Калі вы лічыце, што глядзець фільмы і чытаць кнігі, а потым іх абмяркоўваць – гэта сумна, то вам да Ксеніі Супрунюк. Ужо праз некалькі сустрэч зразумееце: такое хобі бывае вельмі цікавым. Але пра ўсё па парадку.
Прага да мастацтва ў Ксюшы – з дзяцінства. Калі дзяўчына вывучала сусветную і айчынную гісторыю ва ўніверсітэце імя А.С. Пушкіна, усе яе курсавыя, дыпломныя работы былі тым ці іншым чынам звязаныя з тэатрам, кіно, кнігамі; падчас навучання Ксенія наведвала тэатральную студыю, а на старэйшых курсах Ксенію запрасілі ў мадэльную школу выкладаць акторскае майстэрства. Да гэтага былі пройдзены шматлікія акторскія курсы і трэнінгі, так што пра гэты від мастацства дзяўчына ведала не па чутках.
– Вопыт работы ў мадэльнай школе быў вельмі цікавы, але недзе праз год я зразумела, што хачу чагосьці большага, чым проста выкладаць адну дысцыпліну з многіх. На той момант я дакладна бачыла, як можа выглядаць курс, і разумела, што хачу займацца з тымі, хто марыць быць менавіта акторам, а не мадэлью. Так я прыйшла у Цэнтр дадатковай адукацыі, распавяла пра сябе і прапанавала адкрыць студыю акторскага майстэрства.
У хуткім часе тэатральныя заняткі сапраўды перараслі ў студыю «Эцюд», дзе дзеці і моладзь навучаліся па некалькім напрамкам: акторскае майстэрства, сцэнічная прамова, сцэнічны рух, гісторыя тэатра. Наведвальнікі студыі бралі ўдзел у шматлікіх гарадскіх, абласных і міжнародных конкурсах і перамагалі. Многія тады атрымоўвалі ад сапраўдных тэатральных дзеячаў рэкамендацыі працягнуць адукацыю ў спецыялізаваных навучальных установах. Рэгулярныя справаздачы студыі праходзілі на даволі высокім узроўні: заўсёды на сцэне тэатра, з гледачамі. Для Ксеніі, як для выкладчыка, было важна, каб удзельнікі міні-пастановак адчувалі сябе сапраўднымі акторамі і разумелі, што такое працаваць з добрым светам і гукам. Пасля такой падрыхтоўкі штогод некалькі чалавек працягвалі акторскую адукацыю ў навучальных установах на тэатральных факультэтах.
Студыя «Эцюд» існавала дзесяць гадоў, але аднойчы Ксенія прачнулася і зразумела: патрэбны перапынак, творчая вакацыя, пакуль не наступіла выгаранне. Адпачынак зацягнуўся на доўгія два гады. Але і сёння яна ўпэўнена, што гэтая старонка яшчэ не перагорнута.
– Зараз я разумею, што ідэя тэатральнай студыі можа быць адноўлена. Пакуль я не зусім уяўляю, дзе і ў якім фармаце, але ўжо сумую па тым перыядзе бязмежнага творчага палёту маіх «студэнтаў».
Зусім гісторыя з творчасцю не скончылася. Сёння Ксенія заснавала нешта кшталту клуба пра кіно і кнігі. За гады работы ў студыі сфарміравалася нейкае паразуменне, што і як глядзець, у якім фармаце пра гэта размаўляць.
– Звычайна мы сустракаемся анлайн штотыдзень. Чатыры разы на месяц глядзім і абмяркоўваем які-небудь фільм і раз на месяц – кнігу. Высветлілася, што дзяліцца думкамі даволі цікава і не займае так многа часу, як падаецца на першы погляд. Зразумела, што мы аналізуем не змест, а іншае ўспрыманне – гук, колер, прыёмы. Мы разбіраем карціну праз прызму свайго жыццёвага попыту, псіхалогіі, аналізуем свет, колер, здымкі, гістарычны кантэкст, візуальныя вобразы, акторскую працу. Такі пачуцційны, эмацыянальны попыт.
Спачатку ў клуб траплялі добрыя знаёмыя Ксеніі, але потым праз сарафаннае радыё аўдыторыя пашырылася. Сёння да клуба далучыліся дзяўчыны ва ўзросце 20–40 гадоў. Далучыцца да клуба вельмі лёгка – дастаткова проста напісаць у інсту. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная, але Ксенія стараецца рабіць так, каб у групе было камфортна працаваць і кожная ўдзельніца магла высказаць сваё меркаванне. Сёння ў праекце задзейнічаны не толькі дзяўчыны з Берасця, але і мінчанкі. Увогуле анлайн-фармат дазваляе далучыцца да праекта з любой часткі свету. Праграма прагляду складаецца так, каб ўдзельнікі праглядалі і абмяркоўвалі творчасць розных жанраў і розных рэжысёраў.
– Я адразу планавала, што гэты клуб будзе на платнай аснове, – кажа Ксенія. – Я плачу з гэтых актыўнасцей падаткі. І мне вельмі прыемна, што людзі згодны плаціць за пашырэнне свайго кругагляда.
Афіцыйна сустрэч афлайн клуб не праводзіць, але дзяўчыны з Берасця часам збіраюцца разам, каб пасядзець у кавярні ці схадзіць у тэатр. Сама аўтар ідэі ўсім прапануе вывучыць рэпертуар Тэатра лялек для дарослых.
– У многіх ёсць такое меркаванне, што гэта выключна дзіцячы тэатр. Але калі пільна вывучыць праграму на месяц, то зразумела, што ўвечары там паказваюць праграму для дарослых. Пастанова «Восеньскі марафон» – гэта шэдэўр, які раю пабачыць кожнаму, я і сама глядзела яго не адзін раз. Раю схадзіць таксама на «Халастамер», «Новую зямлю».
Спецыяльна для чытачоў «Дзецікава» Ксенія параіла некалькі твораў для барацьбы з восенькім (і зімовым) сплінам. Запісвайце:
– Боні Гармус, «Урокі хіміі»;
– Дэлі Оўэнс, «Там, дзе ракі спяваюць»;
– серыял з Кейт Бланшэт «Усе супадзенні не выпадковыя».
Напрыканцы размовы Ксенія дадае свае пажаданне чытачам:
– Глядзіце добрыя спектаклі, фільмы, чытайце мастацкую літаратуру. Гэта дазволіць вам зазірнуць у таемныя куткі вашае душы.
І невялічыкі бліц:
1. Тэатр ці кіно?
І тое, і тое. Вельмі люблю абодва віды мастацтва.
2. Еўропа ці Азія?
Еўропа.
3. Лета ці зіма?
Адкажу тэкстам з песні:
У природы нет плохой погоды, –
Каждая погода благодать.
Дождь ли снег – любое время года
Надо благодарно принимать.
4. Званок ці перапіска?
Перапіска.
5. Рака ці лес?
Лес.
Падпісвайцеся на старонку Ксеніі.
Калі ў вас дома жыве кот, то вы ведаеце, што самы вялікі стрэс для яго…
У лістападзе галоўная задача арганізму – дацягнуць да Новага года, пажадана здаровым. Таму што шэрасць,…
Хочаш зрабіць нешта сваё – пайдзі ў дэкрэтны адпачынак. Неўзабаве выхаванне малога дзіцяці нярэдка абуджае…
Цеплыня – бадай што самае падыходзячае слова, калі мы кажам пра гліну. Адразу ўспамінаеш тую…
Штрыхі складаюць вобраз і настрой. На палотнах людзі, якіх мы не ведаем, але нешта заёмае…
Канешне, гэта была невялічкая правакацыя – слова “сэкс” у назве лекцыі. Але ўсё шчыра: было…