Будзь актыўным

Вольны мікрафон для паэта

Тым цёплым восеньскім вечарам ва двары філармоніі было асабліва пяшчотна. Са сцэны лілася музыка, гучалі вершы. Так у Берасцi прайшоў першы вялікі вечар паэзіі «Вольны паэтычны мікрафон». Раней падобныя мерапрыемствы мелі месца, але ў сціплых маштабах – у кавярні «Параграф». На гэты раз арганізатарцы Ганне Ляўчук удалося зрабіць мерапрыемства больш разгорнутым.

«Я сама чалавек творчы, і разумею, што гэта такое – пісаць выключна ў стол. Таму аднойчы мне прыйшла ідэя сабраць паэтаў і музыкаў, якія падтрымліваюць паэтаў, каб разам паказаць сваю творчасць людзям і адчуць той вайб, калі цябе прызнаюць. У мяне самой была такая сітуацыя. Я пісала, але не было чалавека, які сказаў бы: не перажывай, усё будзе добра, я цябе падтрымаю. Таму я вырашыла стаць такім чалавекам для іншых».

Паводле задумы Ганны мерапрыемства было бясплатным. На творчы вечар Ганна запрасіла трох «хэдлайнераў» – Аліну Лапіну, Іру Пашэчку і Кірыла Сарокіна. Разам з імі выступалі менш вядомыя, але даволі цікавыя аўтары. Вечар дзяліўся на некалькі сэтаў, у перапынках на сцэну выходзілі музыкі.

Каб мерапрыемства адбылося, Ганне прыйшлося прайсці праз мноства узгадненняў. Але яно таго варта. Ва двары філармоніі – 250 пасадачных месцаў, i ўсе яны апынуліся занятымі, яшчэ колькі дзясяткаў гледачоў стаялі. Пры гэтым большасць сачылi за мерапрыемствам да самага канца.

«Да гэтага часу не ўсведамляю, што атрымалася, дырэкт у сацыяльных сетках завалены паведамленнямі, якія я працягваю разбіраць. Рэакцыі вельмі розныя, але больш станоўчых. У нас не было магчымасці правесці генеральную рэпетыцыю, мы моцна выбіліся з таймінгу. Але я вельмі ўдзячная ўсім аўтарам, якія ўвайшлі ў становішча і недзе падкарацілі сваё выступленне, каб не зацягваць мерапрыемства. Яно і так доўжылася больш за дзве гадзіны. Мы чулі адзін аднаго, ішлі на саступкі. Гэта вельмі каштоўна для мяне як для арганізатара. Таму я лічу, што мінулы канцэрт – сааўтарства 11 паэтаў і музыкаў».

З музыкамі таксама атрымалася добрая гісторыя. У наш час, калі асаблівую папулярнасць набіраюць каверы на вядомыя хіты, Ганне хацелася, каб выступілі хлопцы са сваімі аўтарскімі песнямі. Так яно і выйшла, гледачы слухалі якасную аўтарскую музыку.

На жаль, фармат мерапрыемства не дазволіў выступіць са сваімі творамі гледачам. Але Ганна ўпэўнена: такая магчымасць абавязкова будзе. Прынамсі, на іншых творчых сустрэчах заўсёды заставаўся час для вольнага мікрафона ўсім жадаючым. І жадаючых было дастаткова.