Будзь актыўным

Каціная няня

У Берасці з’явілася паслуга дагляду за кошкамі, калі гаспадары ў адпачынку.
Знаёмцеся: гэта Вольга. Год таму яна пераехала з Піцера ў Берасце і лічыць гэта лепшым рашэннем у жыцці.

Вольга гаворыць: турысты ведаюць летні Санкт-Пецярбург з белымі начамі, прыемным (хоць часам непрадказальным) надвор’ем і гісторыяй на кожным кроку. Але для тых, хто жыве там доўга, Піцер – гэта яшчэ і зіма, заўсёдны змрок з сярэдзіны восені, жыццё ў камуналцы…

Пераезд у маленькі горад не быў імпульсным рашэннем. Спачатку – візіты да сяброў, потым канікулы расцягнуліся на два месяцы, каб зразумець: гэта не выпадковы курортны раман з горадам, а доўгатэрміновыя адносіны. Вольга адчула, што Берасце вельмі нагадвае ёй Івана-Франкоўск, горад яе дзяцінства, дзе жылі бабуля з дзядулем.

— Калі я ўпершыню ехала ў тралейбусе з праспекта Машэрава на вуліцу Карла Маркса, унутры ўсё перакулілася – гэта быццам тыя самыя вулачкі з майго дзяцінства. Я праводзіла ў бабулі ўсё лета, а ў першым класе нават вучылася там цэлы год. У Піцеры ў мяне была праца, якую я любіла, але цяжкі клімат і агульная атмасфера мяне выматалі.

Да 35 гадоў Вольга спрабавала «быць як усе» і працавала пераважна ў офісе. Гэта стабільны (звычайна) заробак, адпускныя, выходныя і – смяротная нудота. Гэта быў не лепшы перыяд у жыцці, прызнаецца Вольга. Але выратавалі яе… каты.

Аднойчы яна пайшла працаваць у прытулак для катоў. Там яна зразумела дзве рэчы. Па-першае, праца ў прытулку – не зусім яе, таму што яна вельмі прывязваецца да жывёл і цяжка перажывае іх хваробы і страту. А па-другое, Вольга захацела працаваць менавіта з кошкамі. Так і з’явілася ідэя стаць «кацінай няняй» для тых, хто едзе ў адпачынак, але не ведае, на каго пакінуць сваіх чацвяраногых.

— Перш за ўсё я папрасіла знаёмых напісаць рэкамендацыі, каб ахарактарызавалі мяне як чалавека. Потым пайшлі першыя замовы, я аформіла самазанятасць, плаціла падаткі. Рэкламаваць паслугу амаль не прыйшлося. «Сарафаннае радыё» ў гэтым пытанні – лепшы спосаб прасоўвання.

З часам паслуга стала настолькі папулярнай, што праз два гады Вользе прыйшлося шукаць каманду. Піцер – горад вялікі, і аднаму чалавеку зручней збіраць замовы ў сваім раёне. Так каманда «катанянь» павялічылася да сямі чалавек. Вольга разумее: яе паслуга не ўнікальная, і з гадамі тых, хто даглядае жывёл падчас адпачынку гаспадароў, становіцца ўсё больш. Але нават зараз, калі яна пераехала ў Берасце, піцерская каманда працуе без збояў. Цяжкім часам быў каранавірус, калі ўсе паездкі спыніліся. Але і тады каманда не здавалася і працягвала працаваць.

— Каты звычайна вельмі перажываюць змену месца жыхарства, гэта для іх вельмі няёмка, — тлумачыць Вольга. — А тут яшчэ і гаспадары зніклі. У мае абавязкі ўваходзіла наведванне жывёл іх дома, кармленне, ласкі. Звычайна я прыходзіла адзін-два разы на дзень, заўсёды амаль у адзін і той жа час, каб каты разумелі: іх не кінулі. Яны ўжо чакалі мяне ля дзвярэй. Кожны паводзіў сябе па-рознаму: хто не злазіў з рук, а хто, як толькі падыходзіў час развітвацца, дэманстраваў, што я яму не патрэбна.

Год таму Вольга прыняла канчатковае рашэнне пераехаць у Берасце. Выстаўленне пакоя ў камуналцы на продаж (цэнтр горада, Петраградская старана), выбар кватэры ў Берасці, якая падышла па ўсіх параметрах, пераезд трох уласных катоў – на ўсё гэта пайшло некалькі месяцаў. І вось Вольга ўжо жыве ва ўласнай кватэры на першым паверсе на Кіеўцы, сярод прыватнага сектара.

Кожны з яе катоў – з гісторыяй. Адзін адбракаваны па пародзе, другому ўрачы не давалі ніякіх гарантый на жыццё, а яму ўжо больш за дзесяць. І тут, у Берасці, Вольга пачынае з нуля сваю любімую справу – быць «кацінай няняй».

Паслуга пагадзінная. Часта даглядаць за катом просяць, калі ад’язджаюць у камандзіроўку ці ў адпачынак. Але хапае і заказаў на пару дзён, калі гаспадарам трэба ад’ехаць, а пакідаць ката ў знаёмых не хочацца. У абавязкі «катаняні» ўваходзіць прыйсці, праверыць напоўнік, дадаць ежу, пагуляць. Звычайна на гэта дастаткова гадзіны ў дзень. Але да некаторых, па папярэдняй дамоўленасці, Вольга прыходзіць двойчы на дзень і на даўжэй.

— Заказаў пакуль не вельмі шмат, але яны з’яўляюцца. І зноў на дапамогу прыходзіць маё любімае «сарафаннае радыё» – сярод кліентаў пакуль мае знаёмыя і знаёмыя знаёмых. Пра сваё жыццё я шмат расказваю ў сваім тэлеграм-канале.

Аб пераездзе Вольга ні разу не пашкадавала – як 17 гадоў таму не шкадавала, што перабралася з Падмаскоўя ў Піцер, хаця многія запэўнівалі, што яна там доўга не вытрымае. Вольга супала з Берасцем на сто адсоткаў. Нават мама, якая прыехала ў госці, сказала, што разумее яе выбар. Справа за малым – зрабіць так, каб хобі засталося любімай працай.

 
 


  • старонка Вольгi – тут