Будзь актыўным

Яўгенія Фэст: Мастацтва жыць як спроба ўнутраннай гармоніі

У яе Інстаграма водар булачак з карыцай і гукі надтрэснутай пластынкі з нізкім голасам Эдыт Піяф. За сучаснымі трэндамі са смешнымі рылсамі вам не сюды. І ўсё ж яе старонка прыцягвае позірк больш за 19 тысяч аматараў прыгожага з Беларусі і Францыі. Яна і вядзецца на дзвюх мовах адначасова – французскай і расейскай. Сённяшняя наша гераіня – Яўгенія Фэст, дзяўчына з казачным густам на прыгожае.

Яўгенія нарадзілася ў творчай інтэлігентнай сям’і. Маці і дзядзя яе былі архітэктарамі, дзядуля – фізікам і вялікім аматарам фатаграфіі, бабуля паходзіла з польскай шляхты. У доме яе дзяцінства заўсёды размаўлялі на мове прыгожага: кнігі, тэатр, прырода. А бабуля ўмела гатаваць, як ніхто, – па старажытных рэцэптах рэдкіх і не вельмі кніг, па памяці, па сямейных запісах. Нават у галодныя 1990-я гады яна калдавала над плітой так, што са сціплага набора інгрэдыентаў атрымліваўся шыкоўны абед з пяці страваў, і каралю падаць не сорамна. Соус з ваніллю, пернікі на зуброўцы з брусніцамі, паштэт з качкі – лепш за сняданак у рэстаранах з зоркай “Мішлен”.

Жэня любіла гэта: і гатаванне на кухні, і чырвоную лямпу для праявы дзядуліных фотаздымкаў ў ванне. Але пасталеўшы абрала зусім не звязаную прафесію.

– У Берасці я паступіла на гістарычны факультэт, але так і не скончыла яго, паехала па праграмме для студэнтаў у Францыю. Марыла паступіць у медычны ўніверсітэт, але так склалася, што пазнаёмілася з будучым мужам і засталася, паступіла на хімію. У Францыі мы жывем у Грэноблі, гэта горад у прыгожых Альпах, па памерах прыкладна як Берасце.

У Францыі Яўгенія стала шматдзетнай мамай – чацвёра дзяцей мужа ад першага брака і двое, адзін за другім, сумесных. У Грэноблі яна працавала інжынерам па тэхніцы бяспекі на хімічным заводзе. І на каторы час забылася пра дзіцячыя захапленні кулінарыяй і фатаграфіяй. Але ў 2011 годзе зноў узяла ў рукі фотаапарат – здымаць сям’ю і прыроду. З 2018 года Яўгенія займаецца фатаграфіяй прафесійна, з пачатку 2024 уваходзіць у асацыяцыю фатографаў Беларусі. Пры гэтым сумяшчае ўсё з працай інжынера.

У Францыі Яўгенія ўспомніла пра захапленне сваёй бабулі арыгінальнай кухняй і пачала паглыбляцца ў тонкасці французскай кулінарыі. Для французаў ежа займае асобае месца. Кожны француз заўсёды знойдзе час пагутарыць пра стравы. Тут шмат гатуюць і робяць гэта з асобым густам. Яўгенія зацікавілася тэмай і пачала збіраць рэцэпты: пагадзіцеся, гэта ж вельмі цікава, што з простай морквы можна прыгатаваць 150 розных страў!

Паглыбляючыся ў тэму, Жэня шмат вандравала па французскіх мясцінах, каб знайсці новыя рэцэпты ў сваю калекцыю. Здымала працэс прыгатавання, часам выкладвала публікацыі ў Інстаграм. Талерачкі, антураж – усё гэта засталося ад бабуль (Жэнінай ці Жэнінага мужа), збіраецца па антыкварных крамах і на блашыных рынках. У калекцыі кніжных зборнікаў рэцэптаў ёсць сапраўдныя рарытэты, напрыклад, першае выданне Le Cordon Bleu ХІХ стагоддзя. Гэтую кнігу Жэне падараваў антыквар, у якога яна набывала посуд.

– Я здымаю ўсё – і чалавека, і прыроду, – але здымкі ежы і працэссу гатавання застаюцца маімі любімымі. І так атрымалася, што мой Інстаграм заўважылі не толькі простыя людзі, але і брэнды. Ведаеце, я зусім не камерцыйны чалавек і не ўмею сябе “прадаваць”, але ніколі не адмаўляюся супрацоўнічаць, калі мне гэта прапануюць. Так мае фотаработы з рэцэптамі трапілі на старонкі італьянскага журнала HOME, у мясцовыя французскія газеты, ёсць інтерв’ю з рэцэптамі ў кнізе пра майстроў “Рукі”. Як фатограф я працавала з французскімі кандытэрамі – Буе з Ліона, з шакаладам дома Пралюс і многімі другімі.

А потым наступіў кавід, і сямья Фэст пайшла працаваць і вучыцца на выдаленні.

З’явілася магчымаць больш часу праводзіць у Беларусі. Хутка стала зразумела, што тут ім значна камфортней. Сёння сям’я жыве на дзве краіны.

Я вельмі люблю сваю Радзіму, яна мне патрэбна дзеля шчасця, а мой муж проста ў захапленні ад Беларусі, ад яе людзей, ад яе краявідаў, ад нашага ўкладу жыцця, зараз ён актыўна вывучае мову.

Сёння Яўгенія рыхтуе серыю анлайн-урокаў па кулінарыі, і гэта вельмі цяжкі працэс, з фатаграфіямі неяк зручней. Праводзячы больш часу на Радзіме, Яўгенія задумала перавесці сваё кулінарнае хобі ў рэжым афлайн. Сёння ў кватэры ў цэнтры горада, дзе Жэня вырасла, ідзе перабудова, і ў хуткім часе тут плануецца зрабіць месца, дзе людзі будуць знаёміцца з тонкасцямі французскай кулінарыі, культуры, мовы і літаратуры. Тут можна будзе не толькі гатаваць новыя стравы, рабіць фатаграфіі, але і сустракацца з людзьмі аднолькавых інтэрэсаў.

– Пакуль не ведаю, у якім канкрэтным напрамку будзе рэалізавана мая ідэя. Так, яна пра ежу, але не выключна. У Францыі ёсць выраз: «L’art de vivre à la française» – ‘мастацтва жыць па-французску’. Гэта тычыцца амаль усяго – смачнай ежы, настрою, антуражу, адчування свету. Мастацтва зрабіць з руціны, штодзённай працы нешта такое, што прыносіць радасць, смак ад жыцця. Вось мне хочацца, каб гэтае мастацтва з’явілася і ў беларусаў. Чым больш людзей здолее запаволіцца ў сучасным вар’ятным рытме, задумацца, паглядзець на жыццё з іншай перспектывы, пачне шукаць праз простыя рэчы ўнутраную раўнавагу, тым меньш на свеце будзе злога. Я ў гэтым перакананая. Зараз для рэалізацыі маіх ідэй я дасканала вывучаю юрыдычны бок справы – як правільна аформіць з пункту гледжання беларускага заканадаўства.

Яўгенія спадзяецца, што спрабаваць на густ мастацтва жыць можна будзе ў самым дэпрэсіўным месяцы года – лістападзе. А пакуль можна проста зазірнуць у яе цёплы Інстаграм і напітацца энергіяй.

Бліц

– Кава ці гарбата?

– Не маю прэферэнцый. Калі кава, калі гарбата. Залежыць ад таго, як я сябе адчуваю і чаго хочацца ў дадзены момант.

– Ранак ці вечар?

– Вечар. Я сава.

– Мора ці горы?

– Мора, горы і лес. Не магу існаваць нармальна без трох.

– Спадніца альбо джынсы?

– Ільняныя штаны.😅 Сукенкі таксама люблю.

– Кухня дома альбо рэстаран?

– Кухня дома. У рэстаране важныя не толькі пампезная назва і прыгожая талерка – трэба, каб было смачна. Смачна = добрыя прадукты, прыгатаваныя па тэхналогіі, соусы і прыправы, каб падкрэсліць смак. Гэта, на жаль, знайсці сёння цяжка. Але выпіць кавы/гарбаты з дэсертам дзе ў горадзе мне падабаецца. Сеў у кафэ, пачытаў кнігу, адпачыў.


Інстаграм старонка Яўгеніі: https://www.instagram.com/eugenie_faisst