
Уявіце: літаральна ў гэты момант у Берасці нараджаецца новая ідэя, каторая, упэўнены, вам спадабаецца. Што тут скажаш: мы ад яе ў поўным захапленні. Цікава, што праекту крышачку больш за месяц, а ён ўжо даволі ўпэўнена стаіць на нагах і з вашай дапамогай можа расквітнець, набыць масштаб і аб’ём.
Інтрыга? А цяпер падрабязнасці.
Знаёмімся: Ксенія Прыгон, журналістка, ілюстратарка. Дзевяць год таму пераехала ў Берасце з… Санкт-Пецярбурга. Тады гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Ксенія сустрэла хлопца з нашага горада, маладыя закахаліся, зладзілі вяселле. Так, у параўнанні з Севернай сталіцай Расіі, горад невялікі, але на той момант ён адчыняў вароты ва ўсе краіны Еўропы. Ксеніі прыйшлося развітацца з любімай журналістыкай, але падчас адпачынку па ўходу за дзецьмі яна асвоіла новую прафесію ілюстратара.
– Я скончыла мастацкую школу яшчэ ў дзяцінстве і вырашыла паспрабаваць. Анлайн-курсы дазволілі мне пашырыць веды і навучылі працаваць у графічных рэдактарах. Першы час адчула на сабе “сіндром самазванца”, але апошнім часам стараюся ўсё ўпэўненей называцца ілюстратарам.
Першапачаткова Ксенія рабіла ілюстрацыі на заказ. Гэта быў з большага штучны тавар пад патрэбы канкрэтнага чалавека. Але сустракаліся і значныя праекты. Напрыклад, ідэі для мерчу “Мазгабойні”. Восенню надыходзіла гарачая пара для календароў, і Ксенія таксама рабіла іх са сваімі ілюстрацыямі. А ў сакавіку прыйшла новая ідэя: стварыць серыю паштовак пра Берасце.
– Тут супала некалькі фактараў, – паясняе Ксенія. – Па-першае, я заўважыла, што ў горадзе няшмат сувенірнай прадукцыі ў невялікім кошце, каторую хочацца забраць турысту. Па-другое, да мяне даволі часта прыязжаюць сябры з Расіі, ім вельмі падабаецца горад, і яны заўсёды шукаюць, што б такое набыць у якасці напаміна. Усе мае паштоўкі часткова аўтабіяграфічныя, але кожны можа знайсці ў гэтых выявах часцінку сваіх пачуццяў.
Так, паштоўка з выявай Холмскіх варот часткова спісана сямейнага эпізоду самой Ксеніі: калі ў цябе малыя дзеці, ты заўсёды хочаш сфатаграваць іх, а яны разбягаюцца ў розныя бакі. Выява з бабуляй, што шпацыруе па знакамітых берасцейскіх дворыках, была падгледжана Ксеніяй падчас экскурсіі па тым самым дварам. Яшчэ два гады таму “нагледжаная” Ксенія зрабіла фотаздымак бабулі, і вось нарэшце гераіня знайшла свой адбітак у ілюстрацыі. Ну а паштоўка з памятнікам тысячагодзя – такое далікатнае прывітанне ўсім сябрам Ксеніі, каторыя вяртаюцца ў горад зноў і зноў.
Як толькі Ксенія апублікавала першыя паштоўкі ў Інстаграм, здарылася дзіўнае: аднымі з першых замоўцаў сталі не турысты, а былыя берасцейцы, якія даўно не жывуць тут. Ёй пісалі, прасілі даслаць партыю паштовак, дзякавалі за тое, што яны атрымаліся з характэрнымі жывымі персанажамі, за адчуванне, што чалавек нібыта сам апынуўся ў горадзе і падгледзеў “малюнкі з жыцця”.
Сёння паштоўкі можна набыць у буйных сувенірных крамах горада, але Ксенія шукае новыя і новыя пляцоўкі і будзе ўдзячная за падказкі.
– Пакуль не магу сказаць, ці атрымала мая ідэя падтрымку ў пакупнікоў, таму што толькі на пачатку красавіка паштоўкі з’явіліся ў адкрытым продажы. Але па водгуках тых, хто замаўляў праз Інстаграм, ідэя падабаецца.
А на восень новыя планы: зрабіць тэматычны каляндар па матывах берасцейскіх выяў і вобразаў. Здаецца, гэта можа стаць новай цудоўнай традыцыяй – пачынаць год з календара пра Берасце.