Дзецікава & co

FREE MARKET – знайдзі рэчам новы дом

Колькі ў вас непатрэбных рэчаў, выкінуць якія не падымаецца рука? Здаецца, што гэтыя рэчы яшчэ ў добрым стане і аднойчы спатрэбяцца, але пакуль што яны проста працягваюць ляжаць і займаюць прастору.

Выхад ёсць!

Фрымаркет (Freemarket) – гэта бясплатны рынак, крама або кірмаш, дзе кожны можа аддаць добрыя рэчы бясплатна і атрымаць тое, што даўно шукаў, не трацячы грошай.

FREE MARKET прайшоў 28 жніўня ў прасторы ДЭПО. І ў сувязі з вялікай колькасцю рэчаў, якія засталіся, было прынята рашэнне зрабіць яшчэ адзін, каб раздаць пакінутае. Гэты маркет адбыўся 5 верасня.

Фрымаркет – гэта ініцыятыва не толькі саміх арганізатараў, але і кожнага, хто прыняў рашэнне падарыць другое жыццё непатрэбным рэчам. Маркет прайшоў на базе прасторы ДЭПО і аб’яднаў вакол сябе вялікую колькасць актыўных, яркіх, нераўнадушных людзей, якія вырашылі сабрацца разам і абмяняцца рэчамі, а таксама сабраць грошы для дабрачыннасці.

Я даўно сама хацела патрапіць на фрымаркет, але яны праводзяцца вельмі рэдка і мне ні разу не ўдалося патрапіць. Вось я і падумала раз мне не атрымоўваецца патрапіць у якасці ўдзельніка, то патраплю ў якасці арганізатара 😁– гаворыць Наталля, адна з арганізатарак івента.

У асноўным крыніцай натхнення для Наталлі быў вопыт яе сяброўкі, якая арганізавала free-market некалькі гадоў таму; і кніга Мары Конда «Магічная ўборка».

Дапамагла адміністрацыя прасторы ДЭПО тым, што хутка адгукнуліся і ўзгаднілі мерапрыемства, а таксама тым, што далі неабходнае, у тым ліку памяшканне для захоўвання рэчаў паміж фрымаркетамі. Дапамог кожны, хто рабіў рэпост. Было таксама некалькі чалавек, якія дапамаглі збіраць рэчы пасля першага фрымаркета, а потым раскласці і зноў сабраць пакінутыя рэчы пасля другога фрымаркета.

«Не стамлюся дзякаваць гэтым людзям, самой было б доўга і складана»  – дзеліцца ўражаннямі Наталля.

Да апошняга быў страх, што ніхто не прыйдзе, ці людзі не прынясуць рэчы, а прыйдуць толькі каб узяць, а потым стала страшна, што наадварот не разбяруць рэчы і будуць складанасці з транспарціроўкі тых рэчаў, якія засталіся.

У выніку ўсё прайшло весяла і энергічна:

«Людзей і рэчаў было нашмат больш, чым я чакала. Атмасфера была прыязнай, нават калі двум людзям адначасова спадабалася рэч, яны ўсё роўна паспяхова дамаўляліся. Былі сабраныя ахвяраванні на суму 150,60 руб., якія ўжо залічаны прытулку Дабрыня, пра што зрабілі справаздачу на сваёй старонцы ў інстаграме. Шмат станоўчых водгукаў і падзяк і пытанняў «калі наступны?», а таксама просьбаў рабіць маркет на рэгулярнай аснове. Хоць мне ўсё яшчэ здаецца, што я нічога такога асаблівага не зрабіла, ідэя не новая, а арганізацыя дастаткова простая 😅»

Мерапрыемства мела на мэце даць магчымасць людзям пазбавіцца непатрэбных рэчаў, сабраць людзей, стварыць прастору для зносін і знаёмства з новымі людзьмі, але фрымаркет нават перасягнуў усе чаканні. Удзельнікі атрымалі шмат задавальнення ад зносін, ад таго, што іх рэчы набылі другое жыццё, і ад набыцця нейкіх цікавостак.

У планах на будучыню –  зрабіць фрымаркет рэгулярным мерапрыемствам, але для гэтага патрэбны рэсурсы. Магчыма, падчас арганізацыі івента спатрэбіцца дапамога валанцёраў, бо самае складанае ў фрымаркеце – гэта збор, транспарціроўка і перадача  рэчаў. Калі гэтае пытанне будзе вырашанае, то ў Фрымаркета ёсць будучыня 😊

Вы можаце падпісацца на Інстаграм-старонку Фрымаркета, каб першымі даведацца, калі будзе праводзіцца наступны івент.

А таксама на Інстаграм-старонку прасторы ДЭПО