дазнавацца ўсё больш і больш інфармацыі, спрабавала. На мяне глядзелі, як на ненармальную, калі я выключала нейкія прадукты з рацыёну дзіцяці, але калі з’явіліся вынікі і мы перасталі наогул ужываць лекі, перажывалі ўсе хваробы лёгка, то, вядома, сваякі адразу паверылі”.

Спачатку Ганна праходзіла толькі кароткія курсы, падчас якіх справачна даведвалася, як падтрымаць сябе, адкрывала для сябе нейкія гайды.

Канчаткова Ганна вырашыла развівацца ў сферы нутрыцыялогіі ў той час, калі атрымала каласальны вынік, прапрацаваўшы з прафесійным нутрыцыёлагам ужо свае ўласныя праблемы са здароўем. Пасля гэтага яна купіла больш маштабнае навучанне, якое цягнулася год, потым сябры прапанавалі першага кліента…

“У гэтую спецыяльнасць прыходзіш цераз сябе, цераз свае праблемы, а застаешся – дапамагаць іншым”, – лічыць Ганна.

Зараз Ганна прафесійна займаецца нутрыцыялогіяй, мае вопыт выступлення на ўласных афлайн-лекцыях і хоча працягваць такую практыку і далей.

“Лекцыі мне вельмі падабаецца праводзіць, таму што людзі прыходзяць зацікаўленыя, гэта не халодная аўдыторыя, якой усё роўна, заўсёды ёсць водгук: гэта відаць па вачах, гэта відаць потым па іх інсайдах, калі яны ўкараняюць практыкі ў сваё жыццё. І мая мэта – каб людзі разумелі, што яны здолеюць гэта ўсё зрабіць самастойна, яны могуць памяняць сваё харчаванне і тым самым палепшыць свой стан здароўя”. 

Распаўсюджана меркаванне, што здаровае харчаванне ўключае ў сабе даволі абмежаванае кола прадуктаў, але гэта не так. Ганна лічыць, што да кожнага патрэбны індывідуальны падыход і ўніверсальнага рэцэпту здаровага харчавання не існуе, задача нутрыцыёлага – зразумець, на якія прадукты трэба зрабіць упор у кантэксце гісторыі і жыцця канкрэтнага чалавека.

Але яна лічыць, што ёсць некаторыя парады, якія могуць быць карыснымі ўсім.

5 парад ад нутрыцыёлага

1. Вада.

Не замяняйце ваду гарбатай, сокам, узварам і г.д. Толькі тады, калі вы нармалізуеце пітны рэжым, вы ўбачыце паляпшэнне стану скуры і ЖКТ. Вада патрэбная для ачышчэння ад таксінаў, якія штодзень паступаюць у наш арганізм.

2. Выключыце смеццевую ежу: чыпсы, каўбасу, фастфуд, сухарыкі і г.д.

У гэтых прадуктах велізарная колькасць дабавак, фарбавальнікаў і ўзмацняльнікаў густу, якія вельмі негатыўна адбіваюцца на здароўі. Разбураюць мікробіём і пашкоджваюць слізістыя абалонкі, што вельмі ўскладняе ўбіранне карысных рэчываў. Замяняючы прыём ежы пачкаю чыпсаў, вы не атрымліваеце пажыўныя рэчывы, тым самым сыходзіце ў дэфіцыты.

3. Дадайце ў рацыён суцэльныя прадукты.

У іх больш вітамінаў і мінералаў. Напрыклад, замяніце аўсянку-пяціхвілінку на аўсянку, якую трэба варыць 15-20 хвілін. Чым менш апрацаваны прадукт, тым больш там захавалася карысных рэчываў.

4. Разнастайнасць.

Больш суцэльных і рознакаляровых прадуктаў у вашым рацыёне – больш багаты іх нутрытыўны склад. Адпаведна больш мінералаў і вітамінаў вы атрымаеце з ежы, што выдадатна адаб’ецца на вашым здароўі. Не спыняйцеся на грэчцы, курыцы, агурках і памідорах. Існуе велізарнае мноства прадуктаў. Спрабуйце новыя крупы, новую гародніну, розныя віды жывёльнага бялку. Дадавайце ў рацыён насенне, арэхі. Выкарыстоўвайце раслінны бялок, чаргуйце з жывёльным, не забывайце пра субпрадукты.

5. Больш гародніны.

Паступова (так, менавіта паступова!) павялічвайце ў сваёй талерцы колькасць гародніны і зеляніны. Дадавайце іх у кожны прыём ежы. Вазьміце за правіла некалькі разоў на тыдзень набываць нейкую новую гародніну і гатаваць з ёю стравы. У выніку вы пашырыце свой дыяпазон смакаў і знойдзеце свае любімыя спалучэнні. Памятайце пра сезоннасць. Увосень звярніце ўвагу на гарбуз, батат, брокалі, каляровую капусту (фіялетавага і жоўтага колеру адрозніваюцца па гусце), патысоны, перац і баклажаны.

Каму ж трэба звяртацца да нутрыцыёлага?

Калі вы разумееце, што ў вас увесь час уздуцце, ў вас увесь час нейкі дыскамфорт, няма энергіі, вы – патэнцыйны кліент нутрыцыёлага.

Нутрыцыёлаг знаходзіцца на мяжы паміж здароўем і хваробай і дапамагае не пераўтварыць дрэнны стан у канчатковую хваробу.

Важна разумець, што нутрыцыёлаг не можа вырашыць сумежныя праблемы харчавання, паколькі добра ведае зону сваёй кампетэнцыі, аднак добры нутрыцыёлаг заўсёды падкажа, да каго можна звярнуцца.

“Фішка нутрыцыялогіі ў тым, што мы не цягнем на сябе ўсю коўдру. Мы ацэньваем анкету чалавека, яго матывацыю і разумеем, куды яго можна накіраваць. Можна накіраваць да псіхолага, часам трэба накіраваць да псіхатэрапеўта, і мы гэта робім. Гэта вельмі добрая практыка, таму што толькі комплексны падыход можа дапамагчы чалавеку, калі ён звяртаецца за дапамогай”.

Зараз у Ганны абшырнае кола знаёмых, якія маюць сумежныя спецыяльнасці і якія могуць даць параду наконт стану чалавека і наконт таго, куды яго можна накіраваць, калі яго праблемы па-за кампетэнцыі нутрыцыёлага.

Ганна спадзяецца, што аднойчы нутрыцыялогія будзе выкладацца ў школах, таму што ўсім неабходныя базавыя навыкі, каб пазбегнуць больш сур’ёзных хвароб у будучыні.

Бліц-апытанне:

1. Кава ці чай?
Кава.
2. Кот ці сабака?
Кот.
3. Экстраверт ці інтраверт?
Экстраверт.
4. Дом ці кватэра?
Дом.
5.Адпачынак на моры ці ў гарах?
На моры.
6. Сава ці жаўрук?
Жаўрук.
7. Кніга ці фільм?
Кніга.
8. Любімае месца ў Берасці?
Савецкая і больш гістарычная частка, вось гэтыя панадворкі ад савецкай, калі можна праваліцца ў двор з нашым выдатным экскурсаводам Оляй і ўбачыць класныя будынкі.
9. Жыццёвае крэда?
Рабіць найлепшае з магчымага.

Ulyana

Recent Posts

Ветэрынарыя на даму: мы ў адказе за тых, каго прыручылі

Калі ў вас дома жыве кот, то вы ведаеце, што самы вялікі стрэс для яго…

3 дні ago

АкадэміяМам: прышчэпкі ды іншыя абставіны

У лістападзе галоўная задача арганізму – дацягнуць да Новага года, пажадана здаровым. Таму што шэрасць,…

3 дні ago

“Простакніжкіна”. Як любоў да кнігі падштурхнула развіваць бізнэс.

Хочаш зрабіць нешта сваё – пайдзі ў дэкрэтны адпачынак. Неўзабаве выхаванне малога дзіцяці нярэдка абуджае…

3 дні ago

Кераміка ды гарбата. Творчая сустрэча ў «Сараі»

Цеплыня – бадай што самае падыходзячае слова, калі мы кажам пра гліну. Адразу ўспамінаеш тую…

3 дні ago

Малюнкі памяці Уладзіміра Чарнышова

Штрыхі складаюць вобраз і настрой. На палотнах людзі, якіх мы не ведаем, але нешта заёмае…

3 дні ago

Кіно і чытанне. Як развіць у сабе творчы пачатак і паглядзець на мастацтва з іншага боку?

Калі вы лічыце, што глядзець фільмы і чытаць кнігі, а потым іх абмяркоўваць – гэта…

4 дні ago