DzeЦікава & Ко

Мова на далоні: супольнасць, што аб’ядноўвае аматараў беларускай культуры

Мова на далоні – супольнасць аматараў беларускай мовы і культуры. Группа актыўнай моладзі, што аб’ядноўвае берасцейцаў і робіць культурны прадукт па-беларуску.

Ідэя стварэння супольнасці нарадзілася ў студэнцкім асяроддзі БрДУ. Параўнальна невялікая групка пачынальнікаў, аб’ядналася на падставе сваёй цікавасці да культуры, гісторыі і лінгвістыкі. Амаль адразу стала зразумела, што ведаў і ідэй не дастаткова, таму супольнасць пачала шукаць новых удзельнікаў. Ідэя была ў тым, каб сабраць прадстаўнікоў розных навуковых напрамкаў вакол культурных і крэатыўных пытанняў, тым самым стварыўшы прастору падтрымкі і міждысцыплінарнай ўзаемадзеі.

У межах універсітэту ладзіліся гульні, што спрыялі новым знаёмствам і збліжэнню ўдзельнікаў, размоўныя сустрэчы, дзе  часам уздымаліся фундаментальныя пытанні, што  спрадвеку турбуюць чалавецтва.

Але і ва ўніверсітэце з часам стала цесна. Захацелася памяняць кірунак і аб’яднаць не толькі студэнтаў з розных куточкаў нашай краіны, а яшчэ і залучыць тутэйшых, каб надалей развіваць мясцовую культуру, падтрымліваць ідэнтычнасць берасцейшчыны.

Першае пазаўніверсітэцкае мерапрыемства прайшло напрыканцы кастрычніку. Яно было прысвечана беларускай музыцы. Чаму менавіта такая тэма? Усё досыць проста і лагічна.

Немагчыма будаваць новае не маючы падмурку. Калі звяртацца да гісторыі, то нашыя народныя песні з’яўляюцца досыць старажытным і адначасова даступным для сучасных людзей элементам культуры. А калі заглыбіцца яшчэ троху ва ўспаміны, можна ўзгадаць, што менавіта з міфаў, легендаў, паданняў і песень пачынаецца курс літаратуры ў школе. І таму можна казаць пра прыроднасць абрання гэтай тэмы ў якасьці пачатку.

На самой сустрэчы ўдзельнікі, дзякуючы запрошанаму спікеру, аднавілі ў памяці базавыя веды пра народныя песні. Добрая частка сустрэчы была прысвечана дэманстрацыі і блізкаму знаёмству з народнымі музычнымі інструментамі. Можна казаць пра ўнікальнасць досведу, які атрымалі прысутныя, бо зараз, на жаль, не часта можна пачуць прыродны гук так апяваемай ў літаратуры жалейкі і часова загубленай у мінуўшчыне дуды. Акрамя тэорыі і жывога гуку, мерапрыемства ўключыла ў сябе практычную частку, дзе ўдзельнікі стварылі музычны інструмент з падручных матэрыялаў. Выразанне дудачкі з пластыкай трубкі, скажам шчыра, не ўсім далося лёгка, але ў выніку кожны панес з сабой невялічкі напамін пра сустрэчу.

У дадачу да афлайн мерапрыемстваў супольнасць вядзе інстаграм, у якім можна знайсці рубрыкі пра беларускія прыказкі, выбітных дзеячаў і цікавыя гістарычныя факты.


Падпісвайцеся на старонку “Мова на далоні”