
Як зрабіць Берасце горадам-садам?
Прапанаваць жыхарам самім садзіць дрэвы ў гарадскім асяроддзі.
Гэтых людзей не спыніць. Надвор’е ў суботу, 10 мая, зусім не спрыяла праменаду, але на Набярэжнай раніцай утварыўся нязвыклы для гэтага часу наўтоўп. Яшчэ і падчас маркотнага, як англійскі туман, дажджу. Набліжаемся і бачым: гледачам паказваюць яркі майстар-клас па пасадцы дрэваў. Гарадскі ляснічы Анатоль па гэтым спецыяліст, словы падбірае вобразныя – так, што захапляе усё больш і больш людзей.
На гэты раз мэтай сустрэчы было аднаўленне алей на Набярэжнай. Зялёную зону ўладкавалі некалькі год таму, цяпер надышоў час дасадзіць тыя расліны, што пацярпелі ад непагоды і загінулі. Так, ўздоўж веласцежкі раскінуліся шыкоўныя паўлоўніі. Нягледзячы на суровую вясну, яны далі прывабнае цвяценне бледна-ліловымі кветачкамі-званочкамі. Але гэтым паўлоўніям ужо шэсць гадоў, і частка раслін пацярпела ад непагоды і суровых зім. Таму частку дрэваў трэба дасадзіць.
Такая ж сітуацыя з суседняй алеяй магнолій, што ідзе побач. А да дзіцячай пляцоўкі просіцца цень ад дубоў.
Проста высадзіць расліны – мала. Хочацца, каб жыхары цанілі нашу зялёную прастору і апякалі яе. І вось у “зяленай феі” Марыі ўзнікла ідэя зрабіць так, каб у кожнага дрэва быў свой апякун. Быў кінуты кліч праз сацыяльныя сеткі, і вельмі хутка кожнае дрэва – усяго каля 40 саджанцаў – набыла свайго патрона.
– А можна мне магнолію?
– Мы запісваліся на паўлоўнію!
– А тут сям’я з Мінску папрасіла зарэзерваваць для іх два дрэвы, за якімі яны будуць даглядаць кожны раз, калі прыедуць на радзіму ў Берасце.
Так, у Машы выдалася вельмі турботная субота – ўсіх прыпомніць, запісаць, нікога не пакрыўдзіць.
У аднаўленне алеі з паўлоўніямі сваю лепту ўносілі студэнты-урбаністы. Некаторыя з іх прыйшлі на мерапрыемства адразу пасля лекцыі, у модных штанах і ботах. За іх работай назіраў адзін з лектараў Мікалай Мікалаевіч Уласюк, ён жа – галоўны архітэктар вобласці, а па сумясціцельству – аматар зялёных насаджэнняў.
Анатоль жа, здавалася, быў у гэты момант усюды. І гэта зразумела: менавіта ён займаўся разработкай ландшафта Набярэжнай, калі яе добраўпарадкоўвалі колькі год таму. І за кожную расліну, якую ён прывёз сюды са свайго пітомніка, ён нёс асабістую адказнасць.
Цяга да зялёнага ў яго са студэнцтва. Аднойчы ён, студэнт Акадэміі мастацтваў (дарэчы, зараз ён з супругай займаецца рэзкай па камяню), апынуўся ў Батанічным садзе. На сваё здзіўленне, Анатоль зразумеў, што не ведае назваў большасці раслін, што сустрэліся яму там. Ён пачаў вывучаць тэму, праседжваў у бібліятэцы за кнігамі па батаніцы. Так расліны сталі яго страсцю.
Уявіце: чалавек садзіць некалькі дзясяткаў паўдневых экзотаў, каб высветліць, ці змогуць яны выжыць у нашых шыротах. Калі хоць адна-дзве раслінкі выжываюць, можна думаць пра тое, што від можа адаптавацца да нашых умоў.
Анатоль – чалавек азартны і перадае гэтае пачуццё ўсім навокал.
Да абеду ўсе расліны былі высаджаны. Дарэчы, гэта ўжо другі такі праект, які збліжае ўлады і людзей на шляху да агульнай і карыснай для ўсіх мэты. Мiнулы раз высадка дрэваў адбылася па ініцыятыве іншых аматараў ў Гарадскім садзе (глядзiце наш рэпартаж па спасылцы).