У паўсядзённай мітусні часта бывае важна знайсці рэлакс, навучыцца нечаму новаму і цікаваму, а таксама пабыць у гармоніі з сабой і з навакольным светам.
У гэтым берасцейцам могуць дапамагчы розныя мерапрыемствы, іх шмат і кожны можа выбраць на свой густ, трэба толькі пашукаць.

Так, адным з такіх мерапрыемстваў, накіраваных на пошук прыгажосці і гармоніі, на развіццё сузіральнасці і любові да прыроды стаў майстар-клас па зборы траў, які праходзіў у выдатным маляўнічым месцы ў Залессі. Майстар-клас складаўся з 2 частак. «Спачатку мы з удзельнікамі адправіліся на шпацыр і збор траў. Я расказвала пра кожную расліну, якая сустракалася нам на шляху. Удзельнікі даведаліся шмат новых раслін: крынічнік дуброўка, крынічнік каласісты, рэпік, палын шызы, сіняк звычайны… Пагаварылі крыху пра іх лекавыя ўласцівасці. Да канца прагулкі ў кожнага быў поўны кошык траў і кветак.» – распавядае Ірмера (Вольга Асмалоўская), якая і правяла ўдзельнікаў у цудоўную краіну кветак і траў.

Другая частка мерапрыемства – выраб кветкавага інтэр’ернага вянка. Спачатку была зроблена аснова з крафт-паперы, а затым, выбіраючы расліны, удзельнікі сталі напаўняць свае вянкі кветкамі і травамі.

«Ва ўсіх удзельнікаў атрымаўся свой асаблівы вянок. У кагосьці – манахромны і спакойны, у кагосьці – яркі і стракаты. У канцы майстар-класа ў кожнага быў свой, уласны вянок як адлюстраванне сябе, свайго характару, унутранага свету, бо заўсёды тое, што мы робім рукамі, ідзе знутры.»

Майстар-клас дазволіў гасцям сустрэчы знайсці прыгажосць і даведацца нешта цікавае.

Старонка Ірмеры ў Інстаграм, на якой вы можаце даведацца шмат новага і казачнага.


