Ёсць у нашым жыцці моманты “на скрыжаванні”. Калі ўтульны мір палае, калі сучаснае згублена, а будучыні няма. Дыягназ “анкалогія” – адзін з такіх выпадкаў. І ў цяжкія моманты так важна, каб побач былі людзі, што зразумеюць ці суцешаць, накрыюць цёплай коўдрай.
Вольга Асмалоўская аднойчы стала такой “коўдрай” для сваёй сяброўкі. А потым зразумела: так можна дапамагчы не аднаму чалавеку. Калі спачатку яна падтрымлівала словам, то цяпер пачала справай: спрабуе заняць чалавека, каб на нейкі час прайшлі смутныя думкі.
– Узнікла ідэя рабіць творчыя майстар-класы для жанчын, што апынуліся ў цяжкім псіхалагічным стане. Сёння мы правялі майстар-клас для тых, хто перажыў анкалагічнае захворванне. Да гэтага была сустрэча для жанчын, што перажываюць ці перажылі развод.
Вольга – вядомая ў горадзе фітатэрапеўт. Многія падпісаны на яе інстаграм Irmera. Яна вырабляе экалагічную касметыку, прадае на маркетах, а яшчэ захапляецца гістарычнай рэканструцыяй. На ўсё часу не хапае, але ёсць выхад – перадаць свой попыт іншым! Апошні майстар-клас пайшоў з яе хобі: жанчыны з клубу “I love life” упрыгожылі шоперы ў тэхніцы ручной набойкі.
Спачатку Вольга расказала пра саму тэхналогію, правяла экскурс ў гісторыю.
– Гэта адзін з даўніх метадаў аздаблення тэкстылю. І даволі танны, што было важна ў сярэднявеччы, – расказала Вольга. – Адкуль пайшла гэтая тэхналогія, дакладна невядома. На тэрыторыі Еўропы першыя тканіны з малюнкам датуюцца Х стагодзем. А самы стары драўляны штамп быў выраблены ў 1370-е гады. Ён захаваўся толькі з той нагоды, што ў свой час, верагодна, зламаўся і часткова быў прыспасоблены ў якасці ступенькі лесвіцы. Ўжо у тыя часы людзі разумелі, што малюнак трэба “люстэркаваць”, а літары пісаць наадварот. Сёння ў тэхніцы ручной набойкі выкарыстоўваюць сучасныя фарбы для тканіны і штампы – не толькі драўляныя, але і выкананыя з сучасных матэрыялаў. Частку сваёй калекцыі я заказвала ў майстроў. Частку – рабіла сама. Нават лінолеум можа падысці для такога.
Пасля кароценькай лекцыі дзяўчынам прапанавалі пабыць сярэдневяковымі майстрамі і даць волю фантазіі. Нехта хацеў паспытаць усе штампы на адным шоперы, вобразна кажучы, “надзець усё прыгожае адразу”. Іншыя дзяўчаты доўга выбіралі патрэбны штамп, каб нанесці акуратны малюнак, у якім няма “нічога лішняга”. Падабраць фарбу, размясціць выяўку… Высветлілася, што справа нялегкая. Але ж трэба было бачыць задавальненне на тварах жанчын! Адным словам, ідэя ўдалася.
А калі гэтая частка сустрэчы падышла да канца, жанчыны расклалі смачныя пірагі і цукеркі, і наладзілі гутарку ў вузкім жаночым коле пра ўсё на свеце. Хтосьці пра хваробу, а хтосьці пра жыццё.
– Прыходзячы на такі майстар-клас, ты пагружаешся ў атмасферу творчасці, пазнаеш шмат новага, атрымоўваеш масу станоўчых эмоцый, – падзяліліся ўражаннямі прымерныя “вучаніцы”. – Вольга вельмі цікавы разкачык і чалавек, яна любіць тое, чым займаецца.
Адным майстар-класам, вядома, справа не абмяжоўваецца. Дзяўчыны з групы падтрымкі вядуць актыўны лад жыцця, падарожнічаюць, сустракаюцца ў кавярнях. Пасля таго, як ты апынуўся на краі, пачынаеш больш цаніць жыццё і разумееш, што атрымаў ад лёсу сапраўднае багацце, хоць і на кароткі час…
- Падпісвайцеся на старонку Вольгі.
- А таксама на клюб “Я люблю жыццё”.