
У дзяцінстве было так проста пачаць сябраваць. Знаёмствы ўзнікалі спантанна, незаўважна, тэмы для размоў знаходзіліся лёгка, а часу заўсёды хапала. Але ў дарослым жыцці ўсё больш складана. Валерыя Цебрук – псіхалагіня, якая працуе ў гештальт-падыходзе і стваральніца серыі цікавых івент-знаёмстваў «speed friending».
У працы Валерыя прытрымліваецца класічнага фармату – дыялог з кліентам у кабінеце, але таксама любіць эксперыментаваць і арганізоўваць сацыяльныя мерапрыемствы.
«Актыўны лад жыцця і зносіны для мяне вельмі важныя – я люблю навізну, шмат часу праводжу на вуліцы, падарожнічаю, займаюся ёгай і бегам. Людзі – мая галоўная крыніца натхнення і ведаў. Акрамя таго, захапляюся кулінарыяй і вяду тэлеграм-канал з рэцэптамі – калі б не псіхалогія, магчыма, менавіта гэтым бы і займалася».
Раней у Берасці Валерыя арганізоўвала сустрэчы «Let’s Talk», дзе праходзілі абмеркаванні актуальных і хвалюючых тэм з псіхалагічным падтэкстам. Некаторыя з такіх мерапрыемстваў праходзілі ў фармаце пікніка, таму ідэя правесці «speed friending» улетку на свежым паветры з пікніком узнікла натуральна. Фармат «speed friending» першапачаткова з’явіўся ў Амерыцы як «speed dating» (хуткія спатканні), а пазней адаптаваўся пад сяброўскія знаёмствы.
Важна: праз замежную назву некаторыя думаюць, што сустрэчы праходзяць на англійскай мове, але насамрэч удзельнікі мерапрыемства гавораць па-руску.
«Я ўпершыню пазнаёмілася са „speed friending“ у Вільні, дзе для новых студэнтаў арганізавалі такую сустрэчу, і пасля яе ў мяне з’явілася шмат новых сяброў. У Берасці я таксама наведвала такое мерапрыемства ў фармаце жаночага клуба. Аднавіць і адаптаваць гэтую ідэю захацелася, калі я шукала спосабы знайсці сяброў у дарослым узросце. „Speed friending“ не абмежаваны па інтарэсах, што дазваляе пазнаёміцца з рознымі людзьмі, у адрозненне ад зносін на працы ці ва ўніверсітэце».
.
Першыя дзве сустрэчы былі без узроставых абмежаванняў, але па зваротнай сувязі стала зразумела, што ўдзельнікам складана знайсці агульную мову, калі ў іх моцная розніца ва ўзросце.
«Трэцюю сустрэчу я паспрабавала правесці з абмежаваннем па ўзросце, але планую вярнуцца да адкрытага фармату».
Часцей за ўсё прыходзяць людзі ад 18 да 35 гадоў – менавіта ў гэтым узросце часцей за ўсё ўзнікае патрэбнасць пашырыць кола зносін і знайсці новых сяброў.
«Мне ўвогуле здаецца, што такія мерапрыемствы падыходзяць усім, і асабліва тым, хто хоча завесці кампанію для сумесных прагулак, кавы і іншых актыўнасцей».
Канешне ж, для такога фармату сустрэч існуюць правілы, якія заснаваныя на класічных прынцыпах «speed friending», дапоўненых элементамі групавой тэрапіі, гэта дапамагае ўдзельнікам раскрыцца і адчуваць сябе камфортна.
Валерыя распавядае пра тое, як адбываецца сустрэча:
«Удзельнікі збіраюцца ў прызначаным месцы, і, пакуль чакаюць тых, хто спазняецца, адбываецца гутарка ў нефармальнай атмасферы. Затым я расказваю правілы, і мы пачынаем.
Я рассаджваю ўдзельнікаў па парах, у агульны чат адпраўляю першае пытанне для абмеркавання. На кожную пару даецца 5 хвілін, пасля чаго адзін чалавек застаецца на месцы, а другі перасаджваецца па руху стрэлкі гадзінніка. Так за некалькі цыклаў удзельнікі знаёмяцца адзін з адным.
У канцы мы дзелімся зваротнай сувяззю і кожны атрымлівае ў падарунак карткі з пажаданнямі».
Галоўныя прынцыпы праекта – жывая прысутнасць, кантакт, усвядомленыя зносіны і прыняцце сябе і іншых такімі, якія ёсць. Гэта дапамагае не проста пазнаёміцца, але і адчуць сябе пачутым і зразуметым.
«Пасля асноўнай часткі сустрэчы мы зладзілі пікнік і я прынесла псіхалагічную гульню „Шчырасць“. Яе мэта – праз пытанні з розных сфер жыцця лепш даведацца адзін пра аднаго. Удзельнікі распавядалі тое, што раскрывала іх інтарэсы і каштоўнасці, гэта садзейнічала больш глыбокаму знаёмству».
Многія людзі баяцца новых знаёмстваў і сустрэч, часта саромеюцца, але «speed friending» – івент, на якім інтравертам будзе камфортна. Валерыя зазначае: інтраверты звычайна спачатку трохі насцярожаныя, але дзякуючы структураванаму фармату і атмасферы, якая дае падтрымку, паступова раскрываюцца і атрымліваюць задавальненне ад зносін. Тут вялікую ролю грае тое, што на сустрэчы заўсёды ёсць тэма для абмеркавання, зададзеная арганізатарам, – гэта здымае няёмкасць і дапамагае пачаць размову.
Валерыя стараецца жыць тут і зараз, але, вядома, у яе ёсць ідэі і планы. Мэта на бліжэйшы час – праводзіць сустрэчы «speed friending» рэгулярна, прыкладна раз у месяц, магчыма, паспрабаваць і анлайн-фармат, каб зрабіць зносіны яшчэ больш даступнымі.
«Увогуле хачу знайсці і іншы ўстойлівы фармат тыпу групавой тэрапіі для пастаянных удзельнікаў. Мы б сустракаліся 1-2 разы на месяц… Але ад класічнага фармату я стамілася, таму думаю, як зрабіць гэта творча».
Нядаўна Валерыя захапілася маляваннем, так з’явілася ідэя арганізаваць сустрэчу з маляваннем чалавечых целаў, музыкай, жывымі зносінамі і інтэграваць туды псіхалагічныя веды ў сферы сэксуальнасці.
«У цэлым, мая мэта – рабіць мерапрыемствы, дзе людзі змогуць не проста знаёміцца, а адчуваць сябе пачутымі, прынятымі, натхняцца на новыя адкрыцці».
Наступная сустрэча плануецца 12 ліпеня ў 11.00 у такім жа фармаце: на прыродзе і з пікніком.