«Мэта – не месца, а здольнасць глядзець на свет па-іншаму» – у гэтай фразе Генры Мілер мае сто адсоткаў рацыі. А берасцеец (дарэчы, толькі па прапісцы) Аляксандр Гіль перажыў падобнае на ўласным досведзе. Больш за дваццаць гадоў яго вабяць падарожжы. Вабяць настолькі, што ён арганізуе эксклюзіўныя туры па ўсім свеце.

Фатаграфія – яшчэ адно захапленне Аляксандра, i часам гэтыя два бакі жыцця арганічна аб’ядноўваюцца. Так нарадзілася выстава «Эўрыстычныя падарожжы», якая цяпер праходзіць у Выставачнай зале на Савецкай. Да выставы Аляксандр прымеркаваў некалькі творчых вечароў у фармаце «Пытанне-адказ». Адна з іх прайшла 27 жніўня. Свабодных месцаў у зале бібліятэкі імя А.С. Пушкіна не было. Пытанняў задавалася шмат.



Аляксандр мог абраць зусім іншы шлях. Выпускнік брэсцкага палітэха некалькі гадоў працаваў у найме, а пасля заснаваў будаўнічую фірму. У нейкі момант, па яго словах, перспектыва жыць «як усе» пачала яго душыць. Аляксандр сабраўся з духам і адправіўся ў сваё першае падарожжа ў складзе турысцкай групы, пасля – ў асабiстае. Захацелася паехаць яшчэ раз, потым яшчэ. У нейкі перыяд падарожжы так зацягнулі, што за год наш герой рабіў да дзевяці падобных выездаў – ужо ў групе такіх жа зацікаўленых. У той перыяд ён вяртаўся ў горад, скідаў заплечнік, праў вопратку, чысціў іншыя рэчы і збіраў іх нанова – настолькі шчыльным быў графік.


Паралельна ва ўсіх падарожжах рабіліся здымкі. Але і яны доўгія гады хаваліся ў архівах без якой-небудзь сістэматызацыі. Калі дайшлі рукі да здымкаў, іх было каля 600 тысяч! У яго здымках кожны бачыць нешта сваё. Хтосьці пытаецца, чаму фатаграфіі з Індыі такія дэпрэсіўныя.
Аляксандр пярэчыць:
– Самыя цяжкія краіны – афрыканскія. Прычым гарады, прыгарад. Там такая галеча, на якую балюча глядзець. Індыя ў мяне асабіста не асацыіруецца з дэпрэсіяй, хутчэй наадварот.




І адразу наступнае пытанне: якія гарады самыя любімыя. У Аляксандра гэта месцы, дзе ёсць каханне. І канкрэтызуе: Піцер, Кіёта, Каір (толькі не той Каір, у які возяць турыстаў з узбярэжжа Чырвонага мора, а той, у якім можна застацца), Мельбурн, Мумбаі, Сан-Францыска (там давялося жыць у самым «танным» квартале за шаленыя грошы; у іншых месцах арэнда была вышэйшая, а гэты раён, як высветлілася, аблюбавалі прадстаўнікі нетрадыцыйных меньшасцяў).


За сваё жыццё Аляксандр наведаў больш за 40 краін. І з кожнай прывёз свае эмоцыі. Усе яны адлюстраваны на здымках, якія сёння выстаўляюцца ў Берасці. У іх кожны ўбачыць адлюстраванне сябе, магчыма, захоча пашырыць свае гарызонты і вернецца дадому трохі іншым. Менавіта для гэтага і прыдумалі падарожжы.

