Лета, неба і… Кожны падставіць замест шматкроп’я сваё. Асабліва калі прыйдзе на канцэрт на даху Брэсцкага тэатра лялек. На фота – скрыпка ад Наталлі Руцкай і фартэпіяна ад Рамана Макарчука. Сачыце за анонсамі, музычныя вечары на даху яшчэ стаяць у афішах.

Ідэя належыць Ігарю Пашэчку, асобе музычнай і даволі медыйнай у нашым горадзе. Раней Ігар ужо ладзіў шэраг мерапрыемстваў з тэатрам, многія памятаюць, як на Будзенага здымаўся ў арэнду цэлы дом пад культурныя мерапрыемствы. Гэта зноў новы фармат, што можа данесці музыку да вялікага кола людзей.
Ігар і паведаміў, як ён нарадзіўся:
— Яшчэ ў COVID убачыў, што падобныя мерапрыемствы пачаў праводзіць у Расіі Аляксандр Разенбаум. Ідэя падалася цікавай, але я яе адклаў у памяці на нявызначаны тэрмін. І толькі зараз усё супала: наладзіўся поўны кантакт з кіраўніцтвам тэатра лялек, знайшліся артысты, якія жадаюць выступіць на даху, і, вядома, гледачы. Умяшчальнасць у нас невялікая, чалавек 70. Надвор’е гэтым летам не песціла сонцам. Адзін канцэрт урэшце прыйшлося пераносіць у памяшканне. Але ён усё роўна адбыўся, а ў гледачоў была магчымасць зрабіць маляўнічыя фота на фоне навальнічнага захаду сонца.



Канцэрт на даху – гэта больш пра атмасферу. Калі ўвечары праменні сонца дораць неверагодны вайб, бярэш сябровак і прыходзіш – не, не толькі за музыкай – за кропляй жыцця ў вулічнай мітусні.



Спецыяльна пад мерапрыемства наверх перабіраецца тэатральнае кафэ, так што гледачам не трэба адлучвацца, калі захочацца перакусіць.
— Дах спраектаваны так, што, нават калі гледач адыходзіць ад сцэны, каб зрабіць заказ у кафэ ці сфатаграфавацца, ён усё роўна можа назіраць за тым, што адбываецца ў музыкаў.





Ідэя настолькі прыжылася сярод гараджан, што ў жніўні пад «накрышнікі» былі заяўлены ўсе тэатральныя афішы выходнага дня: выступаў Уладзімір Віцебскі (PlumBum), праз тыдзень кавер-гурт «Груздзі», яшчэ пазней – Улад Філіпаў і Юрый Карагода (алды памятаюць такія калектывы як «Анегін» і «Слайды», дзе выступалі гэтыя артысты).
Ну а калі вы не паспелі пабываць ні на адным «Накрышніку», хутка прасіце паўтарыць падобнае мерапрыемства восенню – гэты каляндар яшчэ не свярстаны.





