Больш за год кожны аўторак а 19.00 (зараз кожную сераду) група мастакоў і тых, каму проста цікава маляваць, збіраецца ў кавярні «Paragraph», каб паразмаўляць і зрабіць некалькі работ. Часам кожны малюе штосьці сваё, часам выбіраюць нейкую агульную тэму ці тэхніку.



Гэтая ідэя існуе ўжо некалькі гадоў, але ў нейкі перыяд ініцыятыва ставілася на паўзу. Другое дыханне і новы штуршок праект атрымаў, калi ў горад пасля падарожжа вярнулася знакамітая мастачка Ганна Радзько, якая прапанавала сабрацца зноў.
– Першы час мы спрабавалі ўнесці пэўны інтэрактыў, ладзілі розныя лакацыі – у музеях, парках. Але потым вырашылі, што кафэ – найбольш аптымальны для ўсіх варыянт, – расказвае Мікалай Іванюк, адзін з арганізатараў малявання. – Стол добры па шырыні, змяшчае ўсіх удзельнікаў. У нейкі момант вырашылі, што будзем сабірацца па фіксаваных днях, у аўторак, і ў адзін і той жа час. Так чалавек заўсёды будзе ведаць, дзе і калі знайсці калег.


Безумоўна, асноўны кантынгент, які тут збіраецца, – гэта творчыя людзі. Але наогул на «Утульнае маляванне» могуць прыйсці ўсе жадаючыя, у каго ёсць цікавасць. Праўда, не ва ўсіх хапае запалу навучыцца такому няпростаму віду мастацтва. Адзначана, што калі на сустрэчу наведваюцца Аня Радзько ці самы першы арганізатар малявальных паседжанняў Жэня Шчэрбач, нават звычайныя наведвальнікі пачынаюць маляваць лепш. Тут нават жартуюць, што творчыя людзі ўтвараюць нейронныя сувязі. А мо проста, калі адпускаеш сваю ідэю ў творчыя колы, яна насычаецца новымі ведамі і эмоцыямі.



Асноўны асяродак удзельнікаў пастаянна мяняецца: у кожнага ёсць праца, асабістыя клопаты, не заўсёды падыходзіць дзень. Наогул склад удзельнікаў вельмі разнастайны і насычаны. Час ад часу прапануюць рабіць вечары тэматычнымі – папрацаваць у новай тэхніцы, асвоіць цыянатыпію, як, напрыклад, на апошняй сустрэчы.






З боку кавярні пярэчанняў на сустрэчы няма. Але сярод мастакоў ёсць пэўныя правілы, напрыклад, жадальна выпіць хаця б адзін кубачак кавы за вечар і не пакрыўдзіць барыста чаявымі.
«Утульнае маляванне» – праект, поўны цяпла і любові.





