Арганізацыя прасторы ў нас толькі пачынае набіраць папулярнасць. Для Кацярыны гэта – прафесійная дзейнасць, якая звязана з мысленнем і можа змяніць наш лад жыцця.
Яшчэ з дзяцінства Каця любіла парадак і не разумела, навошта захоўваць лішнія рэчы. Ёй заўсёды падабалася расхламляць прастору і арганізоўваць яе. І вось тры гады таму яна даведалася, что яе прыхільнасць да парадку можна пераўтварыць у рэальную прафесію. Каця прайшла навучанне і стала прафесійным арганізатарам прасторы. Яе місія – дапамагчы людзям расхламіцца і пазбавіцца ад лішніх рэчаў, а таксама стварыць сістэму парадку ў доме, якая будзе зручнай і эфектыўнай.
“Мая праца ў тым, каб паказаць, як можна захоўваць рэчы. Я раблю падборку арганайзераў і распрацоўваю індывідуальныя правілы і традыцыі для падтрымання парадку. Мае кліенты ў асноўным жанчыны – мамы і бізнес-лэдзі, – якія вядуць актыўны лад жыцця. Я хачу, каб у іх з’явілася больш часу рабіць тое, што яны любяць, а не траціць яго на ўборку”.
Першы фармат яе працы – выезд да кліента. Перад сустрэчай кліент запаўняе анкету, паказваючы жаданыя вынікі, бюджэт і час, які ён гатовы вылучыць. Затым яны пачынаюць з расхламлення: дастаюць усе рэчы, сартуюць іх па катэгорыях, аналізуюць іх актуальнасць і частату выкарыстання. У гэтым працэсе Каця ацэньвае лад жыцця кліентаў і іх захапленні, што дазваляе стварыць індывідуальную сістэму захоўвання.
“Я прытрымліваюся экалагічнага падыходу. Замест таго, каб проста выкідваць рэчы, я вучу людзей утылізаваць іх правільна, знаходзіць новыя спосабы выкарыстання і дарыць ім другое жыццё”.
Акрамя таго, Кацярына праводзіць сустрэчы ў двух напрамках. Першы напрамак – для дзяўчат, дзе яна дзеліцца лайфхакамі па самастойнай арганізацыі прасторы, адказвае на пытанні і дапамагае аблегчыць жыццё. Другі напрамак – для мам, з імі Кацярына абмяркоўвае, з якога ўзросту пачынаць выпрацоўваць сістэму парадку ў дзяцей і як захаваць добрыя адносіны ўнутры сям’і.
“Я дапамагаю выпрацаваць сістэму парадку, каб дзеці былі максімальна самастойныя ў гэтым пытанні. Часта ў сям’і ўзнікаюць рознагалоссі наконт побыту, і мне важна захаваць адносіны паміж бацькамі і дзецьмі”.
Кацярына выкарыстоўвае два асноўныя падыходы: практычны і эмацыйны. Практычны падыход уключае ў сябе ацэнку функцыянальнасці. Каця пытаецца, якую ролю рэч іграе ў жыцці кліента і як даўно выконвала сваю функцыю. Эмацыйны падыход звязаны з тым, якія пачуцці выклікае прадмет: ці прыносіць ён радасць, упэўненасць ці задавальненне.
“Практычныя кліенты могуць падумаць аб магчымай арэндзе рэчы. Іншыя, больш эмацыйныя, патрабуюць некаторага псіхалагічнага падсілкоўвання, паколькі ім складаней раставацца з рэчамі, асабліва калі яны злучаны з успамінамі аб людзях”.
Самае прыемнае для Кацярыны – бачыць, як кліенты радуюцца вынікам. Яны адзначаюць, як стала лёгка дыхаць і як парадак у доме зрабіў іх жыццё больш камфортным.
Галоўны прынцып, які выкарыстоўвае Каця, – гэта індывідуальны падыход.
“Мы ўсе розныя людзі, і тое, што з’яўляецца прымальным мінімалізмам для аднаго, можа быць недастатковым для другога. Таксама я паважаю права кліента на прыняцце рашэнняў аб сваіх рэчах. Хоць я магу прапанаваць аргументы і парады, у канчатковым рахунку выбар, пакінуць ці пазбавіцца ад рэчаў, застаецца за кліентам”.
Дзякуючы сваёй адукацыі псіхолага Кацярына добра разумее, як кіраваць эмацыйнай прыхільнасцю да прадметаў. Яна выкарыстоўвае спецыяльныя пытанні для размовы з кліентамі.
Арганізацыя прасторы і праца ў гэтай сферы дапамаглі Кацярыне падысці больш структуравана і да свайго жыцця. Яна ўсвядоміла свае сапраўдныя патрэбы, жаданні і каштоўнасці, і яе спіс рэчаў перастаў быць доўгім, а ператварыўся ў спіс эмоцый, захапленняў і мэт. Гэта дапамагло ёй палепшыць якасць свайго жыцця і стаць больш шчаслівым і ўсвядомленым чалавекам.
“Калі я працую з кліентамі, яны адзначаюць, што стала лягчэй і зручней. Яны эканомяць час, не марнуючы яго на пошук рэчаў, і ў іх вызваляюцца ментальныя рэсурсы, што дазваляе ім сканцэнтравацца на важнейшых рэчах”.
Кацю натхняе знаёмства з людзьмі. Кожны з кліентаў унікальны, з уласнымі захапленнямі і прафесіямі. Ёй цікава даведвацца пра іх жыццё і пра тое, як арганізацыя прасторы можа дапамагчы ім.
”Незалежна ад таго, дзе мы жывем – у камунальнай кватэры, здымным жыллё або ва ўласным доме, – важна правільна арганізаваць прастору вакол сябе. Гэта дазваляе акружыць сябе рэчамі, якія сапраўды прыносяць радасць, функцыянальныя і карысныя. Наколькі важна, каб нашыя рэчы абслугоўвалі нас, а не наадварот”.
Мы рэдка задумваемся аб тым, як прастора і побыт вакол нас уплываюць на нашы ўзаемаадносіны з людзьмі і светам. Таму важна, каб дома былі гармонія і парадак. Калі вы імкнецеся да паляпшэння сваёй прасторы і якасці жыцця, Кацярына можа стаць вашым ідэальным саюзнікам.
І невялічкі бліц пытанняў і адказаў:
1. Кава ці гарбата?
Гарбата.
2. Кот ці сабака?
Кот.
3. Экстраверт або інтраверт?
Экстраверт.
4. Дом ці кватэра?
Дом.
5. Адпачынак на моры ці ў гарах?
У гарах.
6. Сава ці жаўрук?
Сава.
7. Кніга ці фільм?
Фільм.
8. Любімае месца ў Берасці?
Алея на Партызанскім.
9. Жыццёвае крэда?
Усё заканчваецца добра. Калі сканчаецца дрэнна- значыць не ўсё скончылася.
- Інстаграм старонка Кацярыны: https://www.instagram.com/segliyk_org