Будзь актыўным

Ёга + Гарбата

Жыццё мітуслівае, хуткае і бесперапыннае, мы спрабуем паспець як мага больш. Зараз усё мае высокі тэмп, асабліва ў гарадах, але важна знайсці час адпачыць, адчуць гармонію і еднасць з целам, знайсці час для сябе сярод імклівай паўсядзённасці. Менавіта спосаб рэлаксу, спосаб паразмаўляць з сабой прапануюць Ліза і Крысціна – стваральніцы івента «Ёга + гарбата».

Ужо больш за пяць гадоў Крысціна практыкуе ёгу. У нейкі момант яна адчула, што хоча дзяліцца тым станам яснасці, цішыні і ўнутранай апоры, які прыходзіць праз практыку. Цяпер Крысціна вядзе заняткі, як індывідуальныя, так і групавыя, і стараецца рабіць ёгу даступнай, мяккай і глыбокай. Дзяўчыне важна, каб заняткі былі не пра форму, а пра адчуванне і сумленны кантакт з сабой.

Ліза ўжо 5 гадоў працуе па спецыяльнасці фармацэўткай, аддае перавагу сілавым трэніроўкам у трэнажорнай зале, захапляецца вывучэннем азіяцкай культуры. Яна мастачка і крэатарка і ўвогуле за любы цікавы рух.

Увесну Крысціна з Лізай сустрэліся на прыродзе, Крысціна правяла заняткі па ёзе, а Ліза пачаставала Крысціну гарбатай, распавядала пра гатункі, уласцівасці, пра тое, што смак можна пражыць целам, адчуваннем. У той дзень нарадзілася ідэя аб’яднаць практыкі.

«Ёга, гарбата і прырода – разам яны сталі чымсьці большым, чым проста ёга і проста чаяванне. Гэта партал у запаволенне, у цішыню, у адчуванне», – распавядае Крысціна і падкрэслівае:

  • Ёга дапамагае адчуць цела, запаволіцца, вярнуцца да сябе.
  • Прырода ўключае жывое сумленнае ўспрыманне.
  • Гарбатадае магчымасць па-сапраўднаму быць у моманце.
  • Такі фармат дапамагае зменшыць трывожнасць, паляпшае ўвагу і дае ўнутраны спакой, які застаецца надоўга.

На сустрэчы няма ніякіх строгіх правілаў, арганізатаркі наадварот хацелі зрабіць практыку максімальна беражлівай і адкрытай для ўсіх. Прыходзіць можа любы. Ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі не трэба. Гэта асабліва падыдзе тым, хто:

  • хоча выдыхнуць пасля напружаных будняў,
  • шукае спосаб перазагрузіцца,
  • цікавіцца практыкамі ўважлівасці,
  • адчувае патрэбу зазірнуць унутр сябе і лепш зразумець, што з ім адбываецца.

«Ёга ў гэтым фармаце мяккая, цялесна ўсвядомленая. Мы не імкнемся да ідэальнай позы, мы даследуем адчуванні і вучымся быць беражлівымі да сябе», – гаворыць Крысціна.

Сярод паўсядзённых спраў і заняткаў мы часта п’ем гарбату хутка, паспешліва, не можам удумацца, запаволіцца і атрымаць асалоду ад моманту. На івэнце «Гарбата + ёга» удзельнікі маглі сапраўды паспрабаваць пагрузіцца ў чайную цырымонію, падарыць сабе гэтую сустрэчу са сваім целам і душой.

Крысціна лічыць, што гарбата – не проста напой, гарбата – гэта мастацтва запаволення, гэта ўвага да жыцця і да моманту. У японскай традыцыі яго завуць «цядо» – «Шлях чаю». Шлях да сябе – праз водар, густ, паўзу і праз нешта простае. Падчас цырымоніі госць не спяшаецца піць: спачатку ён адчувае цеплыню кубка ў далонях, удыхае водар, заўважае, як змяняецца ўспрыманне. Гэта нефармальная, але глыбокая практыка – спосаб выказаць падзяку сабе, моманту, жыццю».

Ліза ўвесь час эксперыментуе з фарматамі, каб зрабіць іх даступнымі для ўсіх, і ў першую чаргу камфортнымі, такім чынам спрабуючы расказаць пра мастацтва гарбаты і чайнай цырымоніі праз практыку ёгі, праз маляванне і г. д. Без снабізму, але з дабрынёй да ўсяго. Часта людзям прасцей зразумець новае на прыкладзе чагосьці добра знаёмага.

«Я ні ў якім разе не называю сябе чайным майстрам, мне больш звыкла казаць пра сябе як пра чайнага энтузіяста-аматара, таму што я ўсё яшчэ ў пачатку гэтага доўгага і займальнага шляху, нават вандроўкі, і мне неабходна яшчэ шмат чаго даведацца, многае вывучыць, нягледзячы на ўжо атрыманы багаж ведаў. Практыка чайных цырымоній не толькі для сябе і сяброў, але і для незнаёмых людзей, якіх я сустракаю ўпершыню, – гэта бясцэнны вопыт у вывучэнні гарбаты і паляпшэнні навыкаў яе прыгатавання», – так гаворыць Ліза, якая «адказвае» за чайную цырымонію.

Кожны чалавек закладвае нейкі сэнс ў тое, што ён робіць, і для Крысціны філасофія івэнта вельмі простая: быць. Быць у целе, быць у моманце, быць у цішыні. Ёга і чайная цырымонія здаюцца рознымі практыкамі, але сутнасць у іх адна – быць у сучаснасці.

«У ёзе мы запавольваемся, каб адчуць цела. У чайнай цырымоніі, каб адчуць смак. І там, і там мы вучымся заўважаць тонкія адчуванні, быць унутры працэсу, слухаць сябе без спешкі».

Ліза ўпэўненая: вопыт важней за памылкі. Яна лічыць, што ў гарбаты можна шмат чаму навучыцца, за ўважлівым назіраннем за маленькім імправізаваным тэатрам на чайнай дошцы ў галаву часцяком прыходзяць адказы на самыя нечаканыя пытанні.

«Мне падабаецца марудлівасць рытуалу, яна дазваляе сканцэнтравацца на адным канкрэтным дзеянні, што асабліва важна ў нашым шматзадачным свеце. Гэта само па сабе выдатна прыбірае трывогу і дазваляе сабрацца з думкамі, не кажучы ўжо пра карысныя ўласцівасці гарбаты. Мне падабаецца, як людзі па-рознаму знаходзяць сябе ў гарбаце, як па-рознаму чуюць водар, наколькі розныя асацыяцыі і ўспаміны ўзнікаюць падчас дэгустацыі. У рэшце рэшт, дэгустацыя гарбаты – проста надзвычайны спосаб праводзіць час з сябрамі: цвяроза, весела і карысна».

Крысціна падкрэслівае, што мерапрыемства платнае, але арганізатаркі спецыяльна зрабілі кошт максімальна даступным, каб як мага больш людзей маглі паспрабаваць гэты фармат і адчуць яго эфект. Ліза дадае, што сустрэча ўсё ж патрабуе выдаткаў на добрую гарбату, на ваду, на пачастункі (арэхі/фінікі і г. д.), на друк паштовак для кожнага ўдзельніка, на тое, каб прыехаць, ну і ў рэшце рэшт на сілы, якія сыходзяць на арганiзацыю.

«Дзесьці давядзецца замовіць яшчэ партыю гарбаты, дзесьці тэрмас абнавіць. Справа, па вялікім рахунку, для душы. Хочацца, каб сустрэчы былi даступныя кожнаму жадаючаму. Выдатна было б у цэлым стаць кропкай аб’яднання ўсіх чайных фанатаў Брэста, абменьвацца досведам і аповядамі пра любімую гарбату і ўсё такое».

«Мы хочам працягваць развіваць гэты фармат і рабіць яго яшчэ больш жывым, глыбокім і даступным. Наша мэта – ствараць беражлівую прастору для аднаўлення, усвядомленасці і вяртання да сябе. Каб гэта было не проста мерапрыемства на адзін вечар, а маленькі шлях да сябе. Праз цела, гарбату і цішыню», – дадае Крысціна.

«Мы адназначна плануем паўтараць. Асабліва калі стабілізуецца надвор’е. Хочацца, каб такія сустрэчы сталі добрай традыцыяй».


Анонсы публікуюцца ў інстаграм: