
Як праводзіць выходныя?
Актыўна!
Напрыклад, у мінулую суботу можна было прыйсці да стадыёна «Брэсцкі», каб якасна прапрацаваць сваё цела разам з хлопцамі і дзяўчатамі з FYSM. Тыднем раней падобнае мерапрыемства прайшло на галоўным стадыёне краіны «Дынама» ў Мінску, прыйшло больш за 400 чалавек. Але Берасце «зрабіла» сталіцу – 336 удзельнікаў! Паспрабаваць новы напрамак прыехалі таксама аматары ёгі з Пінска, Лунінца, Кобрына.
FYSM (Fresh Yoga Synthesized Methodology, сінтэзаваная метадалогія ёгі) створана на базе класічнай хатха-ёгі і ўключае ў сябе набор вызначаных асан і медытацый, даступных для кожнага. Як FYSM прыходзіць у гарады Беларусі, расказаў Арцём Дуцнік:
— Мы спрабуем несці ў масы практыку ёгі, адаптаваную пад любую фізічную форму. Гэта не нешта складанае з інтэрнэту, а даволі простыя рухі, якія пры гэтым даюць адэкватную нагрузку для цела.
Галоўныя прынцыпы нашага напрамку — бяспека, эфектыўнасць, прастата́. Усё робіцца так, каб кожны рух быў правераны, а ўсе патэнцыйна небяспечныя элементы выключаюцца. Я сам пачаў займацца ёгай з болем у спіне, і менавіта ёга дапамагла мне ад яго пазбавіцца.
Гэтай акцыяй мы хочам паказаць, што ёга можа быць даступнай для ўсіх.
Варта азначыць, што ў Берасці стварыўся такі ажыятаж, што некаторыя ўдзельнікі прыходзілі… з бабулечнымі дыванамі замест спартыўных. Той выпадак, калі аргументы «супраць» не працуюць.
Сёння ў Берасці ёсць практык-выкладчык гэтага напрамку ёгі, да якога заўсёды можна звярнуцца. Паралельна FYSM пашырае колькасць настаўнікаў па рэгіёнах, праводзячы спецыяльнае навучанне з асаблівасцямі падачы матэрыялу i магчымасцю прасоўвання.
Акцыі ў Мінску, а потым у Берасці — гэта спроба прыцягнуць да руху як мага больш людзей. Ідэя знайшла водгук і ва ўлады: каб праводзіць заняткі, давялося арэндаваць стадыён.
— Месца ідэальнае, — упэўнены Арцём. — Газон каротка падстрыжаны, апрацаваны ад кляшчоў. Гэта ў разы лепш, чым калі б мы займаліся ў парку.
Берасце абраны ў якасці другога пункта для распаўсюджвання руху невыпадкова: сам Арцём родам з Дамачава, у абласным цэнтры два гады вучыўся, а потым пераехаў у Мінск. Цяпер плануецца правесці падобныя мерапрыемствы на стадыёнах у Гродна і Мазыры, а таксама паўтарыць сустрэчы ў Берасці (хутчэй за ўсё гэта ўжо пачатак жніўня ці ў самым канцы ліпеня) і Мінску (19 ліпеня). Сачыце за анонсамі!
*акрамя заняткаў афлайн з трэнерам, таксама эфектыўна можна займацца і анлайн.
А вы гатовыя пайсці на ёгу на стадыёне ў кампаніі яшчэ некалькі соцен удзельнікаў?
.
.