
Яшчэ ёсць час наведаць унікальную выставу ў Мастацкім музеі.
Калі вы лічыце, што выстава – гэта сумна, то самы час наведацца ў Мастацкі музей, што на Цэнтральным востраве крэпасці. Да 22 мая тут праходзіць выстава “Архітэктурныя жарсці”, якую давезла да нас каманда галерэі сучаснага мастацтва “FARBA”. Вас чакае не акадэмічная лекцыя пра стылі і напрамкі, а цікавае падарожжа па тонкасцях архітэктуры розных гістарычных перыядаў.
– Мы ўжо некалькі год ладзім падобныя выставы ў сталіцы, летась вырашылі пайсці ў абласныя цэнтры, – распавядае адзін з арганізатараў выставы Аляксей. – Першым быў Гомель. Там і зараз параллельна з Берасцем праходізць выстава пра Фрыду Кала. Потым былі іншыя гарады ўсходняй часткі Беларусі – Магілёў, Віцебск. Цяпер выйшлі на Берасце, наступнай будзе Гародня.
Кожная выстава каманды – не проста “на паглядзець”. Гэта абавязковы інтэрактыўны кампанент і дэманстрацыя таго, што з мастацтвам можна ўзаемадейнічаць. Так, па QR-кодзе можна трапіць на квэст па мерапрыемству. Гэта не складаная высокаінтэлектуальная гульня, а хутчэй тэст на ўважлівасць. Квэст даступны напрацягу ўсяго часу, што працуе выстава, дастаткова проста смартфона! І, паводле выстаў у Мінску, пэўная катэгорыя наведвальнікаў прыходзіць менавіта паўдзельнічаць у квэсце!
– Такі фармат даволі папулярны, ён нібыта набліжае чалавека да мастацтва. Мы заўважылі, что на нашыя мерапрыемствы ў мінскім Палацы мастацтваў часам прыходзіць больш наведвальнікаў, чым на буйныя выставы, якія ладзяцца ўжо шмат гадоў. Гэта вельмі прыемна. Нашая мэта – не “загрузіць” чалавека складанымі тэрмінамі. Мы хочам паказаць праз эмоцыі, што архітэктура – гэта цікава. Напрыклад, чыгуначны вакзал Берасця параўноўваем з “Хогвартсам”.
У апошняй зале выставы гледачоў чакае імерсійнае кіно пра Антоніа Гаудзі. Дзякуючы праекцыям на тры сцяны і падлогу можна максімальна пагрузіцца ў творчасць гэтага выбітнага іспанскага архітэктара. Гэта фільм на паўгадзіны без закадравага голасу, але з вельмі відовішчным візуалам. Фільм дэманструецца ў рэжыме нон-стоп цягам працы самой выставы, то-бок яго можна пачаць глядзець у любы момант.
Для кожнай сваёй выставы каманда рыхтуе новыя “фішачкі”. Таму тое, што дэманструецца ў сталіцы, можа значна адрознівацца ад берасцейскай версіі. Мэта здзіўляць – адна з асноўных. Напрыклад, сёння ёсць варыянты выстаў з дапоўненнай рэальнасцю.
Ці плануюць мінчане прыехаць да нас зноў?
Пэўна так. У кастрычніку-лістападзе ёсць намер завітаць у Берасце, на гэты раз з выставай “НейраБеларусь”. Той самай, дзе наша краіна дэманструецца так, як яе бачыць штучны інтэлект. Выстава чакаецца на тым жа месцы, ў Мастацкім музеі.