Калі вы лічыце, што глядзець фільмы і чытаць кнігі, а потым іх абмяркоўваць – гэта сумна, то вам да Ксеніі Супрунюк. Ужо праз некалькі сустрэч зразумееце: такое хобі бывае вельмі цікавым. Але пра ўсё па парадку.
Прага да мастацтва ў Ксюшы – з дзяцінства. Калі дзяўчына вывучала сусветную і айчынную гісторыю ва ўніверсітэце імя А.С. Пушкіна, усе яе курсавыя, дыпломныя работы былі тым ці іншым чынам звязаныя з тэатрам, кіно, кнігамі; падчас навучання Ксенія наведвала тэатральную студыю, а на старэйшых курсах Ксенію запрасілі ў мадэльную школу выкладаць акторскае майстэрства. Да гэтага былі пройдзены шматлікія акторскія курсы і трэнінгі, так што пра гэты від мастацства дзяўчына ведала не па чутках.
– Вопыт работы ў мадэльнай школе быў вельмі цікавы, але недзе праз год я зразумела, што хачу чагосьці большага, чым проста выкладаць адну дысцыпліну з многіх. На той момант я дакладна бачыла, як можа выглядаць курс, і разумела, што хачу займацца з тымі, хто марыць быць менавіта акторам, а не мадэлью. Так я прыйшла у Цэнтр дадатковай адукацыі, распавяла пра сябе і прапанавала адкрыць студыю акторскага майстэрства.
У хуткім часе тэатральныя заняткі сапраўды перараслі ў студыю «Эцюд», дзе дзеці і моладзь навучаліся па некалькім напрамкам: акторскае майстэрства, сцэнічная прамова, сцэнічны рух, гісторыя тэатра. Наведвальнікі студыі бралі ўдзел у шматлікіх гарадскіх, абласных і міжнародных конкурсах і перамагалі. Многія тады атрымоўвалі ад сапраўдных тэатральных дзеячаў рэкамендацыі працягнуць адукацыю ў спецыялізаваных навучальных установах. Рэгулярныя справаздачы студыі праходзілі на даволі высокім узроўні: заўсёды на сцэне тэатра, з гледачамі. Для Ксеніі, як для выкладчыка, было важна, каб удзельнікі міні-пастановак адчувалі сябе сапраўднымі акторамі і разумелі, што такое працаваць з добрым светам і гукам. Пасля такой падрыхтоўкі штогод некалькі чалавек працягвалі акторскую адукацыю ў навучальных установах на тэатральных факультэтах.
Студыя «Эцюд» існавала дзесяць гадоў, але аднойчы Ксенія прачнулася і зразумела: патрэбны перапынак, творчая вакацыя, пакуль не наступіла выгаранне. Адпачынак зацягнуўся на доўгія два гады. Але і сёння яна ўпэўнена, што гэтая старонка яшчэ не перагорнута.
– Зараз я разумею, што ідэя тэатральнай студыі можа быць адноўлена. Пакуль я не зусім уяўляю, дзе і ў якім фармаце, але ўжо сумую па тым перыядзе бязмежнага творчага палёту маіх «студэнтаў».
Зусім гісторыя з творчасцю не скончылася. Сёння Ксенія заснавала нешта кшталту клуба пра кіно і кнігі. За гады работы ў студыі сфарміравалася нейкае паразуменне, што і як глядзець, у якім фармаце пра гэта размаўляць.
– Звычайна мы сустракаемся анлайн штотыдзень. Чатыры разы на месяц глядзім і абмяркоўваем які-небудь фільм і раз на месяц – кнігу. Высветлілася, што дзяліцца думкамі даволі цікава і не займае так многа часу, як падаецца на першы погляд. Зразумела, што мы аналізуем не змест, а іншае ўспрыманне – гук, колер, прыёмы. Мы разбіраем карціну праз прызму свайго жыццёвага попыту, псіхалогіі, аналізуем свет, колер, здымкі, гістарычны кантэкст, візуальныя вобразы, акторскую працу. Такі пачуцційны, эмацыянальны попыт.
Матывацыяй з’яўлення гэтага клуба стала тое, каб людзі больш чыталі, глядзелі і аналізавалі. Хобі вельмі карыснае і дазваляе знайсці тых, з кім будзеш на адной хвалі. Таксама хацелася, каб наведвальнікі клуба замацавалі звычку чытаць. Так, на месяц абмяркоўваецца толькі адна кніга, але каб камфортна адчуваць сябе на анлайн-сустрэчах, яе трэба прачытаць да названай даты. Даволі часта можна пачуць, што на чытанне няма ніякага часу. Але калі выдзеліць на гэта 15–20 хвілін ў дзень, то можна даволі лёгка і павольна прачытать добрую кнігу за 30 дзён. Тым больш што «забіраеш» ты гэтыя хвіліны звычайна ў гаджэтаў. Чытанне развівае творчыя здольнасці, упэўненая Ксенія. А творчыя людзі – гэта заўсёды цікавыя суразмоўцы.
Спачатку ў клуб траплялі добрыя знаёмыя Ксеніі, але потым праз сарафаннае радыё аўдыторыя пашырылася. Сёння да клуба далучыліся дзяўчыны ва ўзросце 20–40 гадоў. Далучыцца да клуба вельмі лёгка – дастаткова проста напісаць у інсту. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная, але Ксенія стараецца рабіць так, каб у групе было камфортна працаваць і кожная ўдзельніца магла высказаць сваё меркаванне. Сёння ў праекце задзейнічаны не толькі дзяўчыны з Берасця, але і мінчанкі. Увогуле анлайн-фармат дазваляе далучыцца да праекта з любой часткі свету. Праграма прагляду складаецца так, каб ўдзельнікі праглядалі і абмяркоўвалі творчасць розных жанраў і розных рэжысёраў.
– Я адразу планавала, што гэты клуб будзе на платнай аснове, – кажа Ксенія. – Я плачу з гэтых актыўнасцей падаткі. І мне вельмі прыемна, што людзі згодны плаціць за пашырэнне свайго кругагляда.
Афіцыйна сустрэч афлайн клуб не праводзіць, але дзяўчыны з Берасця часам збіраюцца разам, каб пасядзець у кавярні ці схадзіць у тэатр. Сама аўтар ідэі ўсім прапануе вывучыць рэпертуар Тэатра лялек для дарослых.
– У многіх ёсць такое меркаванне, што гэта выключна дзіцячы тэатр. Але калі пільна вывучыць праграму на месяц, то зразумела, што ўвечары там паказваюць праграму для дарослых. Пастанова «Восеньскі марафон» – гэта шэдэўр, які раю пабачыць кожнаму, я і сама глядзела яго не адзін раз. Раю схадзіць таксама на «Халастамер», «Новую зямлю».
Спецыяльна для чытачоў «Дзецікава» Ксенія параіла некалькі твораў для барацьбы з восенькім (і зімовым) сплінам. Запісвайце:
– Боні Гармус, «Урокі хіміі»;
– Дэлі Оўэнс, «Там, дзе ракі спяваюць»;
– серыял з Кейт Бланшэт «Усе супадзенні не выпадковыя».
Напрыканцы размовы Ксенія дадае свае пажаданне чытачам:
– Глядзіце добрыя спектаклі, фільмы, чытайце мастацкую літаратуру. Гэта дазволіць вам зазірнуць у таемныя куткі вашае душы.
І невялічыкі бліц:
1. Тэатр ці кіно?
І тое, і тое. Вельмі люблю абодва віды мастацтва.
2. Еўропа ці Азія?
Еўропа.
3. Лета ці зіма?
Адкажу тэкстам з песні:
У природы нет плохой погоды, –
Каждая погода благодать.
Дождь ли снег – любое время года
Надо благодарно принимать.
4. Званок ці перапіска?
Перапіска.
5. Рака ці лес?
Лес.
Падпісвайцеся на старонку Ксеніі.