Суботні брэстран. Сонца, кастрычнік, бег

Што можна рабіць ранкам суботы а дзявятай гадзіне? Звычайны чалавек толькі-толькі прачнецца, адпачнуўшы пасля доўгай працоўнай пяціднеўкі, заварыць каву ці гарбату, паснедае. А гэтыя вар’яты збіраюцца на экасцежцы ўздоўж Мухаўца, каб прабегчы дыстанцыю пяць кіламетраў – два з паловай у адзін бок і столькі ж абратна.

Для кагосьці з іх бег даўно стаў часткай жыцця. Нехта толькі пачаў пераадольваць такія адлегласці. Але ж нейкая невядомая сіла штотыдзень прыцягвае некалькі дзясяткаў людзей да адной лакацыі, каб спачатку бегчы, а ўжо потым піць гарбату з шакаладам.

Паркранаўскі рух (ад англ. parkrun) – даволі папулярная з’ява ва ўсім свеце. Кожная суполка будуецца па адным прынцыпе: не мае значэння твой узровень падрыхтоўкі, але калі ты прыйшоў і прабег, ты частка каманды. Некаторыя спачатку прыходзяць паглядзець, а потым ужо выбіраюцца на прабежку. Тут усе розныя – бізнэсоўцы, настаўніцы, дыпламаты, ваенные, прафесійныя спартоўцы. Але ўсе роўныя толькі таму, што бягуць.

Здаецца, усе сабраліся. “Дырэктар” берасцейскага паркрану Андрэй дае абратны адлік: 10, 9, 8, 7… Больш за дваццаць чалавек пачалі аддаляцца ад лініі старта. У Андрэя і валанцераў каля 18 хвілін, каб дачакацца першых фінішораў.

– Мы вядзем статыстыку бегуноў усе пяць гадоў, што збіраемся, спачатку на Вяслярным канале, а потым тут, на экасцежцы між Соямі і Мухаўцам, – расказвае Андрэй. – Раней падлічвалі ўручную. У снежні 2023 года адзін з расійскіх паркранаў “S95” прапанаваў нам сваю тэхнічную дапамогу. Цяпер працэс стаў аўтаматызаваным: кожны ўдзельнік рэгіструецца ў чат-боце, на фінішы атрымлівае ад валанцёра штрых-код, і праз гадзіну пасля фініша вынікі можна паглядзець на сайце. Кожны ўдзельнік можа адсочваць свой прагрэс: статыстыку лепшых забегаў, асабістыя рэкорды і гэтак далей.

Пры гэтым чалавек можа наведаць паркраны суполкі “S95”, і яго вынік будзе улічвацца, так, у сярэдзіне кастрычніка пяць берасцейцаў бегалі марафон у Маскве і напярэдадні прабеглі кантрольную пяцёрку ў маскоўскіх Кузьмінках.

Праходзіць крыху больш за 18 хвілін, і мы сустракаем першага фінішора. Гэта Аляксандр. Пачаў бегаць даволі позна, але на стартах заўсёды паказвае выдатны вынік і выходзіць у прызёры. Летам Аляксандр бег марафон у алімпійскім Парыжы. Не ў саставе алімпійскай зборнай, канешне, а як адзін з пераможцаў онлайн-чэленджу, які ладзілі арганізатары алімпіяды.

Апошні бягун вяртаецца да месца старта праз 35-37 хвілін. Але чакаюць усіх, каб потым паесці пачастункаў з гарбатай і кавай. Гэтым разам размовы былі пра марафонцаў, якія вярнуліся з Масквы. Некаторыя з іх яшчэ некалькі год таму з вялікімі цяжкасцямі пераадольвалі дыстанцыю.

– ­Бег – такая дысцыпліна, што патрабуе сістэмнасці, – распавядае адна з марафонцаў. – Спачатку ты бяжыш пяць кіламетраў і паміраешь, а праз месяц-другі рэгулярных трэніровак ужо з лёгкасцью пераадольваешь дзесяць. Галоўнае, у самым пачатку запаволіць сябе і не гнаць. Тады і вынік будзе. Для пачынаючых гэтая актыўнасць не патрабуе вялікага фінансавання. Гэта потым ужо ты набываеш добрыя кросы (і не адну пару), спартыўны гадзіннік, нагрудны пульсометр і падбіраеш вопратку. Паспрабаваць жа можна ў любым спартыўным адзенні, што ў цябе ёсць.

Апошнім часам на берасцейскі паркран пачалі падцягвацца дзеці бегуноў. Неўзабаве тут з’явіцца дзіцячая дыстанцыя. А пакуль малыя актыўна выконваюць ролю валанцёраў: фатаграфуюць на фінішы, раздаюць карткі, падтрымліваюць фінішораў.

Прабежкі праводзяцца ў Берасці кожную суботу без перапынкаў на канікулы і зімовае надвор’е, адзін раз беглі нават 1 студзеня. Вар’яты, што тут дадаць.


Ulyana

Recent Posts

Шлях да гармоніі праз арганізацыю прасторы

Арганізацыя прасторы ў нас толькі пачынае набіраць папулярнасць. Для Кацярыны гэта – прафесійная дзейнасць, якая…

11 гадзін ago

Яўгенія Фэст: Мастацтва жыць як спроба ўнутраннай гармоніі

У яе Інстаграма водар булачак з карыцай і гукі надтрэснутай пластынкі з нізкім голасам Эдыт…

5 дней ago

Клуб «Без межаў»: прышчэпка на талерантнасць

У свае трыццаць жанчына вярнулася з немаўлём з радзільнага дому, а выйшла ў людзі толькі…

1 тыдзень ago

Анастасiя Барміна: Кераміка, танец і перфоманс

Яскравасць, свабода, імправізацыя – менавіта такімі словамі можна апісаць па-сапраўднаму захапляльны танец, і менавіта такія…

2 тыдні ago

Ганна Пуціліна: Пяць крокаў да здаровага харчавання і лепшага самаадчування

У апошні час людзі усё больш і больш пачалі клапаціцца пра сябе, пачалі надаваць больш…

2 тыдні ago

Country: аазіс удалечыні ад будняў і праблем

Анастасія ўсяго два гады таму зрабіла рашучы крок, пакінуўшы ззаду свае дванаццаць гадоў працы трэнерам…

2 тыдні ago