Будзь актыўным

Фея гартэнзій у гарадской прасторы

Маша Абармук ўся створана з кветак і раслін. Нават вопратка такая – ў стылі эка. Хто мог падумаць, што яшчэ некалькі гадоў таму яна была проста выкладчыцай замежнай мовы у ВНУ, а сёння сапраўдная каралева раслінаў у Берасці. Шэраг яркіх праектаў па сумеснай пасадцы дрэваў, абмену хатнімі кветкамі – усё гэта ўдаецца сумяшчаць з выхаваннем двухлеткі Лукі і упрыгожваннем свайго сада. Яна – нібы сонечных прамень, што асвятляе асяродзе.

Мне шчасціць, я дзіўным чынам знаходжу аднадумцаў маім ідэям, – усміхаецца Маша. У Берасце яна трапіла з аднаго з райцэнраў калі стала студэнткай Брэстскага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна. Гады вучобы, потым магістратура і выкладчыцкая дзейнасць. Увесь гэты час Марыя вандравала па здымным кватэрам і не думала пра тое, што аднойчы ў яе будзе асабісты дом і сад. Нават з раслінамі ўзаемадзейнічала выключна на “вы”. А сёння ўсё гэта ёсць.

Атрымалася даволі выпадкова. Марыя як раз мяняла кватэру, калі пазнаёмілася са сваім будучым мужам Андрэем. Яна жыла ў самым цэнтры горада і даволі хутка адчула, што ў аднапакаёўцы на верхнім паверсе ёй душна. Адносіны складываліся сур’ёзныя, Андрэй зрабіў дзяўчыне прапанову, а разам з гэтым… пражыванне асобна ад бацькоў на дачы. Гэта быў добраупарадкаваны дом, разлічаны на знаходжанне круглы год, але на ўчастку трэба было шмат паработаць, каб прывесці яго ў добры стан. А калі ў цябе выпадкова з’яўляецца няхай невялічкая, але сямейная сядзіба, волей няволей пачынаешь вывучаць дзіўны раслінны свет. Марыю тэма захапіла так, што цяпер яна не бачыць сваёй будучыні без прыроднага асяроддзя. Мара на максымум – займець сваю фермерскую гаспадарку. І сёння маленькімі крокамі Марыя з Андрэем рушацца ў бок здзяйснення гэтых намераў.

Screenshot

Пражываючы ў лясным дачным масіве, Марыя падбірала “ключы” да бацькоў Андрэя, спрабуючы пераканаць іх у тым, што замест градак можна зрабіць сапраўдны дзіўны сад. Гэты працэс і сёння не скончаны, але ўсе ініцыятывы маладых бацькі ўспрымалі вельмі станоўча. Сама сядзіба знаходзіцца ў дзіўным месцы – недалёка ад горада, але ад іншых масіваў адрозніваецца тым, што там даволі невялікая плотнасць дамоў і можна жыць даволі абасоблена ад суседзяў. Канешне, з цягам часу Маша марыць пра сапраўдныя фермерскія ўзгодзі.

 

У дзіўны мір раслінаў Машу прывёў… муж. Ён даволі працяглы час захапляўся вырошчваннем хатніх раслін. Марыю больш цікавіў сад, але высветлілася, што і гэты пункт гледжання на зялёнае даволі цікавы. Таму паралельна з уладкаваннем свайго сада, Маша пачала ладзіць ініцыятыву па абмене хатнімі раслінамі. Раз на некалькі тыдняў прыхільнікі кватэр-садоў збіраюцца ў кавярні “Таполі” каб падзяліцца адкрыццём сваіх хатніх назіранняў за кветкамі і абмяняцца расткамі. Гэтыя сустрэчы шчыльна ўвайшлі ў жыццёвыя графікі некалькіх дзесяткаў берасцейцаў, і з цягам часу сталі нават сямейнымі пасядзелкамі.

І гэта толькі на першы погляд падаецца, што ўсё можна арганізаваць адзін раз, а далей пойдзе па накатаннай. Для таго, каб арганізаваць сустрэчу, Марыя рэгулярна вядзе інстаграм, дзеліцца абвесткамі, адказвае на прыватныя паведамленні. Гэта забірае нямала часу.

А з вясны Марыя з сябрамі – Анатолем і Дар’яй прыдумалі новую ініцыятыву, пасадзіць фамільныя дрэвы ў розных кутках нашага горада. У маі была Набярэжная. (наш рэпартаж з пасадкі фамільных дрэў на Набярэжнай у маі).  Мэта двайная. З аднаго боку даць людзям магчымасць атрымаць дрэва, да якога можна будзе прыходіць пакаленнямі, паказваць дзецям і ўнукам. Але ёсць у гэтым праекце і іншы ракурс. Зялёныя пасадкі на Набярэжнай былі зроблены больш за пяць гадоў таму падчас добраупарадкавання. За гэты перыяд частка раслінаў загінула. І акцыя гэтага года накіравана на тое, каб “парамантаваць” тое, што зламана пад дзеяннем гадоў і стыхій. Таму ўсе пасадкі праводзіліся строга з планам, распрацаваным некалькі гадоў таму назад і па ўзгадненню з гарадскімі ўладамі. Гэта не адзіная такая акцыя – на лета плануецца некалькі такіх сустрэч з берасцейцамі, каторыя хочуць займець свае сямейнае дрэва ў розных частках горада.

У мяне ёсць яшчэ некаторыя думкі. Напрыклад, арганізаваць у горадзе “Сад цішы”, дзе можна было б пасадзіць дрэва ў памяць пра чалавека, які пайшоў з гэтага свету. Такім чынам смерць можа ўспрымацца не як трагедыя, страта, а як пераход у іншае вымярэнне. Так, гэта даволі сумна, але абок са смуткам ідуць светлыя ўспаміны пра чалавека, які назаўжды захаваўся ў нашым сэрцы. І вось такі сад мог бы нагадваць людзям пра светлыя моманты, калі чалавек быў жывы. Па гэтай тэме мы яшчэ не звярталіся да ўладаў, але спадзяемся, ідэя знойдзе вотклік.

Ёсць ў Машы і новыя ідэі, чым бы яна хацела займацца, як скончыцца адпачынак па ўходу за сынам. І гэта снова сады, але на прыватных участках. Марыя не вывучала тэму на курсах ці трэнінгах, але шмат інфармацыі знайшла ў інтэрнеце. Першай “вопытнай пляцоўкай” стаў уласны ўчастак, дзе Марыя пражывае з сям’ёй. Потым – сад бацькоў Марыі і дапамога з заніраваннем прасторы сяброўкі.

– Я не дызайнер і не малюю прыгожыя малюнкі з экзатычнымі пасадкамі, – паясняе Маша. – Мая мэта – максімальна захаваць тое, што ўжо ёсць на ўчастку, але дадаць плану нейкі аб’ём і форму. Напрыклад, у маёй сяброўкі было высаджана шмат туй па перыметру і газон. Функцыянальна? Магчыма. Прыгожа? Спрэчна. Таму я прапанавала ёй варыянты, як можна зрабіць ландшафт больш дынамічным з улікам асаблівасцей тэрыторыі і магчымасцямі па ўходу за раслінамі. Але ж вывучыць нейкую графічную праграму было б варта. І сёння сады – менавіта тое, чым я б хацела займацца. Спадзяюся, мае паслугі будуць цікавыя тым, хто хоча не дызайнерскі стыль, а той, што блізкі да канкрэтнага чалавека. Але гэта пакуль перспектывы.

Бліжэйшым жа часам фея гартэнзій Марыя Абрамук чакае вас на пасадках фамільных дрэваў.
Сачыце за анонсамі.


  • фотарэпартаж з пасадкі фамільных дрэў  – тут
  • старонка Марыі – тут
  • абмен раслінамі “Rasliny” – тут
  • праект азелянення горада “Зялёная спадчына”- тут
  • падкаст з удзелам Марыі пра абмен раслінамі – тут