Dzeцікава і co

Магія блакітных цудаў: майстар-класы Ірмеры

 

Цыянатыпія – гэта вельмі цікавы спосаб манахромнага фотадруку сярэдзіны XIX стагоддзя. Адбіткі, выкананыя ў гэтай тэхніцы, маюць характэрны насычаны сіні колер, вядомы як «берлінскі блакіт». Наносіць такія малюнкі можна як на тканіну, так і на паперу.

Менавіта гэты незвычайную магію выкарыстоўвала Ірмера (Вольга Асмалоўская) для стварэння прыгажосці падчас правядзення сваіх нядаўніх майстар-класаў.

 

«Такія майстар-класы я праводжу час ад часу. У гэты раз мы выкарыстоўвалі лістоту тых дрэў, якія высадзілі гэтай вясной на набярэжнай у гарадскім садзе, гэтак жа я сабрала дзікія травы і кветкі, якія раслі ў гарадскім садзе, паміж нашых дрэў. Майстар-клас праводзіўся ў студыі “Мандала”, дзе ў мяне знаходзіцца майстэрня» – дзеліцца Ірмера.

Асобна была група для маці-адзіночак і 2 змешаныя групы для жанчын, якія перажылі анкалагічныя захворванні і жанчын з арганізацыі донарства, дыяліз і трансплантацыя.

«Мы рабілі цыянатыпію і на паперы, і на тканіне. Хтосьці прыйшоў з шоперам, хтосьці спецыяльна па дарозе на МК купіў футболку ў краме, хтосьці рабіў цыянатыпію на акварэльнай паперы, каб потым павесіць у раме на сцяне, а хтосьці зняў з сябе футболку прама ў студыі, каб на ёй зрабіць цыянатыпію з дзікімі травамі.

Майстар-класы прайшлі на ўра. Ад такіх майстар-класаў я заўсёды атрымліваю вялізны эмацыйны зарад.»

Менавіта ў гэтых майстар-класаў быў дэвіз «Women support women» і ён быў выбраны таму, што на мэце была не толькі творчасць, але і жаданне аб’яднацца і падтрымаць жанчын. Многія ўдзельніцы дзяліліся сваімі гісторыямі і знаходзілі водгук у іншых жанчын, разумелі, што яны такія не адны, што праз любыя цяжкасці можна прайсці, галоўнае верыць, што ўсё магчыма і цуд здараецца.

Усе ўдзельніцы атрымалі бясцэнны вопыт, асалоду ад працэсу творчасці і ад прыемнай кампаніі, а ў выніку стварылі свае, цалкам унікальныя творы мастацтва, якія зрабілі іх жыццё трошкі прыгажэйшым.

Планы на будучыню у Ірмеры, як заўсёды, грандыёзныя: «падтрымліваць па меры сіл тых, хто мае патрэбу ў маёй дапамозе і навучыць людзей верыць у Цуд. Свет менавіта такі, якім мы яго прадстаўляем. Таму трэба навучыцца бачыць у ім добрае.»

Для таго, каб першымі даведвацца пра новыя івенты і цікавосткі, прапануем падпісацца на Інстаграм-старонку Ірмеры.