Будзь актыўным

Анастасiя Барміна: Кераміка, танец і перфоманс

Яскравасць, свабода, імправізацыя – менавіта такімі словамі можна апісаць па-сапраўднаму захапляльны танец, і менавіта такія словы адразу прыходзяць у галаву пры сустрэчы з Анастасіяй Бармінай. 

Вучылася Анастасія, ці, як многія яе называюць, Ася, на факультэце замежных моваў БрДУ імя А.С. Пушкіна і атрымала адукацыю лінгвісткі, таксама мае харэаграфічную адукацыю.

Ася вельмі любіць вучыцца, спасцігаць нешта новае, тое, што ёй было невядома раней. Яна – вельмі рознабаковая асоба: кіраўніца тэатра танца “Postscriptum”, арганізатарка перфомансаў, керамістка, раней займалася журналістыкай, вакалам, маляваннем, па настроі піша прозу і вершы, мае і іншыя хобі.

“Мы дзіўныя, але вам спадабаецца”, – слоган тэатра танца “Postscriptum” ёмка апісвае ўсё, што тут адбываецца.

 “Тое, што мы робім у тэатры танца, уключае ў сябе нашмат больш, чым проста харэаграфія. Мы займаемся вельмі шмат цялеснымі практыкамі, танцавальнымі практыкамі, імправізацыямі, кантактнымі імправізацыямі, акцёрскімі трэнінгамі. Карацей, мы спрабуем ўпіхнуць у сябе вельмі шмат усяго, не проста “прыйшоў, вывучыў харэаграфію і пайшоў дадому на канапе сядзець”… Ды так не атрымліваецца ў нас! Даводзіцца часам ўключаць галаву, уяўленне… Нейкія рэчы, якія, напэўна, ў іншых напрамках часцей проста прапускаюць”.

Тут вучаць не толькі танчыць, тут вучаць пазбаўляцца акадэмізму, атрымліваць задавальненне ад працэсу.

“Напэўна, менавіта гэтая свабода ў руху і адкрывае вельмі цікавыя грані ўспрымання сябе, свайго цела, сваіх рухаў, прыгажосці сябе і прыгажосці свету навокал.”

Свабодная харэаграфія, свабодны танец, імправізацыя – гэта у нечым  сапраўдная філасофія тэатра.

“Я мару аб зале без люстэркаў. Дайце мне квадратную скрынку, куды я запхну людзей і яны не змогуць глядзець на сябе”, – кажа Ася, калі тлумачыць важнасць умення абстрагіравацца ад поглядаў, “адключыць галаву” і перастаць сябе крытычна ацэньваць.

Менавіта пачас імправізацыі людзі могуць знайсці новыя пластычныя рашэнні, адчуць сваё цела, можна сказаць, што гэта свайго роду тэрапеўтычны працэс.

“Многія людзі падчас першых заданняў на імправізацыю хутчэй знаходзяцца ў стрэсе, чым расслабляюцца, але з часам разумеюць, у чым кайф. Потым мы ўжо ўсе разам кайфуем у адной вялікай танцавальнай кучы”.

У тэатры танцаў існуюць заняткі як для дзяцей, так і для дарослых. Кожная ўзроставая катэгорыя мае сваю спецыфіку, і Ася навучылася знаходзіць індывідуальны падыход, хоць прызнаецца, што з дарослымі працаваць лягчэй, чым з дзецьмі, але пазітыўныя моманты дамінуюць над негатыўнымі, і ў тэатры пануе цёплая, утульная, сямейная атмасфера, атмасфера творчасці.

Ася лічыць, што абсалютна ўсё можа натхніць на творчасць, напрыклад, часта перфомансы з’яўляюцца нейкім спосабам адрэфлексіраваць унутраныя эмоцыі і перажыванні, перадаць некую думку ці ідэю. Так, перфоманс “SOMNIA”, які праводзіўся два гады таму, нарадзіўся з дрэнных сноў, сноў-жахаў і шляхам сублімацыі пераўтварыўся ў мастацтва.

“Сабраўшы ўсе свае трывожныя сны, я проста падумала, што трэба паспрабаваць пра гэта станцаваць, таму што гэта мой спосаб выхаду энергіі”.

Стварэнне перфомансаў – цікавы працэс, але працаёмкі і трошкі нярвовы, таму што акрамя творчасці ёсць і руціна, ёсць і тэхнічныя моманты: рэквізіт, касцюмы, выбар пляцоўкі. У працэсе стварэння нешта дадаецца, нешта прыбіраецца, ідзе пошук новых пластычных сродкаў выразнасці, цікавых формаў падачы.

Бывае такое, што людзі амаль не разумеюць сучаснае мастацтва, у тым ліку і перфомансы, таму многім творцам, якія працавалі ў гэтым жанры, было складана рэалізоўваць свае праекты ў Берасці. Але зараз людзі больш цягнуцца, больш цікавяцца менавіта сучаснай культурай, спрабуюць наблізіцца і неяк зразумець тое, што адбываецца на сцэне. Для перфомансаў свайго тэатра Ася стварае сцэнарый, прапісвае кожную сцэну, піша лібрэтта, каб гледачы маглі ўлавіць канцэпцыю і сэнс, якія былі закладзеныя ў твор самой яго аўтаркай. Калі ж пэрфоманс абстрактны і не мае нейкай ключавой тэмы і ідэі – то кожны можа разумець яго так, як хоча.

“Як разумець мастацтва? Мне здаецца, вельмі важна, якія адчуванні ты ад гэтага ловіш. У першую чаргу гэта твая ўнутраная ацэнка, твае ўнутраныя перажыванні ад таго, што ты ўбачыў, эмоцыі, станоўчыя ці адмоўныя, – усё важна! Супер! Калі мы выклікалі ў вас страх – выдатна, мы дасягнулі сваёй мэты!” 

Як і любы іншы твор мастацтва, перфоманс ствараецца для таго, каб перадаць віхуру пачуццяў. Гэтым цікава і хочацца займацца. Ася, напрыклад, не толькі хоча рэалізавацца як харэографка, ёй падабаецца сама канцэпцыя перфомансаў, таксама яна хоча даць прастору тым, хто займаецца ў тэтры танца, как кожны мог выйсці на сцэну, паказаць тое, што ён так доўга вучыў, тое, чым жыў увесь гэты час.

У любым перфомансе ёсць элемент імправізацыі, і гэта таксама выклікае вялікую цікавасць.

“Практычна ўсе нашы перфомансы неяк уключаюць у сябе імправізацыйную частку, і я вельмі люблю назіраць. Мне часам хацелася б нават проста з залы назіраць, што адбываецца, а не ўдзельнічаць у працэсе. Ну, удзел – гэта таксама вельмі класна, але мне менавіта падабаецца назіраць за людзьмі, калі яны ў імправізацыйным працэсе знаходзяць нейкія новыя рашэнні для сябе, для свайго цела. Мозг зусім па-іншаму пачынае генераваць ідэі”.

Сама ж Ася з цікавасцю сочыць за перфомансамі Марыны Абрамавіч і студыі GAGA DANCE, а таксама за экстатыкамі і іх школамі.

Другім вялікім захапленнем у жыцці Асі з’яўляецца кераміка. Асю цікавяць розныя тэхнікі, яна эксперыментуе і працягвае навучанне. Калі лепіць нешта ў падарунак, заўсёды думае аб будучым уладальніке і стараецца стварыць рэч такой, якая б парадавала чалавека, успамінае яго хобі і звычкі і адшурхоўваецца ад іх падчас творчага працэсу.

Раней Ася разам з Алёнай Бармінай удзельнічала ў правядзенні розных маркетаў у Берасці.

Ася кажа, што яе працы асацыююцца ў яе ў першую чаргу з настроем, таму што ад настрою залежыць, якім у выніку будзе выраб, часта прысутнічаюць гатычныя матывы, больш палохаючыя, чым вясёлыя, яна малюе нейкія дзіўныя сюжэты, дзіўных істот, але можа быць і зусім па-іншаму.

“У мяне, напэўна, мае працы асацыююцца з нейкімі алоўкавымі накідамі, карцінамі. Трошкі ў стылі Дэлона Рэдона, трошкі са змрочнасцю, з готыкай. Часам у мяне талеркі падобныя да Таро. Там наогул вельмі па-рознаму бывае: то мне нейкія светлыя карціны прыходзяць у галаву – буянства фарбаў, нейкія гусі скачуць па полі, нейкія каровы з торбамі і ў чаравіках… Ну, карацей, там усё пад настрой”.

Раней Ася праводзіла майстар-класы, гэта былі дастаткова невялікія мерапрыемствы, якія праходзілі тады, калі было жаданне, энергія, неабходная атмасфера, і дагэтуль ёсць вельмі шмат жадаючых трапіць на майстар-клас, але пакуль што гэтая практыка прыпыненая, хоць аднойчы майстар-класы вернуцца і зноўку распачнуць сваю дзейнасць.

А яшчэ Ася любіць пісаць вершы і нейкія празаічныя тэксты, калі бывае такі настрой. Яна звяртаецца да формы белага верша, а ў прозе піша тэксты-рэфлексіі пра сябе і пра навакольны свет. Таксама Ася піша тэксты для брэнда адзення, стараецца ўнесці нават у такія тэксты элемент творчасці.

“Гэта як свабодны танец. Я проста танчу: і словамі танчу, і целам танчу”, – прызнаецца яна.

Невялічкі бліц:

1. Кава ці гарбата?
Напэўна, гарбата. Часцей, калі я выходжу ў горад, я п’ю каву, але наогул я прам амбасадорка гарбаты. У мяне ёсць прыяцель, які мяне пазнаёміў з чайнай культурай, таму зараз ў мяне чай і гарбата валяюцца па ўсёй кватэры, я налічыла 29 пакетаў гарбаты. Мой знаёмы паскідваў мне вельмі шмат літаратуры, я спрабую знаёміцца не толькі са смакавымі момантамі гарбаты і спрабаваць, што мне падабацца, што мне не падабацца, я яшчэ вывучаю гісторыю, напрыклад, рэгіёны. Я бліжэй да чайнай культуры, але люблю і каву. Карацей, калі прыйсці да мяне дадому, можна і чайную цырымонію правесці, а можна і капінг, напрыклад.
2. Кот ці сабака? 
Ну канешне сабака. Мне шмат хто кажа, што я падобная да свайго сабакі – у мяне дома жыве цудоўная такса Морысан, названая ў гонар саліста групы The Doors Джыма Морысана. У мяне ўсё жыццё былі сабакі, я вельмі іх люблю. Такія цудоўныя і добрыя ад прыроды стварэнні… яны настолькі не ўпісваюцца ў гэты жорсткі свет, што ты наогул не разумееш, як яны існуюць тут. Цудоўна, калі ты можаш клапаціцца пра іх, яны таксама клапоцяцца пра цябе – ну, маральна, ментальна, эмацыйна. Ты для іх – увесь сусвет. Ты іх гаспадар – і ўсё. Цябе проста любяць за тое, што ты існуеш. Гэта так выдатна. Таму так, сабакі.
3. Экстраверт ці інтраверт?
Па настроі. Чаму няма варыянту “амбіверт”? Але мне вельмі падабаецца мець зносіны з людзьмі, таму экстраверт.
4. Дом ці кватэра?
Я ўсё жыццё пражыла ў кватэрах, мне падабаецца канцэпцыя кватэры ў цэнтры, дзе да ўсяго можна дайсці за 5 хвілін. Але мне падабаецца і дом, ды там шмат умоўнасцей, мне здаецца. А вось канцэпцыя дачы для мяне ідэальная, дачы, на якую прыязжаюць адпачываць раз на год.
5. Адпачынак на моры ці ў гарах?
Адпачынак, вядома ж, у гарах. Калі будзе адпачынак тыпу мора плюс горы, то я не адмоўлюся ад яго. Горы для мяне прама “ваў”, і я кожны раз дзіўлюся і захапляюся імі.
6. Сава ці жаўрук?
Я сава. Мне рэальна лягчэй даўжэй не класціся спаць, я лепш да пяці раніцы нешта буду рабіць, чым устану ў сем і пачну працаваць.
7. Кніга ці фільм? 
Хуткае задавальненне – гэта фільм, а калі казаць пра кнігі, я бачу вельмі шмат карысці, я вельмі моцна “за чытанне”. Люблю мастацкую літаратуру, не люблю псіхалогію. Мне падабацца заходзіць на якія-небудзь сайты і чытаць навуковыя артыкулы па рандомных тэмах. Я за кнігі больш, чым за фільмы. Я жудасная фанатка Гары Потэра. Кнігі развіваюць вобразнае мысленне. Ёсць кніга, якая ўлюбіла мяне ў чытанне, гэта “Чалавек-амфібія” Бяляева.
8. Любімае месца ў Берасці?
Мне падабаецца адна частка Брэсцкай крэпасці, там адбылася такая цікавая сітуацыя: мы з сябрам стаялі на цвіках, пастаялі, папілі гарбату, сядзім, я кажу: “Глядзі, там сабака!” Гэта быў не сабака, гэта была казуля. Вельмі яркі ўспамін. Я люблю дворыкі і люблю прыводзіць туды людзей з іншых гарадоў, гэтыя двары – яны поўныя ўнутранага жыцця. Яны ўсе вельмі акуратныя і зроблены з любоўю, і гэта людзі робяць самі. Гэта заслуга жыхароў дома, што ён так акуратна выглядае, што туды хочацца прыводзіць людзей і праводзіць там час. Я люблю Берасце, і я зразумела гэта адносна нядаўна, мне хапае двух дзён, каб засумаваць.


Падпісвайцеся на старонку Асі ў інстаграм.

А таксама на тэатр танца “Postscriptum”.