Такая магчымасць прадставілася ўсім, хто прыняў удзел у мерапрыемстве, арганізаваным у Брэсцкім археалагічным музеі «Бярэсце». Пачалося з выставы скульптур і графікі «Сувязь часоў», потым дзяцей чакаў захапляльны квэст «Займальная археалогія», а пасля дарослых запрасілі на нестандартную экскурсію – не па экспазiцыi, а вакол піраміды музея. Навуковы супрацоўнік расказаў, як і калі праводзіліся першыя раскопкі і што шукалі археолагі.



Многія ведаюць, што існаваннем «Бярэсця» мы абавязаны доктару гiстарычных навук прафесару Пятру Лысенка, пад кіраўніцтвам якога на месцы цяперашняга музея ў 1960-70 гадах праводзіліся раскопкі. Яму ўдалося выявіць старажытнае гарадзішча, якое і стала асновай будучага музея. Экспанаты, знойдзеныя ў раскопе, былі ўнікальныя, частка з іх (напрыклад, фігура шахматнага караля) перавезена ў вядучыя музеі Масквы, у Берасці ж засталася копія.



Рашэнне аб стварэнні музея было прынята не адразу, і толькі ў сакавіку 1982 года ён быў адкрыты для наведвання. Для Еўропы гэта ўнікальны музей, у першую чаргу тым, што нідзе болей не знойдзена старажытнае драўлянае паселішча, якое захавалася ў такім добрым стане. І сёння яно падтрымліваецца на дастаткова добрым узроўні.


Спробы адшукаць старажытную славянскую «Атлантыду» прадпрымаліся і раней: яшчэ ў міжваенны час археолагі спрабавалі знайсці тут сляды старажытнаславянскага селішча. Запісы пра гэта захаваліся ва ўспамінах польскага інжынера Томаша Жук-Рыжбіцкага. Пазней гэтыя запісы паслужылі асновай для пошуку фундаменту Берасцейскага замка. Праўда, пакуль беспаспяхова.


Самаму Пятру Лысенку таксама не ўдалося вырашыць адно з важных пытанняў: дзе знаходзіўся замак, пра які ёсць згадкі ў хроніках. У прысутных на экскурсіі была магчымасць пафантазаваць і выказаць здагадку пра гэта.


«Бярэсце» – больш чым проста археалагічны музей. Вялізная маса артэфактаў можа быць яшчэ схавана пад тоўстым пластом зямлі вакол. Ці атрымаецца іх адшукаць, пакажа час. А пакуль мы можам здзіўляцца і радавацца, наколькі нам пашанцавала, што ў нашым горадзе ёсць такі дзіўны музей.

