Дзецікава & co

Адчуць горад з праектам “Urban-школа”

Вялікая колькасць беларусаў зараз жыве ў горадзе, дыхае яго паветрам і акунаецца ў яго атмасферу, але што мы ведаем пра горад і яго праблемы? Ці можна вывучыць горад? Пазнаёміцца з ім? «Так» -адказвае Вячаслаў – студэнт 4 курса БрДУ імя А.С. Пушкіна спецыяльнасці «урбаналогія і сіці-менеджмент» і заснавальнік адукацыйна-даследчага праекту Urban lab 11.

«Крыху больш за год таму мы правялі першае буйное мерапрыемства – «Студэнт на адзін дзень», пасля гэтага, натхняючыся замежным вопытам, мы вырашылі развівацца далей, а лета – ідэальная пара для такога аб’ёмнага і доўгага фармату. (якраз канец сесій і практык у студэнтаў, так што змаглі вылучыць час на арганізацыю і правядзенне)»

Фармат школы – гэта мікс тэорыі і практыкі, але з упорам на даследаванні. У мінулым годзе ўдзельнікі адзначылі, што больш за ўсё запомніліся выхады ў горад, таму сёлета праграма была больш палявой, падчас заняткаў дзеці не проста слухаюць лекцыі, а самі вывучаюць горад, аналізуюць праблемы і прапануюць рашэнні.

Тыдзень працы дае магчымасць пагрузіцца у кантэкст, паказаць розныя магчымасці таго, як можна глядзець на горад, даследаваць яго. У той жа час удзельнікі не адчуваюць стомленасці і дыскамфорту, а заняткі плаўна ўпісваюцца ў іх вакацыі, што таксама вельмі важна, бо ўлетку самае галоўнае – адпачываць.

«Тэма гэтага года «Падлеткі ў горадзе» была выбрана пасля доўгіх абмеркаванняў. Мы зыходзілі з таго, што дзеці атрымліваюць дзіцячыя пляцоўкі, дарослыя могуць карыстацца рознымі платнымі сэрвісамі, а падлеткі аказваюцца ў своеасаблівай сляпой зоне. Многія гарадскія прасторы іх проста адштурхваюць – выганяюць з гандлёвых цэнтраў, не прадугледжваюць камфортных месцаў для сустрэч. Пры гэтым менавіта падлеткі ўжо маюць свабоду перамяшчэння, але не маюць дастатковых рэсурсаў для арганізацыі вольнага часу.» – адзначае Вячаслаў і дадае: Усё, што трэба было для ўдзелу – жаданне і запоўненая форма рэгістрацыя.

 

У гэтым годзе практычна ўсе ўдзельнікі трапілі ў школу праз аб’яву ў тэлеграм-канале «Першыя Урбанолагі».



«Магчыма, па гэтым мы ва ўсіх убачылі зацікаўленасць і гатоўнасць прыехаць на школу нават з іншых гарадоў. Правяралі мы гэта праз пытанні ў форме рэгістрацыі, якія былі накіраваны на тое, каб зразумець наколькі чалавек зацікаўлены і даведацца пра яго досвед узаемадзеяння з тэмай і праблемай школы.»

Калі казаць пра Urban-школу, то спецыяльных ведаў не патрабуецца: тут вучаць усяму ў працэсе. Важная цікавасць да тэмы і жаданне разбірацца ў гарадскіх працэсах. Праект менавіта для тых, хто хоча зразумець, як уладкованы горад, і паўплываць на яго развіццё.

Цяпер усе астатнія фарматы разлічаны на шырокую аўдыторыю, у апісанні да мерапрыемстваў ёсць папярэджанне, калі івента плануецца толькі на школьнікаў ці на студэнтаў. Гэта звязана толькі з камфортам удзельнікаў, каб усе маглі адчуваць сябе свабодна і не баяліся нешта прапаноўваць і рабіць падчас групавой працы.

Сёлета ўдзельнікамі сталі 9 старшакласнікаў – не толькі з Брэста, але і з Пінска, Жабінкі і Маладзечна. Сем удзельнікаў асвоілі праграму школы, абаранілі свае праекты і атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў.

«Калі казаць пра філасофію нашых фарматаў, звязаных з даследаваннямі гарадскога асяроддзя жыхарамі, то тут усё даволі проста: горад – гэта не набор будынкаў і дарог, а складаная сістэма, у якой штодня разгортваецца жыццё. Мы верым, што прастору можна праектаваць разам з тымі, хто ў ёй жыве, вучыцца, працуе, гуляе і сталее. Не вялікі спецыяліст за сталом павінен вырашаць, дзе будзе лавачка, а сам жыхар – таму што ён ведае, дзе яна сапраўды патрэбна. Гэта найперш пра супрацоўніцтва і сумеснае развіццё горада.»

У планах «Урбан-школы» – развіваць існуючыя фарматы, выходзіць на новую аўдыторыю і сістэматызаваць існуючыя напрацоўкі.