
Яе дзень распісаны па хвілінах, а то i па секундах. Нават на інтэрв’ю змагла выкраіць час у сем раніцы за сняданкам. А далей — кансультацыі, дыягностыка, пераезд у Мінск, дзе ўсё па крузе… Прыём да яе распiсаны на некалькі месяцаў наперад. Да такога жыцця Ганна Манцэвіч прывыкла, таму жорсткі тайм-менеджмент лiтаральна ратуе. А яшчэ — любоў да справы.
«У гэтым годзе я атрымала восьмы дыплом»
У гэтым няма ні грана лукаўства. Проста канстатацыя. Бацька з дзяцінства прывучыў маленькую Ганну да адной ісціны: як толькі мы перастаем вучыцца, пачынаецца дэградацыя. Дзяўчынка запомніла гэта на ўсё жыццё і працягвае здабываць новыя веды. І хоць дзейнасць нашай гераіні развіваецца ў адным кірунку — дапамога і падтрымка жанчын падчас цяжарнасці і пасля родаў, — навучанне кожны раз рознае. На кансультацыі да Ганны Манцэвіч прыязджаюць кліенты з усяго свету. Яна распрацавала ўнікальную методыку закрыцця дыястазу за адзін візіт. ( Дыястаз — гэта разыходжанне прамых мышцаў жывата, звычайна пасля цяжарнасці, што можа павялічваць рызыку грыжы.)
Але спачатку быў клуб цяжарных, якому ў гэтым годзе споўнілася 21 — па ўзросце сына. Са сціплых вячорак на кухні ён вырас у маштабны праект з сапраўднай камандай аднадумцаў, лекцыямі і буйнымі тым-білдынгамі для будучых мам. Калі працоўная дзейнасць Ганны сёння звязана з аднаўленнем пасля родаў, то прызначэнне клуба засталося нязменным — усёбаковая падтрымка цяжарных.
Па першай адукацыі Ганна Манцэвіч — медык. У грамадстве прынята лічыць, што цяжарнасць — гэта не хвароба, але будучыя мамы часта адчуваюць інакш. Ужо на стадыі цяжарнасці яны самі сабе не належаць, іх цела функцыянуе зусім па-іншаму, яно мяняецца не толькі звонку, але і ўнутры — нават запускаецца дадатковая сістэма кровазвароту, якая жывіць плацэнту. Не кожная можа справіцца з такой фізічнай і псіхалагічнай нагрузкай самастойна. Падтрымліваючае кам’юніці, лекцыі прафесіяналаў дапамагаюць будучым мамам падрыхтавацца да родаў і зменаў, якія адбудуцца ў жыцці са з’яўленнем дзіцяці.
— На першых сустрэчах было ўсяго пяць чалавек. Гэта адбывалася на маёй кухні. Дом, у якім мы жылі, быў невялікім, і мне трэба было размеркаваць час так, каб хатнія пайшлі па сваіх справах і нам не перашкаджалі. Вядома, мяне вельмі падтрымліваў муж, які займаўся дзецьмі і даваў мне час для самарэалізацыі.
Усяго ў Ганны Манцэвіч чацвёра дзяцей — сын і тры дачкі, адна з якіх прыёмная. Але Ганна адчувае, што патэнцыйна была гатовая на пяцярых, калі б не трагічныя абставіны. Праз два гады пасля афармлення апекі над прыёмнай дачкой, калі ёй толькі споўнілася 12, а малодшай дачцэ было сем, Ганна аўдавела. За плячыма — месяцы складанай адаптацыі сям’і, пачатак індывідуальнай практыкі кансультавання для самой Ганны, а пасля такой страты яшчэ адзiн удар: пагроза, што дачку вернуць у дзіцячы дом.
— Мне патэлефанавалі са службы апекі на наступны дзень пасля пахавання. Я растлумачыла, што хачу пакінуць дзіця. Хоць сама тады не ўяўляла, як у адзіночку змагу пракарміць пяцярых. Але выбару не было — устала і змагла. Не ведаю, што было ў маім голасе, але спецыяліст, які патэлефанаваў, зрабіў так, што мая дзяўчынка засталася са мной.
Усё, чым нас палохалі — што яна не зможа вучыцца нармальна, што максімум ёй свеціць вучылішча, — не пацвердзілася. Дачка скончыла універсітэт і паступіла ў магістратуру.
Увесь гэты час клуб будучых мам жыў сваім жыццём і развіваўся. З часам Ганна зразумела, што ўжо не спраўляецца ў адзіночку, так з’явілася каманда, якая займаецца падрыхтоўкай лекцый, мерапрыемстваў, вядзеннем сацыяльных сетак. Сустрэчы праводзяцца мінімум тры разы на месяц, з невялікім перапынкам у снежні, калі ідзе падрыхтоўка да традыцыйнага свята. Тады ўсе члены каманды перастаюць належаць сваім сем’ям: адное толькі ўпрыгожванне зала займае тры дні. На гэты час жанчынам трэба папярэдзіць сем’і, знайсці няньку для дзяцей… І ўсё гэта не прыносіць дывідэндаў — клуб быў і застаецца некамерцыйным праектам для Ганны. Але гэта тое, чым яна не перастае ганарыцца.
Сёння падобныя клубы пачынаюць стварацца ў іншых гарадах, Ганну Манцэвіч запрашалі ў Баранавічы і Мінск, каб яна перадала свой вопыт. Але берасцейскае кам’юніці застаецца самым старым і доўгадзейным у Беларусі. І хоць наведвальніцы лекцый пастаянна мяняюцца, некаторыя застаюцца ў клубе ўжо ў іншых ролях — валанцёрскіх.
— Я веру ў тое, што нічога не адбываецца проста так. І калі думаю, прымаць чарговы выклік лёсу ці не, то заўсёды яго прымаю. І часцей за ўсё гэта аказваецца правільным рашэннем.
Дзеці Ганны выраслі, раз’ехаліся па розных краінах, і сёння вельмі складана сабраць усю сям’ю разам. Але ў яе ёсць любімая справа, якая трымае яе ў раўнавазе, і захапленне — роварны спорт. Пракаціць 70 км на ровары для жанчыны — не праблема, а спосаб разгрузіць галаву. Часта яна катаецца са сваімі дарослымі дзецьмі. Праўда, сярод усіх пяцярых самая спартыўная — Ганна.
Наша інтэрв’ю доўжылася больш за гадзіну. Маглі б працягваць, але на вуліцы чакала таксі на запланаваную кансультацыю — час займацца справай, якую Ганна любіць.