
Бацькоўства гэта заўсёды даволі складана, а бацькі асаблівых дзяцей кожны дзень сутыкаюцца з вялікай колькасцю праблем і выклікаў, таму вельмі важна знайсці час і магчымасць вырвацца з кола паўсядзённых клопатаў, правесці рэтрыт.
«Ідэя прыйшла вельмі спантанна, менавіта з мэтай рэалізацыі рэтрыту. Я доўга думала, што магло б стаць цікавым і карысным бацькам асаблівых дзяцей. Вырашыла звярнуцца з такім пытаннем у першую чаргу да сябе, таму што я таксама выхоўваю дачку з асаблівасцямі і знаходжуся ў клубе «Без межаў». Адказы прыйшлі амаль адразу. Я вылучыла свае самыя болевыя кропкі, якія патрапілі сапраўды ў такія ж кропкі іншых удзельнікаў. Фармат меркаваў перазагрузіць эмацыйны стан, плюсам узяць практычныя рэкамендацыі ў сваё далейшае жыццё.» – расказвае Ганна Мостыка, арганізатарка мерапрыемства.
Планаваўся рэтрыт з удзелам 38 чалавек, але напярэдадні людзі сталі адмяняць свае запісы. У выніку было 14 мам з клуба, і адну маму Ганна запрасіла асабіста, яна таксама выхоўвае дзіця з інваліднасцю.

«У першую чаргу вельмі хацелася вырваць аднаго з бацькоў са звыклага, не заўсёды радаснага жыццёвага кола: дзіця з дыягназамі, рэабілітацыі, заняткі, побыт, сацыяльная (часцей за ўсё) ізаляцыя. Пераключыць увагу на сваю ўласную асобу. Вярнуць веру ў сябе, вярнуць сабе апору, адчуць падтрымку іншых.»
Мерапрыемства праходзіла ў ФАК Энергія, пасёлак Мухавец.
Было арганізавана апытанне бацькоў клуба, якое мела на мэце вызначыць, што ім важна, які боль і якія праблемы ў іх ёсць. Гэта пацвердзіла правільнасць выбраных тэм, дапамагло дакладна вызначыцца з тэмамі трэнінгаў. Таксама заснавальніца клуба «Без межаў» дапамагала ўзгадняць праграму мерапрыемства са спікерамі. Муж дапамагаў з пытаннямі лагістыкі, закупак. На самім мерапрыемстве ўсе дзяўчынкі актыўна дапамагалі арганізаваць кава-паўзу. Запрошаныя спікеры распрацавалі свае трэнінгі з улікам мэт мерапрыемства.

Быў арганізаваны ўдзел 4 спікераў: дзіцячага псіхолага, псіхолага, нутрыцыёлага і інструктара ёгі. Напрыканцы вечара адбыліся нефармальныя зносіны за сталом з шашлыком і пачастункамі, танцы з самаварам і паляванне на камароў, удзельнікі знялі некалькі трэндаў для цік-ток.
Мерапрыемства прайшло вельмі атмасферна, у сяброўскай, давернай абстаноўцы. Трэнінгі былі пабудаваны такім чынам, каб усе ўдзельнікі прымалі самы актыўны ўдзел у кожным. Гэта значыць, кожны быў у цэнтры ўвагі, і ўсе былі пастаянна ўключаны ў працэс. Тут кожны змог быць сапраўдным, без страху быць незразуметым ці не прынятым.

Чалавеку патрэбны чалавек. Калі мы разам, калі мы побач – усе жыццёвыя нягоды пераносяцца прасцей і спакайней – такая філасофія клуба «Без межаў», якая добра ўвасабляецца на практыцы і дапамагае бацькам асаблівых дзяцей знайсці сілы і энергію для таго, каб рухацца далей.
Ганне спадабалася быць арганізатаркай такога рэтрыту:
«Мне здаецца, што я справілася «на выдатна», нягледзячы на тое, што гэта быў мой першы досвед) Я планую падумаць над правядзеннем падобных мерапрыемстваў з нейкай рэгулярнасцю. Пашырыць колькасць спікераў і сам маштаб. А можа, і такія камерныя сустрэчы таксама будуць.»
Інстаграм-старонка клуба актыўных бацькоў асаблівых дзяцей

