Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта далёка не так, галоўнае – умець шукаць і знаходзіць. Горад мае мноства цікавых месцаў, кожнае з якіх па-свойму непаўторнае і ўнікальнае. Дар’я Сідарэнка – арганізатарка адразу некалькіх пляцовак: стваральніца Welcome Market, саўладальніца фотастудыі Touche і новай сэлфі-фотастудыі, якая хутка пачне працаваць у тэставым рэжыме.
Дар’я – вельмі энергічная і жыццярадасная асоба, якая, па ўласным прызнанні, мае такі склад розуму, што заўсёды фантануе ідэямі, імкнецца нешта стварыць, правесці, арганізаваць. Ёй 28 гадоў, па адукацыі Дар’я з’яўляецца выкладчыцай англійскай і нямецкай моваў, але па спецыяльнасці не працавала ні дня, увесь час шукала сябе і свой шлях, паспела папрацаваць у найме, у лагістыцы, у продажы, у айці, але адчувала, што ўсё гэта не тое, чым яна сапраўды хоча жыць.
Кожны чалавек хоча займацца тым, што прыносіць яму задавальненне, тым, што яму па душы.
“На апошнім месцы працы я займалася арганізацыяй івэнтаў у калектыве, была менеджарам па ўнутраных камунікацыях. І я зразумела, што ў цэлым арганізацыя мерапрыемстваў мне вельмі падабаецца, але мне заўсёды бракавала, напэўна, маштабу. Там заўсёды быў такі стрымліваючы фактар: менеджар, бюджэт, тэматыка, а мне заўсёды хацелася большага. Так склаліся абставіны, што ў красавіку 2022 года я згубіла працу і не ведала наогул, чым мне займацца”.
Дар’я хацела большага, і гэта “большае” напаткала яе само, з’явілася ў жыцці дзякуючы шчасліваму збегу абставін.
Ідэя стварэння Welcome Market прыйшла ў галаву Дар’і абсалютна выпадкова: гуляючы па Савецкай, яна звярнула ўвагу на рамеснікаў, у якіх у той час яшчэ не было свайго ўласнага гандлёвага дворыка і якія тады проста стаялі ўздоўж вуліцы, прапаноўваючы мінакам сваю прадукцыю.
“Я чамусьці спынілася і падумала: блін, так прышпільна! Я сама люблю тавары, зробленыя ўручную, і падумала аб месцы, дзе людзі маглі б не толькі прыходзіць з мэтай нешта купіць, але і класна праводзіць час, сустракаць знаёмых, якіх немагчыма злавіць у буднія дні з прычыны занятасці. І, па сутнасці, такое месца ў мяне і атрымалася”.
Канцэпцыя вымалявалася неяк сама сабой, дапамаглі сябры, уласнаруч быў створаны дэкор. Першы маркет з “garage sale” адбыўся ў жніўні 2022 года ў “МІРы” і атрымаў вельмі станоўчы фідбэк: людзі, якія наведалі Welcome Market, у якасці плюсаў адзначылі тыя моманты, што ўваходзілі ў канцэпцыю маркета і былі важнымі для самой стваральніцы гэтай пляцоўкі.
“Пасля першага макета мы запусцілі ананімны апытальнік на гугл-форме, і я была прыемна здзіўленая, што атрымала якасці фідбэка менавіта тыя ключавыя моманты, якія задумвала. Людзі лічылі класным наяўнасць мноства тавараў ручной працы, магчымасць сустрэць знаёмых, з якімі яны не бачыліся даўным-даўно, дамаўляліся сустрэцца на каву і не маглі, а сустрэліся на маркеце. Зараз мы змянілі ўжо тры пляцоўкі, мы размяшчаемся ў ЦМТ, у габеленавай зале, і там вельмі зручна, бо зала знаходзіцца ў нішы другога паверха і, калі паднімаешся на трэці паверх, з вышыні можаш назіраць, як яно ўсё праходзіць. І класна, што я часта бачу такую карціну: ў залу заходзіць сям’я, праз метраў 10–15 бачыць іншую сям’ю, і яны пачынаюць махаць адзін-аднаму, бягуць абдымацца. Людзі прыходзяць, сустракаюцца з сябрамі, робяць прыемныя пакупкі”.
Дар’я прызнаецца, што любіць Берасце, любіць маркет і, нягледзячы на тое, што мерапрыемства праводзілася ўжо шмат разоў, хвалюецца кожны раз.
“Маркет не выйшаў для мяне на ўзровень камерцыі, на ўзровень канвеера, хоць мне здаецца, я ведаю асабіста кожнага майстра, ведаю іх імёны, іх прадукцыю, іх кошты. Я ведаю кожны кут пляцоўкі, таму што ўпрыгожваем яе мы самі: самі робім дэкор, самі лазім на гэтых лесвіцац і драбінках. Але трапятанне і лёгкае хваляванне не знікае, таму што ты робіш для людзей і для любімага горада.”
Сама Дар’я заўсёды з задавальненнем падтрымлівае майстроў, вельмі любіць рэчы, зробленыя ўручную. Дзяўчына абсалютна перакананая ў тым, што эмоцыі ад пакупкі прадукцыі ручной працы не замяніць нічым, бо гэта энергетыка людзей, гэта пра унікальнасць, пра тое, што будзе адрозніваць цябе.
Ідэя стварэння фотастудыі Touche таксама ўзнікла спантанна, прычым задума амаль адначасова з’явілася ў галаве адразу некалькіх людзей: Дар’і, яе маладога чалавека – таленавітага берасцейскага фатографа Вячаслава Жураўлевіча, а таксама ў Анастасіі і Арцёма Міронавых сямейнай пары, сяброў Дар’і і Вячаслава.
На наступны дзень пасля агучвання ідэі адбыўся агляд памяшкання для будучай студыі.
У пытанні інтэр’ера таксама ўсё выйшла інтуітыўна, вельмі натуральна з’явілася агульная канцэпцыя, падабраўся стыль.
“Гэта былая фабрыка Элема, і я думаю, што там таксама, напэўна, была свая нейкая гісторыя. У памяшканні ўжо быў паркет. Мы выразна вырашылі, што паркет мы пакідаем, таму што ў ім ёсць нейкі шарм. Ён у нейкіх месцах падрапаны, дзесьці там відаць, што ён прыціснуты. Самі пафарбавалі сцены, (мы вельмі шмат рабілі самі), купілі мэблю. Наогул чамусьці адразу вырашылі, што менавіта такая павінна быць стылістыка, ніхто не сумняваўся, мы выразна рухаліся ў абраным напрамку”.
Зараз фотастудыя Touche працягвае развівацца і ўдасканальвацца, з’явіліся пастаянныя кліенты і фатографы, якім падабаецца старанна створаная элегантная атмасфера.
На гэтым працэс не спыніўся, і Дар’я падзялілася з сябрамі наступнай сваёй задумкай – стварыць студыю аўтапартрэта. Падтрымалі ўсе – не было ні доўгіх размоў, ні доўгіх ваганняў.
“Трэба разумець, што студыя аўтапартрэта – гэта ўнікальны праект для горада. Фотастудый шмат, можна вылучацца інтэр’ерам, но ўсё роўна канцэпцыя тая ж: браніруецца час, чалавек прыходзіць, робіць кадры. А студыя аўтапартрэта – гэта незвычайна”.
Канцэпцыя студыі аўтапартрэта наступная: там будзе вялікае люстэрка, і ў памяшканні будзе толькі кліент, выстаўленае святло, люстэрка і маленькі пульцік у руцэ. Чалавеку ніхто не будзе патрэбны для таго, каб правесці час з сабой і ў якасці кампліменту атрымаць класныя кадры.
Такі фармат падыдзе для інтравертаў, якія змогуць проста пабыць адзін на адзін з сабой, без сораму і нялоўкасці зрабіць прыгожыя і якасныя фотаздымкі, расслабіцца і адчуваць сябе камфортна.
Увогуле кожны чалавек зможа атрымаць задавальненне ад наведвання студыі аўтапартрэту.
“Ключавая фраза: тэрапеўтычная гадзіна з сабой. Вельмі важна адчуваць сябе, ведаць, які ты. І гэта ж настолькі класна, настолькі каштоўна: робячы кадры, ты бачыш у адлюстраванні сябе, які ты ёсць, і гэта выдатна! І ніхто не патрэбны для таго, каб захаваць сябе ў моманце”.
Сапраўды, часта мы не ўмеем своечасова спыніцца і падумаць нават пра саміх сябе, прыкмеціць свой шарм і індывідуальнасць. Такая практыка дазваляе чалавеку адчуць і заўважыць сваю прыгажосць, сваю непаўторнасць і ўнікальнасць, прыняць сябе і сваё цела, у нечым нават пазбавіцца нейкіх комплексаў, паразважаць, паслухаць любімую музыку. Можна і проста правесці час з сябрамі, блізкімі і каханымі людзьмі, захаваць гэтыя шчаслівыя моманты на памяць.
Быў у Дар’і і досвед арганізацыі гастранамічнага фестывалю “Смачна есці!”
“Я вельмі ганаруся гэтым праектам, гэта быў настолькі каштоўны досвед… Я цяпер, абарочваючыся назад, разумею, што за кароткі тэрмін была праведзена каласальная праца. Гэта было цудоўна! У самым цэнтры горада, і яшчэ так прыгожа фестываль скончыўся: пачаўся нейкі вар’яцкі дождж, мы танчылі пад гэтым дажджом… Ну, гэта было вельмі класна”.
Зараз у галаве Дар’і шмат творчых задум і планаў, яна заўсёды знаходзіцца ў руху, падтрымлівае праекты, якія існуюць зараз, і прыдумвае нешта новае.
“У мяне мозг уладкаваны так. Мне здаецца, я магу проста ісці па горадзе, убачыць нейкую класную пляцоўку і думаць аб тым, што тут можна зрабіць, як ўпрыгожыць сцяжкамі, агеньчыкамі, каго паклікаць…”
Welcome Market, фотастудыя Touche і новая фотастудыя аўтапартрэта – праекты, зробленыя з душой, у іх укладзены сілы, вопыт, энергія і цеплыня, што дазволіць ім надоўга заставацца цікавымі для наведвальнікаў, быць унікальнымі і непаўторнымі месцамі на мапе Берасця.
Бліц-апытанне
1. Кава ці гарбата?
Кава. Я зараз п’ю каву.)
2. Кот ці сабака?
Сабака.
3. Экстраверт ці інтраверт?
Экстраверт.
4. Дом ці кватэра?
Кватэра.
5. Адпачынак на моры ці ў гарах?
На моры.
6. Сава ці жаўрук?
Сава.
7. Кніга ці фільм?
Фільм.
8. Любімае месца ў Берасці?
Летняя тэраса Times Cafe.
9. Жыццёвае крэда?
Цярпенне і праца ўсё ператруць.
- Падпісвайцеся на старонку Дар’і.
- Таксама сачыце за навінамі Welcome Market, студыі Touche і студыі аўтапартрэта у іх сацыяльных сетках.