Будзь актыўным

З IT ў мастацтва: гісторыя Аль Шэйхахмад Галі

Жыццё шматграннае, яскравае і непаўторнае. Каб намаляваць яго, кожны выбірае свае фарбы і адценні, адлюстроўвае сваё светаўспрыманне і свае эмоцыі, стварае уласны твор мастацтва. Пра мастацтва і пра тое, як увасобіць мары ў рэальнасць, выдатна ведае наша новая гераіняАль Шэйхахмад Галя, мастачка-абстракцыяністка і стваральніца івент-прасторы blanca.deck.

Пачыналася ўсё з прафесіі, якая, здаецца, зусім не звязаная з творчасцю: дзяўчына трапіла ў мастацтва са сферы IT:

«Я патрапіла пад скарачэнне. Афігела, узяла два месяцы на адпачынак перад пошукам новага месца.

Але ў выніку перадумала вяртацца. Зразумела, што ў дзейнасцi распрацоўшчыка ў апошнія гады мне падабаўся толькі добры заробак, але сама праца мяне не запальвала».

 

Праца ў IT і жыццё мастачкі значна розняцца: калі вырашаеш ствараць нешта сваё, узнікае неабходнасць прымяраць на сябе шмат розных роляў, каб развівацца і прэзентаваць сябе.

«Тут не ўсё так стабільна, як у працы па найме. Затое можна рэалізаваць усе свае ідэі і рабіць з палаючымi вачыма».

Для Галі важна, каб мастацтва падымала эмоцыі, каб яно заахвочвала людзей думаць і даследаваць, чапляла іх. Часта абстрактныя карціны могуць інтэрпрэтавацца па-рознаму, выклікаць розныя эмоцыі і адчуванні. І гэтым яны і цікавыя.

«Мне заўсёды цікава даведацца, што людзі адчуваюць і як успрымаюць мае карціны, і параўнаць гэта са сваімі адчуваннямі», – прызнаецца мастачка.

На яе думку, мастацтва не павінна быць зразумелым з першага кантакту і не заўсёды яго трэба спрабаваць растлумачыць: часам трэба проста адчуць.

«Часта абстракцыя сутыкаецца з неразуменнем і фразамі дзіцячая мазня, мае дзеці могуць так намаляваць, але ўсё гэта абсалютна не павінна хваляваць мастака».

Уся прыгажосць мастацтва ў тым, што яно рознае і шматграннае.

Важнае месца ў жыцці Галі займае івент-прастора blanca.deck, якая стваралася на працягу сямi месяцаў намаганнямi самой мастачкі, яе мужа і сяброў. У гэты праект было ўкладзена шмат сіл і часу, але працэс яшчэ не завершаны: многія ідэі чакаюць свайго ўвасаблення.

«Blanca.deckгэта жывы арганізм. Прастора са сваімі каштоўнасцямі і філасофіяй. Я вельмі хацела, каб усе мерапрыемствы ў Blanca.deck падтрымлівалі такія каштоўнасці, як шчырасць і глыбокі кантакт з сабой, стварэнне з любові, эстэтыка і крэатыўнасць, якасць, кам’юніці».

 

 

Менавіта такую атмасферу мастачка iмкнецца стварыць на сваіх івентах: абстаноўку, у якой людзям заўсёды камфортна і лёгка быць сабой і раскрывацца.

«Напэўна, гэта мая суперсіла» – зазначае Галя.

Ідэі для івентаў нараджаюцца з назіранняў, з перыяду/сезона і з таго, якіх эмоцый аўтарка жадае дамагчыся (што павінны адчуць яе госці і яна сама).

Галя кажа, што крыніцай натхнення для яе служаць розныя крэатыўныя акаўнты ў інстаграме (крэатары, брэнды, арганізатары мерапрыемстваў і інш.), таксама яна натхняецца музыкай, мастацтвам і людзьмі.

«У першую чаргу мне важна, каб тэма івента была цікавая для мяне і запальвала мяне, але важна выклікаць увагу i ў людзей, для якіх гэта ствараецца. Аднак я не буду рабіць тое, што цікава іншым, але не мне. У івенце не будзе маёй душы і энергіі, – а сэнс тады ў такіх івентах

Часцей за ўсё івенты стварае сама Аль Шэйхахмад Галя ці яны адбываюцца ў калабарацыі з іншымі людзьмі, якія падзяляюць каштоўнасці, закладзеныя ў аснову прасторы Blanca.deck.

«Гэта заўсёды людзі, блізкія мне па духу. Гэта творчыя, амбітныя, цікавыя людзі, якія кайфуюць ад сваёй справы. Калі ў нас адно бачанне івента, лёгкая і шчырая камунікацыя, тады і нараджаюцца крутыя падзеі».

 

На пытанне аб марах і творчых планах Аль Шэйхахмад Галя адказвае так:

«Я хацела б, каб пра маю прастору даведалася як мага больш людзей (не толькі ў Берасці, але і ў іншых гарадах), каб у ёй увесь час кіпела жыццё і рэгулярна праходзілі івенты. Хачу знаходзіць новыя фарматы, удасканальваць іх і дарыць людзям незабыўныя эмоцыі. Я хачу стварыць кам’юніці каштоўнасцяў і інтарэсаў.

Таксама думаю пра падрыхтоўку прасторы да фармату каворкінгу. Каб было ўтульна, натхняльна і камфортна».

 


Бліц-апытанне:

 

Кава ці гарбата?
Гарбата.

 

Кот ці сабака?
Кот. Я сама жыву з трыма коткамі і адным катом.

 

Экстраверт ці інтраверт?
Экстраверт.

 

Дом ці кватэра?
Кватэра, але з дачай.

 

Адпачынак на моры ці ў гарах?
У гарах.

 

Сава ці жаўрук?
Сава.

 

Кніга ці фільм?
Фільм.

 

Любімае месца ў Берасці?
Blanca.deck, sarai.

 

Жыццёвае крэда?
Поспехгэта колькасць спроб.


Вы можаце падпісацца на мастачку ў сацсетках:

і прасачыць за развіццём івент-прасторы Blanca.deck: