Будзь актыўным

Sonic Rave

Двор былой фабрыкі, платная паркоўка, якасны гук і жывыя выканаўцы – лепшы рэцэпт для ідэальнай вечарыны Sonic Rave. Здаецца, гэтую формулу разгадалі яшчэ ў мінулым годзе, калі Паша Ферэнц, Карэн Мельян і група аднадумцаў вырашылі арганізаваць яскравы летні канцэрт.

Лакацыя невыпадковая – гэта паркоўка за «Галерэяй Гранд», двор былой трыкатажнай фабрыкі «Элма». Увечары ў выхадныя дні машын тут няма, затое лёгка арганізаваць прапускную сістэму па квітках. У мінулым сезоне хлопцы правялі тры канцэрты, апошні з якіх сабраў тысячу гледачоў.

У гэтым годзе стартавалі 4 ліпеня і адразу ж яскрава – больш за паўтары тысячы чалавек прыйшлі паслухаць музыкаў, сустрэць знаёмых і проста добра адпачнуць.

А ў пляцоўкі з’явілася назва: цяпер гэта прастора «Фабрыка». Берасцю не хапала такіх індустрыяльных лакацый у стылі Санкт-Пецярбурга, і гэтая несправядлівасць паступова ліквідуецца.

— У гэтым годзе плануем таксама даць тры канцэрты, — распавядае Карэн. — Праект набірае папулярнасць, яго пазнаюць, людзі прыходзяць з большай лаяльнасцю. Гэта вельмі прыемна, але патрабуе вялікай адказнасці: падрыхтоўка да мерапрыемства заняла больш часу, мы імкнемся вывесці яго на больш высокі арганізацыйны ўзровень, дадаем спецэфекты.

Тым часам трапіць на канцэрт можна было па вельмі дэмакратычнай цане – 20 рублёў. А ізаляванасць прасторы ад жылых дамоў дала магчымасць затрымацца даўжэй, нават калі на горад апусцілася цемната (добрая падстава для светавых эфектаў).

І гэта было горача, трэба адзначыць. Танцы да ўпаду, жаданне працягваць да самай раніцы, поўны сінхрон артыстаў з настроем на пляцоўцы. «Берасце цудоўнае на вайбавыя мерапрыемствы», — гэта меркаванне з залы. І яно цалкам сінхранізавалася з думкамі ўсіх, хто прыйшоў гэтым вечарам у прастору «Фабрыка».

Sonic Rave – толькі адзін з буйных праектаў берасцейскіх арганізатараў. Паша Ферэнц, хедлайнер гэтага вечара, актыўна выступае сольна і з’яўляецца амбасадарам аўтарскай музыкі (пра гэта чытайце ў нашым інтэрв’ю з ім некалькі месяцаў таму). Хлопцы стварылі ўласную музычную школу з неакадэмічным падыходам да навучання, і, хто ведае, праз колькі сезонаў мы можам пачуць на пляцоўцы новыя галасы.

Sonic Rave абавязкова паўторыцца яшчэ і напоўніць гэта пякучае п’янячае лета музыкай і настроем.
Сачыце за анонсамі.

 


  • старонка Sonic Rave – тут

  • падкаст з арганізатарам Sonic Rave Карэнам – тут