DzeЦікава & Ко

Ганна Пуціліна: здароўе для кожнага

На сённяшні дзень тэма здароўя з’яўляецца вельмі важнай для грамадства, асабліва ў перыяд распаўсюджання сезонных інфекцый. Бадай кожны сучасны чалавек са шчырай цікавасцю адгукаецца, калі ў абмеркаванні закранаюцца праблемы правільнага харчавання і здаровага ладу жыцця. Канешне, людзі па-рознаму будуюць сваё жыццё, але трэнд працягвае распаўсюджвацца па планеце.

Нутрыцыялагіня Ганна Пуціліна, якая плённа працуе ў накірунку павышэння ўзроўню грамадскай свядомасці па пытаннях здаровага ладу жыцця і граматнай пабудовы сваёй уласнай спажывецкай культуры, праводзіць кансультацыі, лекцыі і сустрэчы з усімі зацікаўленымі, адказвае на пытанні і дае парады, якія будуць карыснымі для кожнага.

У рамках такой дзейнасці былі праведзеныя такія мерапрыемствы, як лекцыя для студэнтаў факультэта фізічнага выхавання і спорту БрДУ імя Пушкіна, сустрэча з мамамі першакласнікаў, якія толькі пайшлі ў школу і ў сувязі з гэтым павінны прайсці перыяд адаптацыі і падчас гэтага падтрымаць свой арганізм правільна, а таксама сустрэча для ўсіх жадаючых больш практычнага кірунку, на якой былі разабраныя асноўныя моманты.

Кожнае з мерапрыемстваў, якое было праведзена Ганнай, было напоўнена творчасцю і крэатывам, каб прыцягнуць увагу слухачоў і прымусіць іх больш уважліва засяродзіцца на пытаннях, якія падымаюцца напрацягу лекцыі.

«Для студэнтаў ўсё праходзіла ў форме гульні. Такі фармат быў выбраны з мэтай актываваць іх цікавасць, таму што, вядома, праводзіць мерапрыемства ў фармаце лекцыі для студэнтаў – гэта, напэўна, не зусім добрая ідэя, таму што да лекцый яны ўжо вельмі моцна прывыклі і перанасычаны» – адзначае яна.

Каб правесці гэтую гульню, Ганна Пуціліна сама актыўна праявіла ініцыятыву і звязалася з прадстаўнікамі спартыўнага факультэта і размова была арганізаваная:  была знойдзена добрая аўдыторыя, у якой прасторна і вольна размясціліся ўсе ўдзельнікі, Ганна прынесла абсталяванне і склала цікавыя пытанні. Гульня праводзілася  пры дапамозе прыкладання Kahoot, усе ўдзельнікі адсканавалі QR-коды, разбіліся на каманды. У гульні ўдзельнічала каля 50 чалавек і кожная каманда  назвала сябе пэўным чынам, каб потым даведацца свае вынікі, параўнаць рэзультаты, парадавацца за сваю каманду, якая, нібы карабель, як названая, так і паплыве. На экране на праектары з’яўляліся пытанні і адзін чалавек з каманды адказваў. У дадатку адразу бачны адказ і гэта дапамагала арыентавацца ў прасторы гульні і сачыць за сваімі вынікамі.

«Пытанні такія былі… ну,  правакацыйныя. Я стварыла іх для таго, каб стымуляваць задумацца, падумаць, як і што, а перад самой лекцыяй я правяла апытанне пры дапамозе гугл-формы, каб зразумець, на якім узроўні знаходзіцца іх свядомасць у плане гэтых асноўных момантаў, якія я закранаю ў гэтым апытальніку. Потым я правяла яшчэ адзін апытальнік, больш за ўсё шок у іх выклікала тое, што вытворцы выкарыстоўваюць не проста рандомныя спалучэнні прадуктаў, а тэстуюць гэтыя ўсе смакі на людзях, укладваюць у гэтыя даследаванні велізарныя грошы і таму мы атрымліваем фастфуд такі смачны, ад якога немагчыма адмовіцца»

Падчас мерапрыемства лектарка задавала студэнтам пытанні па захворваннях, пра атлусценне і многія факты прымусілі слухачоў здзівіцца, былі разбітыя некаторыя міфы ў вобласці здароўя.

«Самае рэзананснае пытанне, на якое ўсе практычна адказалі няправільна, было пра тое, што газіроўка руйнуе косці. Аказваецца, нашы студэнты пра гэта не ведаюць, а такіх даследаванняў вельмі-вельмі шмат, і вельмі шмат у прынцыпе ў адкрытым доступе інфармацыі ў інтэрнэце, і вось пра гэта мы з імі трошачкі пагаварылі… Ну і ў канцы я правяла яшчэ раз апытанне і пра газіроўку былі ўжо зусім іншыя адказы: калі ў пачатку – «ну, нічога страшнага ў ёй няма», то ўжо потым яны задумаліся і гэта стымулявала іх да таго, каб рэальна чытаць, глядзець і падыходзіць больш свядома да выбару тых жа прадуктаў і наогул да свайго жыцця»

Лекцыя цягнулася гадзіну, пасля яе ўсе ўдзельнікі атрымалі прызы –  злж-прысмакі і ўсе былі задаволеныя, ёсць фатаграфіі і студэнты напісалі нататку ў сваім універсітэцкім чаце, падзяліліся эмоцыямі. Пасля мерапрыемства да Ганны Пуцілінай таксама падыходзілі выкладчыкі, дзякавалі за гульню, таму што на мерапрыемстве прысутнічаў некалькі выкладчыкаў і ўсе засталіся задаволеныя цікава праведзеным часам і атрыманымі ведамі.

Таксама Ганнай Пуцілінай было зладжана мерапрыемства, прысвечанае здароўю дзяцей-першакласнікаў, для якога першапачаткова была створаная фокус-группа –  кліенты, якія і папрасілі стварыць лекцыю, таму што зараз дзеці пайшлі ў першы клас і многія бацькі сутыкнуліся з рознымі праблемамі.

 «На мерапрыемстве мы закранулі ў прынцыпе базу таго, навошта яно нам і што важна для дзяцей у першым класе, на што зрабіць упор у харчаванні, якія прадукты дадаць, на што наогул звярнуць увагу, што выключыць з рацыёну і як карміць дзяцей правільна і смачна»

Вядома, школьнае харчаванне таксама ёсць, але дзеці могуць дома снедаць і вячэраць,  школьнае харчаванне – адзін раз у дзень, асноўная нагрузка ўсё роўна ідзе дома і вельмі важна знайсці баланс.

Ганна паўтарыла поспех папярэдняга мерапрыемства і таксама ўключыла ў лекцыю элемент гульні, з дапамогай якой слухачкі змаглі замацаваць свае веды.

Падчас лекцыі ўдзельніцы разабралі асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца бацькі, задавалі пытанні аб тым, што іх турбуе, Ганна Пуціліна ўласнаруч гатавала свае прысмакі без цукру, выкарыстоўваючы звычайныя прадукты, якія пры гэтым з’яўляюцца больш паўнавартаснымі, чым альтэрнатыва з белай мукі.

 «Вельмі такая цёплая атрымалася сустрэча, было няшмат людзей,  вядома, ў такой атмасферы атрымаўся просты сямейны круг: стол, гарбата, пачастункі…Было вельмі класна і такія сапраўды цёплыя водгукі былі. Прайшла сустрэча і людзі адразу ж зрабілі крокі да таго, каб змяніць, разнастаіць рацыён. Пасля гэтай сустрэчы людзі  таксама запісаліся на кансультацыі, мы вельмі прадуктыўна пагутарылі»

Для яе было вельмі важна тое, што аўдыторыя прыслухалася да яе парад і хутка пачала ўжываць атрыманыя веды на практыцы:

«Дзяўчаты мне таксама сказалі, што некаторыя прадукты яны ўжо замовілі і гэта было крута, таму што сапраўды некаторыя прадукты, напрыклад кедравы жмых, кедравы арэх, яны вельмі багатыя вітамінамі і мы часта замест іх выбіраем для дзіцяці які-небудзь M&M’s. Ну, зразумела, есці кедравыя арэшкі – не зусім клас, хоць гэта і вельмі смачна, але іх можна выдатна выкарыстоўваць: дадаваць кедравы жмых у вафлі і ў печыва, напрыклад. Дзіця нават не будзе гэтага ведаць і разам з тым будзе ўжываць большую колькасць карысных рэчываў»

Таксама Ганнай Пуцілінай была праведзеная сустрэча для ўсіх жадаючых, ухіл быў на жанчын, але прыйшлі і мужчыны, што было вельмі прыемна і нечакана для арганізатаркі.  Гэтая сустрэча мела ўжо больш практычную скіраванасць: на ёй былі разабраныя дзённікі харчавання падапечных лектаркі, былі разбураныя міфы пра тое, як павінна выглядаць правільнае харчаванне, што сапраўды правільна, а што – не. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі вучыліся харчавацца паўнавартасна.

«Я распавяла, дзе што можна купіць, як хутчэй прыгатаваць пры дапамозе замарозкі, нарыхтовак, якія прадукты варта купляць. Я падрыхтавала прэзентацыю на 50-60 лістоў, там была прамая інструкцыя да дзеяння,  гэта значыць «бяры і рабі». Гэта не семінар пра ежу пра бялкі, тлушчы, вугляводы і ла-ла-ла, а гэта былі заняткі менавіта аб тым, як дасягнуць здароўя, гэта значыць больш практычная інфармацыя аб тым, як гэта зрабіць па пунктах»

Таксама ў канцы сустрэчы была праведзена гульня, лектарцы вельмі спадабаўся такі творчы фармат, які выдатна замацоўвае матэрыял, бо калі проста задаць пытанні, то людзі саромеюцца на іх адказваць, хтосьці наогул прыйшоў пасядзець ціхенька, адпачыць, а гульня стымулюе людзей, уключае азарт. Былі некаторыя пытанні, якія ў аўдыторыі не былі разабраныя і таму Ганна свядома дадавала іх у гульню, каб мець магчымасць зноў жа зрабіць на гэтым акцэнт, стымуляваць людзей самастойна нешта вывучыць і пачытаць.

«Хацела я, каб у нас у канцы быў пачастунак, але выйшла так, што мы адразу гэта ўсё расклалі і шчасна ўсё з’елі, я нават нічога не паспрабавала. Я таксама рыхтавала сама печыва і пернікі, ну а сустрэча праходзіла ў кафэ, можна было спусціцца, замовіць каву, гарбату. У нас была ўтульная, камерная атмасфера, ўсе размаўлялі, смяяліся і ў прынцыпе ўсё прайшло добра, таксама атрымалася шмат водгукаў, відэа, і фота. Наогул, спагадлівыя такія дзяўчынкі, мне адразу дапамаглі накрываць на стол,  абсалютна незнаёмыя людзі дапамаглі раскласці гэта ўсё на талеркі, ваду разліць, і ў прынцыпе, мне здаецца, на такія мерапрыемствы і прыходзяць такія людзі, якія хочуць нечаму навучыцца, а не проста каб паспрачацца. Былі пытанні таксама ў канцы лекцыі, было некаторае абмеркаванне, так што ўсё прайшло ў станоўчым ключы»

Пасля мерапрыемства Ганне прыйшло некалькі паведамленняў аб тым, якія тэмы слухачкі хацелі б закрануць у наступны раз, але зразумела, што гэта занадта вялікая нагрузка, неабходна рыхтавацца мінімум тыдзень, памяшканне, лекцыі – усё гэта павінна быць і па візуале таксама шыкоўна, але такія мерапрыемствы будуць праводзіцца і надалей, тым больш што арганізатарцы вельмі спадабаўся такі фармат працы.


Падпісвайцеся на старонку Ганны.